Мерапрыемства зладзяць у рамках праекта Еўрасаюза “Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь”.
На яго правядзенне Еўрасаюз выдзеліць каля 26 тысяч даляраў.
Паводле слоў старшыні Крывасельскага сельсавета Ірыны Супрановіч, добраўпарадкуюць бераг вадасховішча. Плануюць таксама набыць дзіцячыя пляцоўкі, у тым ліку для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі, пераносную сцэну, паставіць альтанкі.
На фестываль плануюць запрасіць арандатараў вадасховішча, якія прыгатуюць юшку з тых відаў рыбы, што водзяцца ў вадасховішчы.
Для дзяцей правядуць забаўляльныя праграмы, а для гасцей – канцэрт з удзелам бардаў і самадзейных артыстаў Вілейшчыны.
У мэтах арганізатараў – павысіць турыстычны патэнцыял Вілейскага раёна, далучыць насельніцтва да здаровага ладу жыцця і развіць на вадасховішчы інфраструктуру для вольнага часу і заняткаў спортам.
– Фестываль збярэ актывістаў і раскрые патэнцыял вадасховішча. А стварэнне дзіцячых пляцовак разнастаіць адпачынак. У далейшым мерапрыемства можа стаць штогадовым, – не выключае яна.
Ініцыятарамі мерапрыемства сталі грамадскае аб’яднанне “ЗОВіК” і Крывасельскі сельвыканкам.