На мерапрыемстве, якое адбылося 19 мая, прысутнічалі настаўнікі і навучэнцы гімназіі, былыя кіраўнікі ўстановы Таіса Чэрапава і Вольга Малярэвіч, цяперашняя дырэктарка Таццяна Радкевіч, настаўнікі-ветэраны, члены сем’яў педагогаў, якім быў прысвечаны вечар.

Разважаючы пра званне настаўніка, яго прызначэнне, прысутныя цёплымі словамі ўспомнілі імёны калегаў, якіх ужо няма з намі: настаўніка матэматыкі Алега Пузырэўскага, настаўніка пачатковай ваеннай падрыхтоўкі Якава Баразінца, настаўніцы пачатковых класаў Эры Еўдакімчык, бібліятэкаркі Марыі Пятровай і многіх іншых. Пасля хвіліны маўчання школьны хор педагогаў “Світанак”, якім некалі кіраваў  апантаны Мікалай Елісеенка, выканаў “Малітву” і яшчэ некалькі песень у суправаджэнні баяніста.

Хор настаўнікаў Світанак. Фота Мікалая Шчыгельскага.

Хор настаўнікаў Світанак. Фота Мікалая Шчыгельскага.

З апошняга дня памяці прайшло больш за пяць гадоў. Пра настаўнікаў, якія пакінулі гэты свет, успаміналі іх сябры і калегі.

Настаўніца хіміі Марына Кавалёва прыгадала Івана Буйвідовіча, які вёў урокі фізічнай культуры. А яшчэ кіраваў шахматна-шашачным клубам. Па вечарах заўзятыя шахматысты разбіралі арыгінальныя шахматныя камбінацыі, развівалі логіку, неабходную ў вывучэнні дакладных навук. На працягу многіх гадоў яго навучэнцы перамагалі ў раённых і абласных турнірах. Былая вучаніца, а цяпер педагог гімназіі Дар’я Хацкевіч нават прынесла на сустрэчу шашкі і кнігі, якія Іван Іванавіч падарыў ёй пасля перамогі на спаборніцтвах. А з якім нецярпеннем дзеці чакалі паходы па памятных мясцінах Беларусі, якія арганізоўваў настаўнік фізкультуры!

15 лістапада 2015 года не стала настаўніцы гісторыі Тэрэзы Аноп, якая аддала 37 гадоў нашай гімназіі. Хоць усе ведалі, наколькі сур’ёзная яе хвароба, але ўсё ж такі не хацелася верыць у тое, што адбылося. Захворванне развівалася імкліва, але жанчына, не губляючы ўласцівай ёй годнасці, стойка пераносіла нягоды.

Валерыя Маскалік чытае верш. Фота Мікалая Шчыгельскага.

Валерыя Маскалік чытае верш. Фота Мікалая Шчыгельскага.

  –  Усе мы ведалі Тэрэзу Іванаўну як мудрага і душэўнага чалавека, як эталон высокай унутранай культуры. Прафесіянал, тонкі псіхолаг, творчы педагог, яна вучыла дзяцей думаць, аналізаваць, разумець гісторыю, падымала іх, усяляючы веру ва ўласныя сілы, – успамінае настаўніца гісторыі Ірына Сушко.

Нялёгкім было жыццё Ніны Сыракваш. Яна вырасла ў сялянскай сям’і і пра цяжкія працоўных будні ведала не па чутках. Калі выпадала вольная хвіліна, дзяўчынка спяшалася на луг, разнатраўе якога, па словах бабулі, дапамагала лячыць людзей ад мноства хвароб. І тады яна цвёрда вырашыла стаць настаўніцай біялогіі. Але яе лёс цесна пераплёўся з трагічнымі падзеямі гісторыі нашай краіны. 1941  –  год заканчэння школы і… вайна. Толькі ў 1946 годзе дзяўчына змагла ажыццявіць сваю мару. У 1958 годзе Ніна Міхайлаўна ўпершыню пераступіла парог нашай школы, дзе працавала 20 гадоў.

Сын Георгія Корсака – Іван. Фота Мікалая Шчыгельскага.

Сын Георгія Корсака – Іван. Фота Мікалая Шчыгельскага.

Паўстагоддзя таму ў Маладзечне часта гаварылі пра трох магутных кітоў у галіне дакладных навук, на якіх трымалася сёмая школа. Сярод іх было імя Георгія Корсака – яркай зоркі на небасхіле айчыннай педагогікі, якая пакінула значны след у лёсах сваіх вучняў і калегаў. Корсак быў, ёсць і будзе прыкладам для многіх, таму што быў не проста настаўнікам, а смелым наватарам. Сваімі ўспамінамі падзяліўся сын Георгія Корсака Іван. Першае, што запомнілася, – гэта тое, што бацькі практычна ніколі не было дома, ён ішоў на працу раніцай, а прыходзіў позна вечарам. У памяці застаўся і вялікі партфель, у якім, акрамя сшыткаў, канспектаў і напісаных ім кніг, заўсёды знаходзілася месца для прысмакаў, якімі ён частаваў сваіх дзяцей.

На працягу ўсяго мерапрыемства ў выкананні вучняў гучалі вершы і музычныя нумары, прысвечаныя памяці былых настаўнікаў гімназіі.