Вось схіліўся над сваёй зброяй кулямётчык. А вось танкіст з запыленым тварам вылазіць з люка.
Шмат яшчэ вайсковых эпізодаў, увасобленых у пластык, могуць бачыць наведнікі музея Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Якія адносіны маюць гэтыя дыярамы ў сталічным музеі да нашага рэгіёна?
Справа ў тым, што стварае іх выхадзец з Вілейшчыны мастак аддзела выстаў Юры Герасімовіч.
Чатыры гады таму ён пераехаў на радзіму бацькоў, у Беларусь, з Вільні. Пытаюся, чаму раптам з’явілася жаданне пакінуць Літву?
Мастак Юры Герасімовіч.
– Як вайсковец выйшаў на пенсію. У Беларусь пераехала дачка Ксенія. Яна сур’ёзна займаецца тут музыкай. Вось і я вырашаў пераехаць на радзіму бацькоў, – распавядае мастак.
20 гадоў, ад 1973 да 1993, аддаў службе ў паветрана-дэсантных войсках. Быў начальнікам клуба вайсковай часці і дырэктарам музея баявой славы. Заняткі мастацтвам сумяшчаў з работай вайскоўца.
У Беларусі ж знайшлася праца, у якой аднолькава неабходнымі аказаліся і талент мастака, і веды вайскоўца. Ужо некалькі год Юры Уладзіміравіч працуе ў музеі Вялікай Айчыннай вайны.
З Вілейшчынай звязаныя ўспаміны пра дзяцінства і каханне
Карані мастака Юрыя Герасімовіча з Вілейшчыны. Маці і бацька Юрыя Уладзіміравіча з Крывога Сяла.
З Вілейшчынай звязаныя і ўспаміны дзяцінства, і каханне. З будучай жонкай Раісай з вёскі Качанкі мастак пазнаёміўся на вясковых танцах, калі гасцяваў у бабулі.
Фрагмент дыярамы. Фота забяспечанае Юрыям Герасімовічам.
Маляванне вабіла хлопца з дзяцінства. Хоць у сям’і прафесійна ніхто не маляваў, аднак у бацькоў здольнасці былі.
Мама, успамінае мастак, прыгожа малявала кветкі. А вось у бацькі лепш атрымоўваліся коні. Праўда, ні часу, ні магчымасці развіваць гэтыя таленты не было.
У Вільні будучы мастак скончыў чатырохгадовую дзіцячую мастацкую школу. Пасля была служба ў войску.
Здавалася б, не да жывапісу салдату тэрміновай службы, але… І тут мастацкія здольнасці прыдаліся: прыйшлося ўдзельнічаць у стварэнні нагляднай агітацыі.
Адчуваючы, што заняткі маляваннем прыносяць задавальненне, Юры паступіў у дзяржаўны мастацкі інстытут у Літве. Тут вучыўся мастацкаму афармленню, графіцы, кераміцы, скульптуры і манументальнаму жывапісу.
Вайна, увасобленая ў пластык
Дыпломнай працай маладога мастака стала дыярама “Штурм Рэйхстага” плошчай 28 квадратных метраў. Каб перадаць да драбніц гістарычна важную падзею, Юры Уладзіміравіч ездзіў у камандзіроўкі, разглядаў іншыя дыярамы, шмат працаваў з архівамі . Вынік задаволіў майстра. Адчуванне было такое, быццам сам знаходзішся ў баі, кажа мастак.
“Штурм Рэйхстага”, па словах мастака, – адна з дзвюх прац, якія пакінулі глыбокі след у яго душы і творчасці. Другая дыярама – “Дэсант у наступленні” плошчай 45 квадратных метраў.
Фрагмент дыярамы. Фота забяспечанае Юрыям Герасімовічам.
Калі стваралі экспазіцыю ў новым будынку музея Вялікай Айчыннай вайны, Юры Герасімовіч прымаў удзел у мантажы дыярам “Абарона Мінска 25-28 чэрвеня 1941 года” і “Мінскі кацёл”. Ён афармляў залу “Нашчадкі Вялікай Перамогі” і ствараў інсталяцыю “Партызанская зенітка”.
Нешта скласці, нешта разламаць: як мастак “гуляе ў салдацікаў”
Для стварэння дыярам мастак набывае спецыяльныя наборы дэталяў. У вялікіх каробках іх можа быць да 400. Тут і маленькія салдацікі, і танкі, і зброя. Усе яны пластыкавыя, непрыгляднага шэрага колеру.
Тэхніку і салдат трэба расфарбаваць, кожнаму намаляваць правільную форму, усё расставіць у патрэбных месцах. Мадэлі варта крыху “састарыць”, “запыліць”. Нешта скласці, а нешта і наадварот разламаць. Напрыклад, калі трэба паказаць пабітую баявую машыну.
Каб гістарычна правільна паказаць нейкую падзею ваеннага часу, Юры Уладзіміравіч карыстаецца матэрыяламі навуковых супрацоўнікаў музея, а таксама ўласным прафесійным досведам. Вайсковай тактыкай ён захапляўся заўсёды.
У планах мастака – дыярама “Абарона Магілёва” памерам паўтара на два метры.
Фрагмент дыярамы. Фота забяспечанае Юрыям Герасімовічам.
Ці не закінуў мой субяседнік жывапіс, займаючыся стварэннем баёў з пластыку. Не, – упэўнена адказвае ён.
Па-ранейшаму малюе партрэты, нацюрморты. А на пейзажах часта паказаная маляўнічая прырода роднай Вілейшчыны.
Працы неаднойчы выстаўляліся, у тым ліку ў Вілейцы і ў Маладзечне.
Дзед з Крывога Сяла загінуў пад Ольштынам
25 студзеня 1945 года на вайну з Крывога Сяла пайшоў дзед Юрыя Герасімовіча Васіль Сільвановіч. Дамоў ён не вярнуўся.
– Яшчэ ў Вільні я па сваіх каналах даведаўся, што дзед загінуў і пахаваны пад Ольштынам, у Польшчы, – распавядае мастак пра тое, як вайна закранула яго сям’ю. – Хацелася, канешне, пабачыць, дзе ён пахаваны. Але да гэтага часу не атрымалася.
Фрагмент дыярамы. Фота забяспечанае Юрыям Герасімовічам.
Быў на вайне і дзядзька Юрыя Герасімовіча Анатоль Герасімовіч. Ён пасля вайны вярнуўся і жыў ў Крывым Сяле, меў баявыя ўзнагароды.
Фрагмент дыярамы. Фота забяспечанае Юрыям Герасімовічам.
Фрагмент дыярамы. Фота забяспечанае Юрыям Герасімовічам.
Фрагмент дыярамы. Фота забяспечанае Юрыям Герасімовічам.