Для тых, хто жадае паступіць у гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, праводзяцца тры ўступныя іспыты: па беларускай мове, рускай мове, матэматыцы. Для жадаючых паступіць у гімназіі-каледжы мастацтваў – два ўступныя іспыты: па беларускай або рускай мове на выбар і матэматыцы, а таксама праводзіцца праверка здольнасцей у галіне асобных відаў мастацтва.

Іспыт па рускай мове правядуць 2 чэрвеня (дыктант), матэматыцы – 5 чэрвеня (кантрольная работа), беларускай мове – 7 чэрвеня (дыктант). Праверка здольнасцей у галіне асобных відаў мастацтва адбудзецца 9 чэрвеня. 10 чэрвеня – рэзервовы дзень для правядзення ўступных іспытаў і праверкі творчых здольнасцей для тых, хто па ўважлівых прычынах не змог з’явіцца на ўступныя іспыты (праверку здольнасцей у галіне асобных відаў мастацтваў) ва ўстаноўленыя тэрміны. Пачатак усіх іспытаў – у 11:00.

Тэксты і заданні для правядзення ўступных іспытаў па вучэбных прадметах, у тым ліку ў рэзервовы дзень, аб’яўвяць па тэлебачанні і радыё.

Пры прыёме ў гімназіі, гімназіі-інтэрнаты, гімназіі-каледжы мастацтваў ўлічваюць як вынікі ўступных іспытаў па названых вучэбных прадметах, так і гадавыя адзнакі па іх, атрыманыя пасля завяршэння навучання і выхавання на І ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў 2017 годзе.

Пры роўнай колькасці балаў (гэта значыць роўнай суме балаў па выніках уступных іспытаў і гадавых адзнак) пераважнае права на залічэнне ў гімназіі, гімназіі-інтэрнаты маюць асобы з больш высокім сярэднім балам гадавых адзнак за 4-ы клас, а ў гімназіі-каледжы мастацтваў — тыя, хто набралі большую колькасць балаў па выніках праверкі здольнасцей у галіне асобных відаў мастацтваў.

Загад аб залічэнні вучняў у гімназіі павінен быць аформлены не пазней за 12 чэрвеня.

Калі вучань не прыняты па выніках уступных іспытаў у гімназію, гімназію-інтэрнат, гімназію-каледж мастацтваў, у якой атрымаў пачатковую адукацыю, ён можа прадоўжыць навучанне ва ўстанове адукацыі па месцы жыхарства або іншай установе адукацыі.