Ад 25 мая да 5 чэрвеня дзяржаўтаінспекцыя Маладзечна правядзе рэспубліканскае спецыяльнае комплекснае мерапрыемства “Увага – дзеці!”

Кіроўцаў просяць рухацца ў светлы час сутак з уключаным бліжнім святлом фараў альбо дзённымі хадавымі агнямі (пры іх наяўнасці) і быць надзвычай уважлівымі і асцярожнымі.

За парушэнне патрабаванняў пагражае штраф да дзвюх базавых велічынь (да 46 рулёў).

Падчас дадзенага мерапрыемства супрацоўнікі міліцыі грамадскай бяспекі сумесна з работнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Маладзечанскага райвыканкама правядуць комплекс мерапрыемстваў:

  • рэйды па знаходжанні парушэнняў правілаў дарожнага руху дзецьмі і ў далейшым прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасці дарослых,
  • прасочаць за тым, як перавозяць дзяцей у машынах, а таксама падчас цэнтралізаваных паездак (музеі, тэатры, спартыўныя спаборніцтвы і іншае),
  • правядуць выступленні ў рабочых калектывах аб неабходнасці рухацца ў светлы час сутак з уключаным на транспартным сродку бліжнім святлом фараў.

Аналіз аператыўнай абстаноўкі ў сферы дарожнага руху сведчыць, што ад чэрвеня да верасня абвастраецца праблема дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму. За чатыры месяцы на тэрыторыі Мінскай вобласці з удзелам непаўналетніх зарэгістравана дзевяць дарожна-транспартных парушэнняў, на сем менш, чым летась. 13 дзяцей атрымалі траўмы – на чатыры менш, чым летась. Загінулых не зарэгістравана.

На тэрыторыі Маладзечанскага раёна з пачатку бягучага года зарэгістравана 16 дарожна-транспартных здарэнняў, у якіх чатыры чалавекі загінулі, 19 атрымалі цялесныя пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. Адна аварыя была па віне нецвярозага кіроўцы. З удзелам непаўналетніх зарэгістравана адно дарожна-транспартнае здарэнне, у якім адно дзіця атрымала траўмы рознай ступені цяжкасці.