Спачатку маладзечанец Дзмітры звярнуўся ў гарадское таварыства правоў спажыўцоў са скаргай на прадпрымальніка, які, на яго думку, кепска адрамантаваў машыну. Праз некалькі месяцаў працы з прадстаўнікамі яго інтарэсаў мужчына нават больш абураецца на сваіх абаронцаў.
Усё пачалося восенню, калі мужчына звярнуўся да адной мінскай фірмы парамантаваць аўтамабіль. Прыгнаў машыну 5 верасня, а атрымаў назад толькі 28 лістапада.
– Знік пярэдні ход у каробцы-аўтамаце, – прыгадвае мужчына. – Праз месяц прыязджаю забіраць, плачу 1 300 рублёў. Еду на першай, другой перадачы – усё нармальна, а як толькі пераключыўся на трэцюю – машыну кінула ў аварыйны рэжым, яна пачала марудна разганяцца.
Маладзечанец зноў прыгнаў машыну на рамонт. Папрасіў дакументы – адказалі, што ўсё дадуць пасля.
– Казалі, нібыта гідраблок паляцеў, – распавядае Дзмітры. – Прыязджаю за машынай, кажуць: “Плаці”. А чаму мне трэба плаціць, калі яны не адрамантавалі. Тыдзень так бадаліся. Пры мне паставілі новы гідраблок. Пасля яшчэ стартар мянялі. Затым высветлілася, што вырвалі мацаванне задняга сядзення, аўто перыядычна не заводзіцца. Атрымліваецца, што паломку не выправілі, маса недахопаў, машына стала працаваць яшчэ горш. А дакументы мне ніякія так і не далі.
“Выбачайце, на суд я не прыйду”
Маладзечанец звярнуўся з праблемай у маладзечанскае таварыства абароны правоў спажыўцоў. З ім склалі дамову, ён аплаціў 130 рублёў унёску.
– Хаця ў дамове напісана, што яны працуюць “бязвыплатна”, але гэта толькі пачатак, – тлумачыць мужчына. – Спачатку ніяк не маглі знайсці адказчыка, каб накіраваць яму пошту. Цягнулі, як толькі можна. А пасля ў мяне ўвогуле склалася ўражанне, што таварыства стала на яго абарону. Казалі, што наўрад ці што дакажаш. Пачаў працу з адным юрыстам, а пасля ўзяла другая, затым зноў памяняліся.
Самым непрыемным для маладзечанца стаў дзень суда.
Дзмітры і так нерваваўся, а тут за некалькі гадзін да пачатку яму прыходзіць ад юрыста таварыства паведамленне, што яна не прыйдзе, таму што пачалася сесія.
– Дык няўжо яна пра гэта за гадзіну да самой сесіі даведалася? – абураецца Дзмітры. – Я стаю на тым судзе як небарака, без абаронцы… Перанеслі пасяджэнне на 17 мая. Колькі я ўжо сіл аддаў і на той рамонт, і цяпер, каб дабіцца дапамогі таварыства.
Фота svar.by.
Таварыства: “Нават крыўдна гэта чуць”
Начальнік юрыдычнага аддзела таварыства абароны правоў спажыўцоў Кацярына Балашова пракаментавала сітуацыю са спажыўцом Дзмітрыем:
– Сапраўды, ён звярнуўся 13 снежня, яго справай займалася я, і на той момант мы дапамаглі скласці прэтэнзію. Але пасля пайшла ў адпачынак, і на гэты час перадала справу калезе. Наколькі мне вядома, патрэбная праца праводзілася з ім у поўным аб’ёме. У красавіку давялося на месяц з’ехаць, і справу зноў я перадала таму ж спецыялісту. Мы не пакінулі яго аднаго. Сапраўды, падчас суда ў яе была сесія. Чаму папярэдзіла толькі раніцай? Верагодна, меркавала, што атрымаецца запрасіць на суд калегу з мінскага офіса таварыства.
Ніхто наўмысна не спрабаваў яму насаліць. У нас жа і свая зацікаўленасць – калі выйграем справу, то пакрыем свае расходы.
У нас усе спецыялісты атэставаныя, кампетэнтныя і маюць юрыдычную адукацыю. У любой арганізацыі магчымыя такія замены. Гэту справу я лічу складанай, таму што даказальнай базы было вельмі мала, і мы нават думалі, ці брацца ўвогуле за яе.
Юрыст кажа: сам факт, што таварыства прыняло справу, хаця і без ніякіх пацвярджальных дакументаў, значыць, што яны падтрымліваюць спажыўца:
– Я папярэджвала, што мы не можам гарантаваць выйгрыш. Яшчэ была праблема ў тым, што да адказчыка не даходзіла карэспандэнцыя. Дасылаем ліст, ён 30 дзён ляжыць на пошце, пасля вяртаецца. Таму спрэчка расцягнулася. Цяпер справа ў судзе, яна прынятая да вытворчасці.
Фота Hi-Fi.ru.
У тым, каб справа ўсё ж дайшла да суда, дапамог сам адказчык:
– Я размаўляла з гэтым прадпрымальнікам, ён пацвердзіў, што рамантаваў машыну. Толькі адмаўляецца, што адрамантаваў няякасна. Дзякуючы гэтаму мы і змаглі звярнуцца ў суд.
У спажыўца не захавалася ні чэкаў, ні іншых дакументаў, а цяпер шмат прэтэнзій да нас.
Кацярына Балашова патлумачыла і пытанне з “бязвыплатнасцю”:
– Мы заключаем дагавор бязвыплатнага аказання паслуг. Мы іх аказваем бязвыплатна, але, паводле Статута, маем права браць добраахвотныя ўнёскі. Пра гэта мы гаварылі спажыўцу. Праца, якую мы выканалі: склалі прэтэнзію спажыўца, сваю прэтэнзію, іскавую заяву, хадайніцтва, зварот у міністэрства – нават крыху крыўдна чуць, што мы нічога не зрабілі.
Ёсць вельмі простыя справы, а тут мы выціскаем усё па крупінках.
Перспектывы справы маладзечанца Дзмітрыя начальнік юраддзела ацэньвае так:
– Справа ў вытворчасці, значыць, спрэчны момант там ёсць. Патрэбная экспертыза, якая ўстановіць, ці быў рамонт зроблены якасна. На маю думку, шанцаў выйграць больш, чым прайграць.
Офіс гарадскога таварыства абароны правоў спажыўцоў месціцца ў Маладзечне па адрасе: вул. Віленская, 12, каб. 23.
Графік працы: пн-пт 9:00-18:00, абед 13:00-14:00; сб 11:00-15:00.
Тэлефоны бясплатнай гарачай лініі: (80176) 50-41-43 ці (8029)764-24-07.