Гэта ледзьве не самыя вядомыя словы, па якіх пазнаюць Францыска Скарыну. Без іх таксама не абыдзецца фільм пра першадрукара, які сёлета выйшаў да 500-годдзя беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання.

Дакументальны фільм створаны па-беларуску і называецца “Першадрук”. Над ім на працягу трох месцаў працавалі рэжысёр Ігар Чышчэня, аператар Аляксандр Акавіцкі, сцэнарыст Ула­дзімір Мароз.

Ігар Чышчэня.

Ігар Чышчэня.

– Да 500-годдзя кнігадрукавання ў краіне праходзіць шэраг мерапрыемстваў: ставяцца спектаклі, выхо­дзяць кнігі, якія дапамогуць наблізіць постаць Скарыны да лю­дзей, усвядоміць, што гэта быў за чалавек, якімі прынцыпамі кіраваўся, раскрыецца яго сапраўдны твар, – расказвае Ігар Чышчэня. – Бо ў ранейшым успрыманні Скарына – гэта помнік, які знаходзіцца каля Нацыянальнай бібліятэкі, альбо вядомая гравюра з яго партрэтам. Але за гэтымі сімваламі мы не можам разглядзець сапраўднага чалавека. Спадзяюся, што фільм зменіць стаўленне да гэтай асобы.

Фільм не пра асобу, а пра значнасць Скарыны

 Можа ўзнікнуць пытанне, чаму фільм носіць назву “Перша­друк”, а не “Першадрукар”, як называюць Францыска Скарыну.

– Фiльм не столькi пра асобу, біяграфію Скарыны, колькі расповед пра яго дзейнасць, дасягненні, значнасць, таму i “Першадрук”, – тлумачыць Ігар Чышчэня. 

Калі для Уладзіміра Мароза скарынаўская тэма была вельмі блізкая, у 1989 годзе ён працаваў над стварэннем фільма “Францыск, сын Скарынін”, то іншыя стваральнікі павінны былі грунтоўна пазнаёміцца з гэтай легендарнай постаццю.

У многіх пытаннях дапамагаў культуролаг, кнігазнаўца, даследчык і папулярызатар спадчыны Францыска Скарыны Алесь Суша. Акрамя гэтага дапамагаў перад здымкамі, прысутнічаў у кадры – даваў інтэрв’ю.

– Пры гэтым важна было не толькі даведацца пра постаць перша­друкара, а пра час, у які ён жыў, гісторыю краіны, – адзначае рэжысёр. – Толькі так можна ўсвядоміць значэнне самога кнігадрукавання для чалавецтва.

Рэжысёр “Першадрукара” ўпэўнены, што ідэі Скарыны жывуць і ў сучаснасці, адна з іх – рэлігійная талерантнасць.

Скарына ў фільме паўстае праз кнігі

У Беларусі здымкі праходзілі ў Мінску, Вілейцы і Полацку, дзе нарадзіўся першадрукар. Творчая група, якая працавала над фільмам, у літаральным сэнсе прайшла шляхам Скарыны. Здымалі ў Вільні, дзе ён працаваў, у Кракаве – там вучыўся; у Празе, дзе друкаваў першыя кнігі. Таксама ў Санкт-Пецярбургу, дзе захоўвацца “Псалтыр”, самае першае выданне Скарыны; там жа адна з найбольшых калекцый скарынаўскіх выданняў.

Пастановачныя здымкі ў Вілейцы прайшлі ў памяшканні, дзе хутка адкрыецца музей “У пошуках страчанага”, стваральнікам яго з’яўляецца гісторык Уладзімір Ліхадзедаў.

– Аднак трэба зазначыць, што ў нас не было задачы паказаць некага падобнага на Скарыну, – расказвае Ігар Чышчэня. – У першую чаргу, гэта дакументальны фільм. Скарына паўстае праз кнігі, учынкі. У фільме ёсць момант, у якім паказаная работа першадрукароў. Аднаго з іх іграе сын Уладзіміра Ліха­дзедава – Дзмітры. Аднак не трэба шукаць у мужчынах рысы Скарыны. Яны не падобныя на той кананічны вобраз, які мы прызвычаіліся бачыць у падручніках.

Фільм доўжыцца 39 хвілін. 18 мая адбыўся прадпрэм’ерны паказ фільма “Першадрук” у музеі гісторыі беларускага кіно, таксама сустрэча з аўтарамі фільма, пасля яго плануюць паказаць у кінатэатрах. У вілейскім кінатэатры “Мір” адзначылі, што фільм чакаецца ў верасні.