– Гэта вясковая дыскатэка, тут трэба лічыцца з мясцовымі, не рамсіць, – расказвае ды-джэй Сіні, або проста Яўген, які працуе тут амаль год.
– Пакуль прывыклі, да мяне таксама ўзнікалі пытанні, хто я такі і адкуль тут узяўся.
У суботу, 29 красавіка, “Рэгіянальная газета” вырашыла, што трэба з’ездзіць на дыскатэку ў Палачаны і пераканацца ў тым, ці байкі гэта, што не мясцовых там абавязкова б’юць.
Прыехалі мы а палове на дзясятую гадзіну вечара.
На ганку перад Домам культуры было шматлюдна.
Класіка жанру: пад ганкам стаіць машына, у ёй адкрыты багажнік, з дынамікаў гучна іграе музыка. Свая атмасфера.
Па праўдзе сказаць, ніхто нават не пацікавіўся, хто мы і адкуль.
Калі перад намі адчынілі дзверы на танцпляцоўку – адкрылася карціна маслам.
Пад песню “Віцю трэба выйсці” вытанцоўваў адзін хлопчык, узросту прыкладна сёмага класа.
Окей, самы час пагутарыць з ды-джэем, які працаваў спецыяльна для аднаго чалавека.
Яго завуць Яўген Сініковіч. Ён вучыцца на другім курсе ў маладзечанскім музычным каледжы. Яўген – флейтыст, удзельнік студыі эстрадных спеваў “Брава”.
– А жыву я ў Смаргоні, таму тут, у Палачанах, двойчы не мясцовы, – смяецца хлопец.
На пытанне, ці заўсёды ў клубе так “шматлюдна”, Яўген адказвае:
– На Новы год і іншыя святы збіраецца каля 300 чалавек. А цяпер, калі адключылі ацяпленне, народу ходзіць няшмат. Але так яно лепей, калі не збяруцца людзі, можна будзе раней паехаць дадому.
Пакуль мы размаўлялі з ды-джэем, па таго адзінага танцора прыйшоў, відаць, бацька. Хлопчык забраў з падваконня куртку і пабег.
– Папулярнасцю сярод наведнікаў карыстаюцца сучасныя хіты, тыя, што круцяць па музычных каналах. У мяне ўсе яны ёсць, таму паставіць песню, якую просяць, не складана.
І толькі пасля 10 гадзін вечара ў танцавальную залу пачала заходзіць моладзь.
Квіток на дыскатэку каштуе 1,5 рубля.
Танцавалі двума коламі.
Ды-джэй у мікрафон абвясціў, што сёння на танцпляцоўцы прысутнічае “Рэгіянальная газета”, і сапсаваў усю задуму патусавацца неапазнанымі.
Затое наведнікі ахвотна ішлі на кантакт.
Усё добра, людзей толькі няма
Напрыклад, Алена расказала пра тое, што прыязджае ў Палачаны з Яхімоўшчыны.
– Бывае, што ездзім у Маладзечна, але часцей усё ж такі сюды.
Дыскатэка ў Палачанах заканчваецца апоўначы.
– А потым, няўжо дадому?
– О, не, – працягвае Алена, пасля 12 ночы пачынаецца самае цікавае.
На пытанне, што такога цікавага пачынаецца пасля апоўначы, Алена загадкава прамаўчала. І пра тое, што было пасля, мы так і не даведаліся.
Іншая наведніца дыскатэкі – высокая 19-гадовая брунетка Дар’я. Яна прыехала з суседняй Яхімоўшчыны і прызнаецца, што пасля паўналецця стала на вясковай дыскатэцы рэдкай госцяй:
– Вы самі паглядзіце, як мала людзей, прычым сёння яшчэ больш-менш. Таму часцей збіраемся ў маладзечанскіх клубах ці барах. Толькі таму, што там шмат моладзі. Астатняе тут усё добра, асабліва ды-джэй – лепшых не бывае!
Якая вясковая дыскатэка без мардабою?
У Доме культуры чатыры работнікі, з іх два творчыя, а два тэхнічныя. Мастацкі кіраўнік Ларыса Язневіч і дырэктар Максім Сарока падчас дыскатэкі самі ў клубе, сочаць за абстаноўкай.
Ад 19:00 да 22:00 – дыскатэка для непаўналетніх, ці, як яе называюць у ДК, “дзіцячая”. У гэты час танцуюць адзінкі. Як распавядае мастацкі кіраўнік, нікога ганяць не трэба. Усе дысцыплінаваныя, без пяці дзесяць самі акуратна забіраюць курткі і ідуць дадому. Ад 22:00 да 24:00 працуе дыскатэка для дарослых.
– Калі рабілі рамонт, то жалюзі павесілі не такія, што ўсё акно закрываюць, а вугалком, – расказвае мастацкі кіраўнік. – Калі яшчэ светла, памяшканне яны зацямняюць не да канца. Затое малыя, як сыходзяць, зазіраюць яшчэ ў вокны, глядзяць, што ж там на дарослай дыскатэцы робіцца.
Большасць наведнікаў – гэта школьнікі. Усёй вёскай у Доме культуры святкуюць Каляды, Новы год, вечар сустрэчы выпускнікоў, – у святы прыходзяць і бацькі, і дзеці. На Купалле ДК ладзіць выязную дыскатэку ў Яхімоўшчыне.
Тут прытрымліваюцца і рэлігійнага календара. У пост дыскатэкі не праводзяць, але калі б і праводзілі, то людзі самі не прыйшлі б, асабліва ў пост перад Вялікаднем, расказваюць клубныя работнікі.
– Большасць наведнікаў – мясцовыя, часам прыязджаюць з Яхімоўшчыны, – гаворыць Ларыса Язневіч. – Як пачаў працаваць малады ды-джэй, то нават з горада пачала прыязджаць моладзь паглядзець на сапраўдныя вясковыя танцы.
Ці праўда, што “сапраўдныя вясковыя танцы” не абыходзяцца без бойкі, расказаў Максім Сарока:
– Такое меркаванне было яшчэ нядаўна – якая вясковая дыскатэка без мардабою. Але і тады такое не часта было, толькі адзінкавыя выпадкі. Калі разборкі пачынаюцца, гэта адбываецца не ў сценах клуба. Цяпер людзі ведаюць, для чаго прыходзяць – адпачыць, патанцаваць.
Пад што танцуюць у Палачанах
Тут ладзяць тэматычныя дыскатэкі. І ў залежнасці ад тэмы падбіраюцца кампазіцыі – напрыклад, да Дня святога Валянціна ці 8 Сакавіка.
– Калі нешта заказваюць, нікога не крыўдзім, – кажа дырэктар ДК. – Вядома, што найперш глядзім на кантынгент, і ў залежнасці ад яго ставім песні. Як правіла, ды-джэй працуе так, што ўсіх музыка задавальняе, ён адчувае аўдыторыю.
– Калі старэйшыя людзі, можа даваць музыку 90-х, калі моладзь – то самае сучаснае, – дадае Ларыса. –
А ў Яхімоўшчыне разоў пяць усё заказвалі “Бачылі ноч”.
Зімой на дыскатэцы больш людзей. Самы сезон – ад кастрычніка да сакавіка. А цяпер, калі ў 8 вечара светла, многія проста стаяць пад Домам культуры.
– Яны могуць купіць білет і пастаяць пад клубам, таму што музыка чуваць усё роўна. Тры машыны паставяць, ім весела, – гаворыць Максім Сарока.
– У нас непаўналетнія, яны ў горад паехаць не могуць, – дадае Ларыса Язневіч. – Але часам, бывае, патанцуюць тут, а пасля паедуць у горад.
“Дыскатэка вычарпала сябе”
Адміністратары скардзяцца на тое, што на дыскатэках надта мала людзей, і калі год пяць таму было чалавек 300, то цяпер – 20-30. Разважаем з кіраўніцтвам, чаму так адбылося.
– Дыскатэка як форма работы сябе вычарпала нават на вёсцы, – падсумоўвае дырэктар. – Калі б яна была да гадзіны ночы, асабліва летам, магчыма, хадзілі б, і то спрэчна. Вясковыя не тое, каб бягуць, але адток у горад заўважны, асабліва моладзі. А для старэйшых людзей – агарод, гаспадарка. Яшчэ год пяць таму наш клуб быў адным з цэнтраў дыскатэчнага руху раёна.
Такіх клубаў было не так і шмат: Палачанскі, Беразінскі, Красненскі і Лебедзеўскі. Яны грымелі на ўвесь раён, давалі вельмі някепскую выручку. Але пасля таго, як законам абмежавалі прысутнасць непаўналетніх толькі да 22 гадзін, рэзка, вельмі рэзка гэта ўсё пайшло на спад.
Цяпер, я мяркую, аднавіць гэта практычна немагчыма. Прытым, што мы зрабілі стаўку на моладзь, запрасілі добрага маладога ды-джэя, і больш за год спрабуем падняць наведванне, але асаблівага поспеху не дасягнулі. Хаця і анансуем і ў школе, і ў сацыяльных сетках, робім афішы, і ўсё роўна.
– Чым жа тады займаецца моладзь у Палачанах? – пытаемся ў работнікаў клуба.
– Ох, і чым яны займаюцца? – уздыхае мастацкі кіраўнік.
– Наколькі я ведаю, нават бары цяпер асабліва не наведваюцца, – мяркуе дырэктар. – Што яны робяць? Ходзяць у госці адзін да аднаго. Тым больш, цяпер у вёсцы шмат пустуючых дамоў. А дома – інтэрнэт.
Касірка наўздагон запрасіла нас прыязджаць часцей, ды яшчэ і сяброў падцягваць: “Можа, хоць выручка ажыве”.