Сёлета Вілейка будзе вучыцца па-новаму весці падлік энергарэсурсаў і больш асэнсавана іх выкарыстоўваць. Дзяржаўныя ўстановы горада прымуць удзел у праекце па экалагічным кіраванні.

У ім удзельнічаюць тры беларускія гарады: Вілейка, Чавусы Магі­лёў­скай вобласці і Ветка Гомельскай.

Праект рэалізуецца грамадскай арганізацыяй “Жывое партнёрства” разам з выканкамамі і грамадскімі арганізацыямі трох раёнаў. Гэта адна з 23 беларускіх ініцыятыў, якія атрымалі фінансаванне дзякуючы Праграме падтрымкі Беларусі Федэральным урадам Германіі.

Чаму менавіта Вілейка?

Вілейка стала адзіным горадам Мінскай вобласці, у якім будзе рэалізоўвацца праект. Сталася так таму, што горад адпавядае асноўным патрабаванням.

Па-першае, у кастрычніку 2016 года Вілейка далучылася да Пагаднення мэраў па энергіі і клімаце. Гарады-ўдзельнікі гэтага міжнароднага руху бяруць на сябе абавязак да 2030 года скараціць выкіды вуглякіслага газу ў паветра не менш, чым на 30%. Усяго ў Беларусі налічваецца 20 гарадоў, якія падпісалі Пагадненне.

Па-другое, ад 2010 года ў Вілейцы пачалася праца над стратэгіяй устойлівага развіцця горада. На яе і абапіраецца праект.

А па-трэцяе, у раёне ёсць арганізацыі, якія прытрымліваюцца  пры­н­­цыпаў экалагічнага кіравання.

На Вілейшчыне гэта дзіцячы цэнтр “Надзея”, які яшчэ ў 2008 годзе стаў адной з першых у Беларусі непрамысловых устаноў, што выкарыстоўваюць сістэму экалагічнага кіравання. У 2014 годзе Ільянская сярэдняя школа таксама далучылася да экалагічнага руху і атрымала адпаведны сертыфікат. ­Удзел у праекце прыме таксама грамадскае аб’яднанне “ЗОВіК”.

Вілейка будзе пераймаць украінскі досвед

Праект будзе доўжыцца да снежня 2018 года. Гэтыя паўтара года віляйчан будуць на практыцы вучыць энерга­эфектыўнасці. Кіраўнікі праекта ўпэўненыя: важна не проста на аўтамаце паўтараць думку аб тым, як важна эканоміць. Мы настолькі прывыклі да надпісаў “Выходзячы, выключайце святло!” і “Эканомце ваду”, што не звяртаем на іх увагі.

Фота gerasimov.org.

Фота gerasimov.org.

Важна паказаць лю­дзям, дзе і што яны робяць няправільна ў карыстанні рэсурсамі, як гэта выправіць без складанасцяў і нязручнасцяў і, самае галоўнае, якія выгады яны могуць з гэтага мець. Не толькі грашовыя, але і экалагічныя.
Для таго каб эканоміць рэсурсы, найперш трэба дакладна ведаць, колькі іх рэальна спажываецца. Без штодзённага маніторынгу тут не абысціся. Весці назіранні дакладна і зручна дапаможа спецыяльная камп’ютарная праграма “Энеграбаланс”. Аб тым, як гэта будзе выглядаць, распавядае кіраўнік праекта Ларыса Якавюк:

− Іскрынка нашага праекта − сістэма што­дзённага маніторынгу спажывання энергарэсурсаў (электраэнергіі, цяпла, газу) і вады бюджэтнымі ўстановамі раёна. Гэты працэс мы плануем наладзіць з дапамогай праграмы “Энергабаланс”, якую распрацаваў Дмытро Сакалюк з украінскага горада Роўна. Да таго ж Дмытро будзе працаваць адным з экспертаў нашага праекта і дапаможа ў арганізацыі маніторынгу.

Чым адметная ўкраінская сістэма маніторынгу?

− Па-першае, кожная ўстанова будзе штодзённа, за выключэннем выхадных, заносіць дадзеныя лічыльнікаў на сваю старонку ў інтэрнэце, − тлумачыць Дмытро Сакалюк, які ўжо наведаў Беларусь і сустрэўся з прадстаўнікамі беларускіх гарадоў-удзельнікаў. – Сёння спецыялісты ўстаноў запісваюць дадзеныя ў свае асабістыя сшыткі. Праграма дазваляе параўноўваць не толькі дадзеныя за розныя перыяды, але і  аўта­матычна разлічвае ­ўдзельнае спажыванне кожнага з рэсурсаў: на адзінку плошчы, на аднаго супрацоўніка.

У дзіцячым цэнтры “Надзея” дзецей вучаць здымаць паказанні лічыльнікаў. Фота забяспечанае Ларысай Якавюк.

У дзіцячым цэнтры “Надзея” дзецей вучаць здымаць паказанні лічыльнікаў. Фота забяспечанае Ларысай Якавюк.

Другая перавага – карыстальнік не можа змяніць дадзеныя, якія былі ўнесеныя раней, у адрозненне ад сшытка, які можна замяніць. Да таго ж, дадзеныя можна захоўваць на працягу некалькі гадоў. Праграма рысуе графікі і дыяграмы, якія дазваляюць наглядна паказваць сітуацыю ў раёне і за розныя перыяды часу, і паміж рознымі ўстановамі.

Прынцыпова нічога новага – спецыялісты працягваюць запісваць дадзеныя з лічыльнікаў. Але змяняецца падыход да сістэматызацыі да­дзеных.

Камп’ютарная праграма ўжо даказала сваю эфектыўнасць у шматлікіх гарадах і мястэчках Украіны.

− Цяпер 9,8% бюджэту траціцца на аплату камунальных паслуг бюджэтных арганізацый,

− кажа Святлана Вярбіцкая, намесніца начальніка аддзела эканомікі Вілейскага райвыканкама. − Таму калі пры дапамозе праекта атрымаецца зэканоміць, то ў выйгрышы будуць усе. Зэканомленыя сродкі можна будзе накіраваць у іншыя сферы. Таксама гэта новы штуршок для развіцця горада: нас навучаць карыстацца новымі тэхналогіямі, аб якіх мы дагэтуль не ведалі.

Далучыцца да праекта можа кожная бюджэтная арганізацыя

Якія ўстановы будуць ахопленыя сістэмай штодзённага маніторынгу? Гэта будуць вызначаць мясцовыя ўлады. План-максімум – усе арганізацыі, якія ўтрымліваюцца з раённага бюджэту: навучальныя установы, установы аховы здароўя, культуры і іншыя. Магчыма, распачнуць праект толькі ўстановы адукацыі: у Вілейскім раёне іх 40.

Кіраўнік праекта Ларыса Якавюк.

Кіраўнік праекта Ларыса Якавюк.

Праграма, якую прапануюць украінскія калегі, дазваляе ў любы момант дадаць новых ахвотных. Любая бюджэтная ўстанова зможа далучыцца да працэсу ў любы зручны для яе момант.

− Мы распаўсюджваем сістэму экалагічнага менеджменту і экалагічнай сертыфікацыі “Белы бусел”, − кажа Ларыса Якавюк. − У кожным з праектных раёнаў мы спадзяёмся знайсці як мінімум тры новыя арганізацыі, якія зацікавяцца сістэмай экалагічнага кіравання і пачнуць адпаведную працу. Чым больш будзе такіх устаноў, тым хутчэй людзі змогуць убачыць вынікі агульнай працы.

Сістэма тычыцца і энергаспажывання, і паасобнага збору адходаў, і разумнага выкарыстання сродкаў бытавой хіміі.

Да таго ж установы-ўдзельніцы атрымаюць невялікую фінансавую дапамогу, каб набыць энергаэфектыўнае абсталяванне. Тыя з іх, якія выканаюць усе экалагічныя патрабаванні, атрымаюць сертыфікат “Белы бусел”.

Басейн можа эканоміць электраэнергію, а сталовыя – збіраць макулатуру

Ларыса Якавюк перакананая, што кожная ўстанова ці арганізацыя можа больш ашчадна ставіцца да навакольнага асяроддзя, амаль не прыкладаючы намаганняў.  

− Навучальныя ўстановы абавязваюць збіраць макулатуру, − прыводзіць прыклад кіраўнік праекта. – Але далёка не ў кожнай сталоўцы вы знойдзеце сметніцу для збору паперы. Між тым, многія прадукты, якія завозяцца ў сталоўку, маюць папяровую ўпакоўку ці прывозяцца ў каробках – тая ж мука ці цукар. Часцей за ўсё сталоўская папера аказваецца ў кантэйнеры з агульным смеццем. А чаму б не сабраць яе асобна?

Фота kazanreporter.ru.

Фота kazanreporter.ru.

Падобныя сітуацыі ў бальніцах і медпунктах. Папяровая ўпакоўка ад таблетак і інструкцыі да іх не лічацца макулатурай.

Свой “рэцэпт” ашчаднасці спадарыня Ларыса мае і для басейна, які сама наведвае рэгулярна.

Цягам усяго дня святло тут гарыць і ў распранальнях, і ў душавых. Хаця падчас сеансу, які доўжыцца 45 хвілін, там нікога не бывае. У дзень у раскладзе басейна дзевяць сеансаў. У выніку мы маем больш за шэсць гадзін, калі святло гарыць упустую.

– Справа не ў тым, што гэта складаны тэхнічны працэс, – заўважае жанчына. – Можна ж, напрыклад, паставіць датчыкі руху. Мне здаецца, галоўная прычына такой сітуацыі ў незацікаўленасці адміністрацыі і супрацоўнікаў у эканоміі электраэнергіі. Ніхто іх за гэта не пакарае і прэмію не дасць. Таму як ёсць, так і добра.

Новы праект якраз накіраваны на пошук падобных “слабых месцаў”. Колькі іх у Вілейцы і цэлым раёне? Гэта стане вядома ўжо праз некалькі месяцаў, калі віляйчане па-новаму пачнуць лічыць энергарэсурсы.

Пасольства ФРГ у Беларусі. УНП 101166185.