Да ільянскіх школьнікаў завіталі госці з Мінска – пісьменніца Аксана Спрынчан і музыкант Яраш Малішэўскі.
Сустрэчу прымеркавалі да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.
Госці наведалі нашы музеі “Вілейшчына літаратурная” і “Ільянскія далягляды”. Дарэчы, народнаму музею “Вілейшчына літаратурная” сёлета споўнілася 25 гадоў. Гэта ўжо чвэрць стагоддзя вучні нашай школы з удзелам настаўнікаў збіраюць па крупіцы, захоўваюць і перадаюць іншым духоўную спадчыну сваёй любімай Вілейшчыны.
Вучні слухалі вершы Аксаны Спрынчан, пазнаёміліся з некаторымі беларускімі народнымі музычнымі інструментамі, вядомымі і невядомымі.
Спачатку Яраш пазнаёміў вучняў з дудой. Ён паказаў і расказаў, як трэба на ёй іграць.
Вучні адгадвалі загадкі са Смачнай кнігі Аксаны Спрынчан. Фота facebook.com.
Потым ён расказаў пра інструмент, які гучаў 500 гадоў таму. У мястэчку Мір Гродненскай вобласці знайшлі на глыбіні трох метраў гліняную скульптуру “коніка”, свісцёлкі. Гэты інструмент доўгі час праляжаў у зямлі, але і сёння гучыць адмыслова. Гэты “конік”, па словах музыканта, гучаў, калі друкаваў Францыск Скарына, калі ўзводзіліся муры Мірскага замка.
Яшчэ адзін вельмі цікавы музычны інструмент, які называецца акарына. Яго вырабляюць з гліны. Шмат гадоў назад наш беларускі майстар пабываў у Італіі, упадабаў гэты інструмент і затым пачаў вырабляць у нас на Радзіме. Гэты інструмент падобны на галаву гусяняці, але гучыць па-свойму адметна.
Варган – старажытны інструмент, пашыраны ў розных краінах, а таксама выкарыстоўваецца ў Беларусі. Звычайна яго ведаюць, як нешта экзатычнае. Гэты інструмент лічыцца магічным, чарадзейным. Яго выкарыстоўвалі шаманы, магі, чарадзеі ў пэўных сваіх абрадах.
У час сустрэчы дзіўныя мелодыі чаргаваліся з вершамі, шчырымі словамі Аксаны Спрынчан.
Паэтка загадвала дзецям смачныя загадкі пра беларускія стравы са сваёй кнігі.
Напрыканцы Яраш прапанаваў праспяваць песню разам песню пра чмяля. Дзеці ў зале вельмі ажывіліся і дружна падпявалі.
На развітанне пісьменніца падаравала музею “Вілейшчына літаратурная” сваю кнігу, якая называецца “Смачная кніга”, і плакаты да святкавання 500-годдзя беларускага кнігадрукавання.