Тая пабудова, што звычайна малююць са значком радыяцыі, ні што іншае, як звычайная градзірня, дзе, акрамя пары, нічога не будзе.

Пра гэта і не толькі расказаў падчас прэс-тура на Беларускую АЭС галоўны інжынер станцыі Анатоль Бондар.

Сёння на Астравецкай АЭС працуе каля 4 700 рабочых, працы вядуцца адначасова на 119 аб’ектах.  На гэтых працах задзейнічаныя 34 арганізацыі, 24 з якіх – беларускія.

Як змяніўся Астравец

Яшчэ на пад’ездзе да станцыі разумееш, наколькі змяніўся і сам горад.

У Астраўцы будуюцца дамы для тых, хто працуе на станцыі, і іх сем’яў, пабудаваныя дарогі і чыгуначны пуць, які вядзе да АЭС.

На 2018 год запланаванае ўзвядзенне яшчэ шасці шматкватэрных дамоў.

Ні для каго не сакрэт, што Астравецкая АЭС знаходзіцца ў 20 кіламетрах ад горада, але вось што адбываецца там, унутры, малавядома для многіх.

У Астраўцы побач з прыгожымі шматпавярхоўкамі паўстаўць новыя дамы.

Дзякуючы таму, што прадстаўнікоў прэсы пускаюць на тэрыторыі, якія закрытыя для наведванняў, мы вам раскажам, што там адбываецца. Але перш чым туды трапіць, нам давялося здаць мабільныя тэлефоны ў камеры захоўвання і замацаваць каскі.

АЭС сёння

Працы на станцыі  ідуць і днём, і ноччу.

Падчас яе наведвання нам паказалі будынак рэактара і турбіны першага энергаблока, дзе цяпер актыўна вя­дзецца мантаж абсталявання; вучэбна-трэніровачны цэнтр, дзе спецыялісты адпрацоў­валі адну з магчымых няштатных сітуацый; камплектную  газавую размеркавальную прыладу, адкуль выпрацаваная на станцыі электраэнергія адправіцца ў энергасістэму Беларусі.

Сёння на энергаблоку №1 змантаваны корпус рэактара і ўсе чатыры парагенератары. Вядуцца падрыхтоў­чыя работы да зваркі галоўнага цыркуляцыйнага трубаправода.

Каля энергаблока ляжыць вялізная металічная “цюбецейка”. Гэта – верх вонкавай ахоўнай абалонкі. Яе ўсталююць на адзнацы 44 метры.

Будынак для размяшчэння рэактара.

Пра сістэму бяспекі распавёў галоўны інжынер станцыі Анатоль Бондар:

– Ахоўная абалонка – гэта ўнікальнае збудаванне, адносіцца яно да лакалізаванай сістэмы бяспекі. Таўшчыня – 1,8 метра, дыяметр 44 метры.  Дапаўняе яе пастка расплаву ак­тыў­най зоны. Знахо­дзіцца яна пад дном корпуса рэактара і прызначаная на выпадак запраектнай аварыі.

Анатоль Бондар расказаў, што нават гіпатэтычна ён не можа прывесці прыклад такой аварыі, пры якой спрацавала б пастка расплаву актыўнай зоны, бо таўшчыня самога корпуса рэактара дазваляе любой запраектнай аварыі застацца ўнутры корпуса. 

У турбінным цаху.

Металічная ж “цюбецейка” – гэта дах вонкавай абалонкі. Яна можа вытрымаць па­дзенне на яе самалёта вагой амаль шэсць тон, здольная абараніць корпус рэактара ад цунамі і землятрусаў.

У цяперашні момант ідзе выверка палажэння корпуса рэактара і парагенератараў па восях.

Корпус рэактара – гэта агрэгат вышынёй 11 метраў і дыяметрам 4,5 метра, важыць больш за 330 тон. Адхіленне корпуса рэактара па вертыкалі не можа быць больш за 1 міліметр.

Падрыхтоўка персаналу

Падрыхтоўцы персаналу, тых, хто будзе абслугоўваць электрастанцыю, ужо сёння надаецца вялікая ўвага.

Паколькі некаторыя пасады патрабуюць доў­гай падрыхтоўкі, вучоба пачалася задоў­га да таго, як атамная станцыя пачне працаваць.

У 2014-2015 гадах кадры для Беларускай АЭС вучыліся ў Расіі, а ад 2016 года на базе вучэбна-трэніровачнага цэнтра з двума трэнажорамі: поўнамаштабным  і аналітычным, які працуе тут жа, на Астравецкай АЭС.  

– На першым  энергаблоку  ўжо цалкам укамплектаваны персанал блочнага шчыта ўпраўлення, – распавядае Анатоль Бондар. – Гэта начальнікі змен блока, начальнік змен рэактарнага цэха, начальнікі змен турбіннага цэха, вядучы інжынер ўпраўлення рэактара, вядучы інжынер кіравання турбінай. Гэты персанал цяпер праходзіць вучобу на трэнажоры, які мадэлюе блочны шчыт кіравання.

У вучэбна-трэніровачным цэнтры.

Сёння заняткі ў вучэбна-трэніровачным комплексе праходзяць штодзённа. Не стаў выключэннем і той дзень, калі станцыю наведалі мы. У класе на тым самым поўнамаштабным трэнажоры займаліся будучыя спецыялісты.

Першапачаткова станцыя працуе ў штатным рэжыме, але калі раптам нешта здараецца, загараюцца датчыкі, уключаецца сігналізацыя. І па заданні спецыялісту трэба знайсці прычыну аварыі, далажыць і выканаць патрэбныя дзеянні.

Калі прычына аварыі не будзе выяўленая, то спрацуе аварыйная ахова, рэактар будзе спынены. Задача персаналу – не дапусціць гэтага. А калі дапусцілі, перавесці блок у бяспечны рэжым.

Бяспека Беларускай АЭС – наш галоўны прыярытэт

Намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міхадзюк (справа) і галоўны інжынер БелАЭС Анатоль Бондар.

Пасля наведвання будаўнічай пляцоўкі для журналістаў зладзілі прэс-канферэнцыю, на якой на пытанні адказваў намеснік міністра энергетыкі Міхаіл Міха­дзюк.

Аднак першае пытанне міністр сам задаў журналістам:

– Ці ўсё вам паказалі на станцыі з таго, што вы хацелі ўбачыць?

Калі казаць пра тое, што агучыў намеснік міністра энергетыкі падчас прэс-канферэнцыі, то тэзісна можна вылучыць наступнае:

1. Астравецкая АЭС забяспечыць 30% патрэбы Беларусі ў электраэнергіі.

Што тычыцца магчымага экспарту, то намеснік міністра адзначыў, што Беларусь і цяпер гатовая прадаваць электраэнергію.

– Пры гэтым БелАЭС будуецца ў першую чаргу для ўласных патрэб. Цяпер мы прадаём электраэнергію ў тым ліку Літве, – адзначыў Міхаіл Міхадзюк.

2. Столькі даследаванняў, колькі праводзіцца на Бел­АЭС, не праводзілі нідзе.

– Мы правялі беспрэцэдэнтна вялікі аб’ём даследаванняў па ўсіх напрамках, калі выбіралі пляцоў­ку для будаўніцтва, і гэта было адзначана экспертамі МАГАТЭ. Не толькі па сейсмалагічных, але і іншых напрамках працягваецца маніторынг. Місія МАГАТЭ ў студзені пацвердзіла, што абраная пляцоўка і праектныя рашэнні забяспечваюць адказ на ўсе знешнія пагрозы.

3. Беларусь і Расія дамовіліся пра пастаўку корпуса рэактара для другога энергаблока АЭС.

– У нас падпісанае дадатковае пагадненне да кантракта, якім прадугледжваецца, што для другога энергаблока генпадрадчык у кантрактныя тэрміны паставіць корпус рэактара, выраблены для Балтыйскай АЭС. Ён ідэнтычны, таму што Балтыйская АЭС праектавалася гэтак жа, як і Беларуская АЭС.

Аднак тэрміны пастаўкі корпуса рэактара пакуль невядомыя.

– Гэта пытанне двух-трох тыдняў. Яшчэ не дапрацаваная лагістычная схема.

Як працуе ядзерны энергаблок?

Існуе шмат разнастайных канструкцый ядзерных рэактараў, але ўсе яны маюць аднолькавыя элементы.

Галоўная частка любога ядзернага рэактара – актыўная зона. Менавіта ў ёй знаходзіцца ядзернае паліва і працякае ланцуговая рэакцыя дзялення ядраў урану. Пры ланцуговай рэакцыі вылучаецца велізарная колькасць цеплавой энергіі. Каб яе адводзіць, праз актыўную зону прапампоўваецца цепланосьбіт – у большасці энергетычных рэактараў цепланосьбітам служыць вада высокай ступені ачысткі.

Цяпло, якое перадаецца вадзе, выкарыстоўваецца для вытворчасці вадзяной пары. Пара паступае на паравую турбіну, якая круціць ротар электрагенератара – так і ўтвараецца электрычны ток.

Прынцып работы АЭС не з’яўляецца чымсьці ўнікальным – цеплавыя станцыі на вугалі і нафце працуюць па аналагічнай схеме: вада награваецца → ператвараецца ў пару → пара ідзе на турбіну → турбіна круціць ротар электрагенератара. Адрозненне ў тым, што на АЭС вада награваецца за кошт цеплавой энергіі, якая вылучаецца пры дзяленні ядра ўрану.

Начальнікі змены БелАЭС Андрэй Труноў і Мікалай Алесік прыехалі на работу ў Астравец з Украіны.

Чаму менавіта уран выкарыстоўваецца пры вырабе паліва для ядзернай энергетыкі?

Уран – адзіны элемент табліцы Мендзялеева, ізатоп якога сустракаецца ў прыродзе і добра дзеліцца павольнымі нейтронамі. Гэта неабходна пры стварэнні тэхнічных умоў для ланцуговай рэакцыі дзялення ў ­ядзерных рэактарах.

Такімі ўласцівасцямі валодаюць і некаторыя іншыя ядзерныя матэрыялы, аднак іх у прыродзе няма, яны могуць быць атрыманыя толькі з абавязковым выкарыстаннем тых жа ­ядзерных рэактараў. Таму такія ядзерныя матэрыялы прынята называць другаснымі, у адрозненне ад першаснага ўрану-235, які ў ядзернай энергетыцы нічым не замяніць.

Дзе размешчаныя ўранавыя радовішчы ў свеце?

Сумарныя сусветныя запасы ўрану ацэньваюцца велічынямі ад 5 да 11 мільёнаў тон. Лідары па колькасці запасаў – Аўстралія, Казахстан і ПАР.

За імі ідуць Намібія, Канада, Нігерыя, Узбекістан і ЗША.

Колькі АЭС у свеце?

Па дадзеных Міжнароднага агенцтва па атамнай энергіі, на пачатак 2014 года ў свеце налічвалася 438 энергаблокаў.

Неадназначнае стаўленне да АЭС

Хаця беларускі бок і запэўнівае ў бяспечнасці АЭС на Астравеччыне, у міжнароднай супольнасці стаўленне неадназначнае. Летась у сакавіку міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус заўважыў, што Беларусь не прытрымліваецца міжнародных норм бяспекі: “Беларускія ўлады не выказваюць гатоўнасці выканаць абяцанне наконт тэставання АЭС у неспрыяльных умовах”.

Летась 10 ліпеня на будоўлі Астравецкай АЭС адбылася аварыя: падчас спробы ўстаноўкі корпуса аднаго з рэактараў 330-тонная канструкцыя звалілася з вышыні ў некалькі метраў.