Цяпер для таго, каб паступіць на пэўныя спецыяльнасці ў педуніверсітэты, будзе дастаткова атэстата аб атрыманні агульнай сярэдняй адукацыі.

Пра гэта сведчыць пастанова №21 ад 16 сакавіка 2017. Дакумент апублікавалі на Нацыянальным прававым партале 14 красавіка. У ім зацвердзілі спіс педагагічных спецыяльнасцяў, пры паступленнi на якія асобы залічваюцца ва ўстановы вышэйшай адукацыі без уступных экзаменаў.

Але не ўсе. Такую льготу атрымаюць толькі абітурыенты, якія скончылі педагагічныя класы.

Ды і для іх не ўсё будзе так проста, як падаецца на першы погляд. Для паступлення ў дакуменце аб адукацыі павінны быць адзнакі не ніжэй за сем балаў па ўсіх вучэбных прадметах і адзнакі не ніжэй за восем балаў па профільных вучэбных прадметах.

Залічваць у педагагічныя ВНУ будуць пры наяўнасці рэкамендацыі педагагічнага савета ўстановы адукацыі, якую скончылі абітурыенты. А таксама па выніках гутаркі, якую правядуць у ВНУ.

 

Студэнты, якія паступяць такім чынам, будуць вучыцца на бюджэтнай форме навучання, але абавязаныя працаваць па размеркаванні не менш за пяць год пасля заканчэння ўніверсітэта.

Ці шмат педагагічных класаў у школах рэгіёна? Чым яны адрозніваюцца ад звычайных? І ці паўплывае льгота на выбар абітурыентаў?

Мы даведаліся, што педагагічныя класы або групы педагагічнай накіраванасці ў класе ёсць ва ўсіх раёнах нашага рэгіёна. У Вілейцы, напрыклад, пяць такіх класаў: па два – у першай і пятай школах і адзін – у другой гімназіі. Як бачыце, усе яны працуюць у гарадскіх школах. А вось у Маладзечне, наадварот, пяць педкласаў стварылі толькі ў сельскіх школах – два – у чысцінскай, па адным – у красненскай, турэц-баярскай і алёхнавіцкай.

Дырэктар вілейскай школы №1: у нашых педкласах – толькі дзяўчаты

Па словах дырэктара вілейскай школы №1 Іны Крышкоўскай, дагавор аб супрацоўніцтве з педагагічным універсітэтам імя Максіма Танка яны заключылі на пяць гадоў.

У школе працуюць два педкласы: дзясяты і адзінаццаты. На працягу двух гадоў яны наведваюць абавязковы факультатыў “Уводзіны ў педагагічную прафесію”. Акрамя гэтага, у дзясятым класе на паглыбленым узроўні вывучаюць рускую і англійскую мовы, у адзінаццатым – рускую і беларускую. Настаўнікі са школы наведваюць канферэнцыі і вібінары ва ўніверсітэце.

Фота з архіва РГ.

Фота з архіва РГ.

Калі стала вядома, што ў школе адчыняць педкласы, пра гэта расказалі на бацькоўскім сходзе. З вучнямі праводзілі гутаркі пра ўмовы паступлення ў такі клас. Сюды, як і ў любы профільны клас, неабходныя адзнакі “сем” і “восем” у пасведчанні за курс базавай школы. З вучнямі праводзілі псіхолага-педагагічную дыягностыку, каб высветліць, ці змогуць яны у будучым працаваць з дзецьмі.

Хочаш у педагагічны? Вучыся на сямёркі і васьмёркі і збірай партфоліа

У школе вучням з педкласа даюць максімальную магчымасць праявіць сябе ў працы з малодшымі. Старшакласнікі традыцыйна вядуць урокі ў дзень самакіравання ў кастрычніку, ладзяць рухомыя перапынкі, дапамагаюць у падрыхтоўцы выхаваўчых мерапрыемстваў.

Для паступлення ў педагагічную ВНУ выпускнікі збіраюць партфоліа – папку, дзе сабраныя граматы, дыпломы, публікацыі і іншыя доказы дасягненняў кожнага.

Фота з архіва РГ.

Фота з архіва РГ.

Іна Крышкоўская не думае, што льгота вельмі паўплывае на выбар педагагічнай прафесіі вучнямі. Па яе словах, у першай школе заўсёды быў высокі працэнт паступлення ў педагагічныя ВНУ. Абітурыенты бяруць мэтавыя накіраванні са свайго раёна. Гэта, з аднаго боку,  дае больш магчымасцей паступіць, з іншага, абавязвае маладога дыпламаванага педагога вярнуцца на Вілейшчыну.

– Паступаць на льготных умовах пасля педкласа не так проста, як падаецца, – кажа Іна Віктараўна.

Па-першае, не так проста скончыць школы на сямёркі і васьмёркі. Па-другое, трэба сабраць такое партфоліа, каб яно сапраўды ўразіла прыёмную камісію.

Да таго ж пры паступленні вучань павінны прадставіць разгорнутую рэкамендацыю педагагічнага савета школы. Ды і гутарку пры паступленні ўсё ж трэба прайсці.

Фота з архіва РГ.

Фота з архіва РГ.

Тым больш, педагог – не тая прафесія, куды варта паступаць толькі дзеля паступлення, лічыць дырэктар. Абітурыент, які ідзе ў педВНУ, павінны ўсведамляць, што пасля паступлення яму трэба вучыцца, а пасля працаваць з дзецьмі. А калі такога жадання няма, то навошта патрэбнае паступленне?

Вучаніца педкласа канца 1990-х: на экзаменах мы перажывалі стрэс

Адкрыццё педагагічных класаў – зусім не новая ініцыятыва. Яны працавалі ў некаторых школах у канцы 1990-х – пачатку 2000-х гадоў.

Алена Пастэрнакевіч, былая настаўніцы з Астравеччыны, вучылася ў такім класе.

Фота з архіва РГ.

Фота з архіва РГ.

Жанчына распавяла, што супрацоўніцтва з педагагічным універсітэтам было тады куды больш цесным. Некалькі разоў на год вучні тагачаснага педкласа ездзілі на начытку лекцый ва ўніверсітэт, а два разы на год здавалі экзамены.

– Для нас, вучняў з правінцыі, гэта быў стрэс, ды яшчэ які, – прыгадвае жанчына.

Разам з выпускнымі экзаменамі ў школе вучні маглі здаваць уступны экзамен ва ўніверсітэт. Калі здавалі яго “на выдатна”, то аўтаматычна станавіліся студэнтамі педагагічнага ўніверсітэта.

Фота з архіва РГ.

Фота з архіва РГ.

– Я не рызыкнула паступаць такім чынам, – кажа Алена і пайшла на філфак педагагічнага на агульных умовах. – А два хлопцы з майго класа здалі экзамен “на выдатна”. Ужо на школьным выпускным яны былі студэнтамі ВНУ. Як жа мы тады ім зайздросцілі!

Уладзімір Цанунін, настаўнік-пенсіянер: уступныя экзамены павінны быць

На думку настаўніка гісторыі, а цяпер пенсіянера, віляйчаніна Уладзіміра Цануніна пры паступленні на настаўніка ўсё ж павінны быць уступныя экзамены.

– Я ніколі сур’ёзна не адносіўся да тэставання, – кажа Уладзімір Яфімавіч. – Пасля прачытання тых пытанняў у мяне склалася ўражанне, што складальнікі тэстаў ні дня не працавалі ў школах.

Аднак уступныя экзамены павінны быць, перакананы былы настаўнік. А як жа абітурыент пакажа свае веда і здольнасці?

Колькасць педкласаў (груп) у школах рэгіёна

Горад

Колькасць класаў (груп)

Астравец

2 класы

Ашмяны

2 класы

Валожын

6 груп

Вілейка

5 класаў

Маладзечна

5 класаў

Мядзел

4 групы

Смаргонь

1 група