Эстафета добрых спраў дабралася да Маладзечна. Прадстаўнікі маладзечанскай філіі БАЖ, а іменна журналісты “Рэгіянальнай газеты” і парталу “Край.by” зладзілі збор корму і іншых патрэбных рэчаў для пункту часовага ўтрымання жывёлаў “Хачу дадому!”
І вось 5 мая, з усімі падарункамі і гасцінцамі накіраваліся ў Вілейку, дзе і знаходзіцца прытулак.
Сустрэлі нас валанцёры і гадаванцы прытулку.
Амаль сляпы сабака Пірат радасна замахаў хвастом, тыкаўся мокрай пысай у рукі і калені.
– На лячэнне Пірата нам патрабуецца прыкладна 500 долараў, – расказалі валанцёры, таму тое, што вы разам з вашымі чытачамі завалілі нас кормам на некалькі месяцаў наперад, нам вельмі палегчыць жыццё. Тыя капейкі, што нам паступаюць на картку ад жадаючых дапамагчы, мы будзем па крупінках збіраць і лячыць Пірата.
Сёння на ўтрыманні ў прытулку дзве сабакі і некалькі катоў і котак з кацянятамі.
Лёсы ў гадаванцаў розныя, трагічныя і жыццёвыя. Некага прынеслі і падкінулі валанцёрам, некага яны самі забіралі з вуліцы ў жаласным стане.
Але пры гэтым валанцёры: Павел Хаванскі, Аксана Чыжыкава-Кузьміна, Кацярына Дучко, Аляксей Ёрш і многія іншыя адносяцца за сваёй справы з гумарам. Напрыклад, калі расказваюць пра аднаго “рыжуна”, якога да іх некалькі месяцаў таму прынесла жанчына:
– Тэлефанавала жанчына, плакалася, прасіла забраць у яе трохкаляровую котку. Мы ўрэшце здаліся, – расказвае Аксана. – Прыносіць. Дастае з сумкі котку і тут жа з вялікай дарожнай сумкі высоўваецца яшчэ адзін руды нос. Жанчына просіцца: гэты кот у нагрузку, вазьміце калі ласка. А кот прыгожы. Яркі, руды. Мы яго тут жа Апельсінам назвалі. І як мы і думалі, такога прыгажуна літаральна праз пару дзён забралі ў новы дом.
– Ага, – далучаецца да размовы дзяўчынка Паліна, – Апельсіна мы аддалі праз два дні, затое цяпер уладкоўваем восем Мандарынак ад таго Апельсіна.
Валанцёры дзякавалі нам, а мы, журналісты “Рэгіянальнай газеты” і “Край. by” у сваю чаргу дзякуем нашым чытачам, якія далучыліся да нашай “Эстафеты добры спраў” і літаральна за два дні завалілі нашы рэдакцыі прысмакамі, лекамі, лежакамі і латкамі для катоў.
Гэта непоўторнае пачуццё, калі цябе чытаюць такія чулыя, неабыякавыя людзі.
Дзякуй усім!
Аднак, гэта акцыя не аднаразовая. Гадаванцам прытулку трэба есці і лячыцца.
Чым вы можаце дапамагчы прытулку?
Самае неабходнае і важнае, што вы можаце прапанаваць гадаванцам, – гэта, вядома, сваю любоў, пяшчоту і новую сям’ю.
Калі ж прыняць пухнатага сябра няма магчымасці, то дапамагчы можна справай: у прытулку заўсёды рады новым валанцёрам.
Сюды можна прыносіць ежу – мяса, рыбу, сухі корм. У матэрыялах для ўцяплення будынка патрэбы ўжо няма. Валанцёры кажуць, што з дапамогай неабыякавых віляйчан ужо назбіралі неабходныя.
Асабліва ўдзячныя ў прытулку будуць за пераноскі для катоў і сабак. З імі лягчэй хадзіць на рынак і да ветэрынара.
Таксама заўсёды трэба грошы – на іх набываюць лекі, стэрылізуюць жывёл, утрымліваюць будынак, у якім месціцца прытулак.
Грошы можна і перадаваць наяўнымі, і пераводзіць на адмысловы банкаўскі рахунак: Беларусбанк, 9112000160693632, дзейсны да 12/21.
Справаздачы за кожны патрачаны рубель валанцёры выкладваюць на сваіх старонках у сацсетках.
Па агульных пытаннях можна звяртацца да Паўла Хаванскага (8029 567 50 70).