18 мая – Сусветны дзень музеяў. У гэты дзень музеі ўсіх краін стараюцца правесці акцыю “Ноч музеяў”. Падчас яе можна паглядзець экспазіцыі, наведаць мерапрыемствы, арганізаваныя музеямі.
У Маладзечне Мінскі абласны краязнаўчы музей праводзіць мерапрыемства, прымеркаванае да 500-годдзя кнігадрукавання. Называецца яно “Кніга: ад мінулага ў будучыню”.
Прыйсці можна ў дзве гадзіны дня і ў шэсць вечара. У праграме прагляд фільма пра Францыска Скарыну, віктарына, знаёмства з экспазіцыямі музея.
Пра гэта нам паведаміла сакратар музея Юлія Цварбут.
Здзейсніць падарожжа ў часе ад Першай сусветнай вайны і да эпохі СССР
Фота fotobel.by.
Музей Першай сусветнай вайны ў Заброддзі на Вілейшчыне запрашае з 11 дня і да сямі вечара здзейсніць невялікае падарожжа ў часе, пачынаючы ад Першай сусветнай вайны і заканчваючы эпохай СССР.
Будуць працаваць тры пляцоўкі:
1. Музей Першай сусветнай вайны.
Там можна ўбачыць штык ад вінтоўкі, чаравікі загінулага салдата, нож, сподак з заручальным пярсцёнкам, палкавыя дакументы, абмундзіраванне, фатаграфіі палкавых святароў і салдат, калючы дрот, процівагаз, зубную шчотку, кубак з адбітым краем і шмат іншага.
За кожнай рэччу нечы рэальны лёс, чалавечыя пачуцці, жахі перажытай трагедыі.
2. Музей рэтра-тэхнікі.
Фота tourprom.ru.
На гэтай пляцоўцы размесцяцца рэтра-аўтамабілі Першай сусветнай вайны, РКК і нямецкага вермахта, таксама матацыклы, ровары і самалёт. А яшчэ выбраныя машыны: ЗІС 5, ГАЗ 67, “Віліс”, М1, “Вандэр”, “Опель-Кадэт”, “Опель-Блітз”, БMВ R 71.
3. Музей быту стогадовай даўніны.
Фота Poshyk.info.
Адчуць самабытнасць культуры нашага народа і ўбачыць, як жылі сяляне даўней можна ў этнаграфічным музеі ў Заброддзі.
Цалкам укамплектаваная экспанатамі кухня: стол, прыборы, ручнікі, лапаты для печкі, гаршкі, занавескі, адзенне і іншыя прыстасаванні. Жылы пакой з мэбляй, у якім ёсць ложкі, саламяныя матрацы, дровы каля печкі, канапа, шафа, музычныя інструменты і фота.
Таксама вы можаце наведаць
- Палісад памяці з імяннымі дрэвамі, пасаджанымі вядомымі людзьмі.
- Лазарэтныя могілкі 29-й пяхотнай дывізіі, 20-га армейскага корпуса другой рускай арміі.
- Месца гібелі казака Данііла Шаўчэнкі.
- Пахаванне воінаў, дзе знаходзіўся перавязачны пункт 29-й пяхотнай арміі.
- Памятную капліцу ў гонар 80-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны.
- Шасціметровы крыж на пахаванні побач з ваенным лагерам “Камарышкі”.
Падрабязная інфармацыя па тэлефонах (8029) 3338446 альбо (8029) 6517444.
Інфармацыя паводле музея Першай сусветнай вайны “Заброддзе”.
Пазнаёміцца з музеям-сядзібай Агінскага
Фота fotobel.by.
“Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага” ў Залессі Смаргонскага раёна таксама далучылася да Міжнароднай акцыі “Ноч музеяў”.
18:00. Аглядная экскурсія па музеі і парку сядзібы.
19.00. Экскурсія па музеі з праглядам кінафільма “Рана ў сэрцы”.
20:00. Кінапрагляд оперы “Невядомы партрэт”.
З 18:00 да 21:00 уваход у музей БЯСПЛАТНЫ.
У вілейскім краязнаўчым музеі 18 мая зладзяць святочную праграму. У гэты дзень у выставачнай залы музея юбілей. Таму вырашылі зладзіць выставу карцін, падораных музею мастакамі ў розныя часы.
– Запросім мастакоў, зладзім цёплае сямейнае свята, – расказала дырэктар вілейскага музея Надзея Аўдзей.
Свята пачнуць у 16:00 у выставачнай зале імя Нікадзіма Сілівановіча.