Ператрус у старшыні Аршанскага райвыканкама Леаніда Пянькоўскага не звязаны з расследаваннем карупцыйных справаў. Пра гэта ў каментары Еўрарадыё паведаміў начальнік аддзела інфармацыі і сувязі з грамадскасцю цэнтральнага апарата Следчага камітэта Сяргей Кабаковіч.

“Следчы камітэт у рамках даручэння кіраўніка дзяржавы разглядае зварот Адміністрацыі прэзідэнта ў сувязі з магчымым парушэннем правоў старшыні Аршанскага райвыканкама. У цяперашні час можам паведаміць той факт, што сітуацыя не звязаная з крымінальнымі справамі і праверкамі карупцыйнай накіраванасці”, — падкрэсліў ён

Пра ператрус у Леаніда Пянькоўскага стала вядома 22 траўня, калі Аляксандр Лукашэнка праводзіў працоўную сустрэчу са старшынёй Следчага камітэта Іванам Наскевічам. Кіраўнік дзяржавы быў абураны тым, што ў чыноўніка з яго кадравага рэестра адбыўся ператрус без яго ведама. 

Як перадавала Еўрарадыё, Лукашэнка загадаў Наскевічу разабрацца ў сітуацыі і даць “мужчынскую, сапраўдную ацэнку гэтай сітуацыі”. 

Еўрарадыё.