Вандроўка выхаднога дня можа прывесці, напрыклад, у Гарадок.

І, здавалася б, усё тут знаёмае. Той жа стары млын, калі толькі павернеш на Гарадок.

Але ўсё мяняецца, калі экскурсію па гэтым млыне бяруцца праводзіць дзеці, якім прыкладна па 10 гадоў.

Маіх новых сяброў завуць Ульяна, Саша і Максім. 

Яны жывуць у Гарадку і на млын ходзяць ваяваць з зомбі.  

Як прызнаўся потым мой спадарожнік, што памёр бы на месцы, калі б убачыў, што яго дзеці так лазяць па руінах млына.

Але мясцовым гарэзам адсутнасць падлогі, драўляныя лесвіцы, бэлькі – не перашкода. 

– Цёця Наташа, – крычыць мне з трэцяга паверха Саша, – хадзіце да мяне, тут прыгожа.

– Цёця Наташа, – заве Ульяна, перабірайцеся па бэльках да вакна, тут такі выгляд на вадаспад!

А што я? А я хадзіла і прасіла:

– Злазьце адтуль, асцярожна, не трэба, цішэй. 

Дзе там! 

Маленькая, спрытная дзяўчынка па цаглінках залазіць на сцены.

Расказвае:

– Шкада, канешне, што сюды ходзяць хлопцы піва піць, таму тут брудна. 

– Вось бы пабачыць, як працаваў млын, – марыць Саша. – Ды, напэўна, нікому не трэба гэта. Калі толькі немцы прыедуць. 

Дзеці расказалі, што купацца і вудзіць рыбу яны ездзяць на Васькаўскае вадасховішча. А на млын ходзяць гуляць у зомбі і ў вайнушку. 

А яшчэ глядзець на вадаспад, бо з вакна ён выглядае найбольш прыгожа.