Здарэнне адбылося ў адным з каледжаў Маладзечна, паведаміў афіцыйны прадстаўнік УУС Мінаблвыканкама Аляксандр Марчанка.

У перапынку паміж заняткамі двое 17-гадовых хлопцаў жорстка здзекаваліся з 16-гадовага аднакурсніка.

Пачалося ўсё з абразаў. Потым крыўдзіцелі схапілі юнака і пацягнулі яго да акна. Трымаючы ахвяру галавой уніз з вонкавага боку падваконня, зламыснікі пагражалі скінуць яго з другога паверха. Крыкі аб дапамозе прыцягнулі ўвагу іншых сакурснікаў, якія спынілі здзек.

Пра інцыдэнт паведамілі ў міліцыю. Распачата крымінальная справа па ч.2 арт.339 КК (хуліганства, здзейсненае групай асоб).

Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 6 гадоў.

– Абодва падазраваныя стаяць на ўліку і неаднаразова прыцягваліся да адміністрацыйнай адказнасці. Найбольш распаўсюджаныя правапарушэнні ў іх біяграфіі – дробнае хуліганства і распіванне спіртнога ў грамадскім месцы, – распавёў старшы ўчастковы інспектар ІСН Маладзечанскага РАУС Аляксандр Пушкарэвіч. – На гэты раз свае дзеянні падлеткі патлумачылі жаданнем пажартаваць.

Акрамя таго, адзін з фігурантаў справы абвінавачваецца ў крадзяжы ровара, які ён здзейсніў каля месяца таму. На час следства яму абралі меру стрымання ў выглядзе хатняга арышту. Аднак цяпер могуць заключыць пад варту. 

Паводле “Нашай Нівы”.