Пра тое, як дрэва ў роднай вёсцы, магчыма, выратавала жыццё франтавіку, расказаў выхадзец з яго вёскі Мікалай Рак.
Гэту гісторыю наш суразмоўца пачуў яшчэ даўно, калі яе герой, франтавік Уладзімір Гулецкі, яшчэ быў жывы. Мікалай і падзабыў расказанае, але нядаўна ўбачыў у гістарычным часопісе фота, як немцы перавозілі палонных (гл. фота на старонцы), і падумаў, можа на гэтым здымку стаіць той самы Валодзя.
Уладзімір Гулецкі жыў у вёсцы Запалякі каля станцыі Пруды ў Маладзечанскім раёне. У 1940 годзе яго прызвалі ў армію маладым хлопцам.
Летам 1941 года іх захапілі недзе пад Смаленшчынай. Гналі пешшу кіламетраў пад 200, замораных, галодных. Прыгналі на вялікую станцыю, загрузілі ў вугляркі і павезлі. Паміж вагонамі на дошках сядзелі немцы са зброяй. Як толькі нехта спрабаваў вылезці – адразу стралялі. Таму ўсе ціха тоўпіліся ў вагоне.
Уладзімір прыгадваў свайму аднавяскоўцу, што пазнаў, як праязджалі Мінск.
А пазнаў як – пачуў беларускую гаворку, убачыць жа нічога не маглі. Ехалі стоячы, а вагон быў вышэй за чалавека. Пазней прыкінуў, што недзе ўжо і Маладзечна праехаў.
Немцы везлі грузы днём, таму што ад Маладзечна да Вільні ў 41 годзе была аднапутка. А палонных везлі ноччу.
– І вось стаіць у вагоне, едзе і бачыць, як па небе плыве з дзяцінства знаёмая матулечкава ліпа, – распавядае Мікалай. – 200 метраў – і бацькаў дом. Ён як стаяў у гэтым вагоне, не піўшы не еўшы амаль тыдзень, і толькі раз, не помнячы, як адштурхнуўся, так і пакаціўся па адкосе, і ляснуўся ў балота. Жыць захочаш – і не так падскочыш. Наглядчык-немец, пэўна, сядзеў на дошцы, захутаўшыся, і не заўважыў пабегу. А ў 41 годзе чыгунка яшчэ не ахоўвалася.
Фота забяспечанае Мікалаем Ракам.
Тая ліпа ў Запаляках, якую пазнаў Уладзімір Гулецкі. Фота зробленае прыкладна ў 1968-1970-м годзе. На здымку відаць, што ў двары стаіць дрэва, якое звалі “матулечкава ліпа”. Недзе ў метрах 150 ляжыць чыгунка.
Каля чыгункі была рака Дудкавіца, а каля яе – каменны мост. Калі цягнік прайшоў, Уладзімір пайшоў проста па цёплай вадзе, бо баяўся ноччу згубіцца.
Хутка зарыентаваўся, і праз паўгадзіны зайшоў да бацькі ў хату. Як жа бацькі абрадаваліся, можна толькі здагадвацца!
Уладзімір пасля вярнуўся на фронт, але ўжо быў сувязістам. Расказваў ён Мікалаю і іншую ваенную гісторыю. У 1944 годзе ў Польшчы на Мазоўшчы, дзе балоцістыя месцы, яны цягнулі сувязь. Прыйшла кухня.
– Кажа, набраў кацялок кашы, сеў на купіну і ем, – прыгадвае аповед аднавяскоўца спадар Рак. – Падымаю галаву – і бачу, што проста на мяне ляціць снарад. На вялікай хуткасці яго і не заўважыш, але калі траекторыя заканчваецца, то ўбачыць можаш. Кажа, падняў кацялок, адкаціўся, і чую толькі “хлоп” літаральна пад ім, пад купінай дыміцца дзірка. Снарад не ўзарваўся.
Пасля вайны Уладзімір Гулецкі працаваў сувязістам. Памёр гадоў пяць таму. Адзін яго сын памёр, а другі жыве ў Заскавічах.