– Са сталымі людзьмі мы пачалі працаваць ад 2014 года. Сёння нашых гурткоўцаў – 65, – распавяла загадчыца аддзялення дзённага знахо­джання цэнтра Марына Макарава.
Самым маладым навучэнцам – крыху за 60, старэйшым – амаль 90. Жанчын – большасць. Мужчын значна менш: 7-9 чалавек з усіх 65.

Па назіраннях Марыны, калі жанчынам больш цікава займацца рукадзеллем і творчасцю, то мужчынам даспадобы інтэлектуальныя віды дзейнасці.
Ужо некалькі разоў прадстаўнікі моцнай паловы прыходзілі ў цэнтр і прапаноўвалі супрацоўнікам адкрыць шашачны клуб. Магчыма, ён з’явіцца ў цэнтры ад верасня.

Навошта камп’ютар у 70 год

Чаму ж вучаць ва ўзросце “60+”? Пералік уражвае: праца на камп’ютары, рукадзелле, замежныя мовы, літаратурная творчасць, псіхалогія, вакал, аквааэробіка.
Па словах Марыны Макаравай, адным з самых запатрабаваных гурткоў з’яўляецца “Май­стар-NET”. Тут вучаць працаваць на камп’ютары.

– А навошта камп’ютар у семдзесят? – спытала я і тут жа адчула сорам ад такога недарэчнага пытання.

Аказалася, пенсіянерам камп’ютар патрэбны так, як і маладым. А можа, яшчэ больш. Па-першае, у шматлікіх наведнікаў камп’ютарнага гуртка дзеці жывуць за мяжой. Таму як жа клапатлівым бацькам абысціся без скайпа і электроннай пошты?

Ды і ў сацыяльных сетках на пенсіі можна “пасядзець”. Асаблівай папулярнасцю, па словах Марыны Макаравай, у бабуляў і дзядуляў карыстаюцца “Аднакласнікі”. Фэйсбук і “Укантакце” – менш.

Самаробныя паштоўкі.

Самаробныя паштоўкі.

Сярод наведнікаў цэнтра ёсць і творчыя людзі. Ім камп’ютар патрэбны для таго, каб друкаваць свае вершы і апавяданні, рабіць брашуры ўласных твораў, рыхтаваць кнігі да выдання.
Тым больш, у цэнтры ёсць магчымасць развіваць літаратурныя здольнасці. На валанцёрскіх пачатках аб’яднаннем “Дамінанта душы”, дзе збіраюцца літаратары, кіруе філолаг, былая дырэктарка школы Антаніна Гарчакова.

– А бывае так, – дзеліцца Марына, – што пенсіянер, якому крыху за 60, навучыцца ў нас працаваць на камп’ютары, а пасля і працу сабе знойдзе. Цяпер жа амаль усюды неабходныя навыкі работы з камп’ютарам.

У госці да польскіх пенсіянераў

Пенсія – час, калі можна зрабіць шмат карыснага. Напрыклад, вывучыць замежныя мовы. У цэнтры працуюць гурткі “Размаўляем на англійскай” і “Польская мова”.

Польскую выкладае валанцёр Ірына Глушак. Яна сама добра вывучыла мову суседзяў. Хутчэй за ўсё, веданне поль­скай мовы спатрэбіцца наведнікам для зносін з пенсіянерамі Польшчы.
Марына Макарава расказала, што цэнтр супрацоўнічае з польскім універсітэтам трэцяга ўзросту ў Вроцлаве.

Менавіта па ўзору такіх устаноў у Вілейцы працуюць са сталымі людзьмі. Загадчыца не выключае, што ў хуткім часе зладзяць нейкія абменныя візіты пенсіянераў з Вілейкі і Вроцлава.

Сярод кіраўнікоў гурткоў ёсць як штатныя супрацоўнікі цэнтра, так і валанцёры-пенсіянеры. Напрыклад, хтосьці ўмее добра вязаць. Чаму б не навучыць гэтаму іншых жанчын? Вязаць кручком сваіх сябровак навучае самая старэйшая наведніца – 89-гадовая Ганна Пятрова.

Яна ж дзеліцца досведам пляцення фрывалітэ – прыгожых старажытных карункаў з багатай гісторыяй.

Як маму-пенсіянерку прывяла на заняткі дачка-пенсіянерка

Аднак і 89 год – гэта не самая высокая ўзроставая мяжа. Да нядаўняга часу цэнтр наведвала Ганна Санкоўская, якой быў 91 год. І прыходзіла яна сюды разам са сваёй 70-гадовай дачкой-пенсіянеркай.

Вырабы наведвальнікаў ганчарнага гуртка.

Вырабы наведвальнікаў ганчарнага гуртка.

Раз на тыдзень наведнікі гурткоў рукадзелля выязджаюць у Дамы рамёстваў у Ізбіно і Каловічы. І тут ужо займаюцца не сучасным скрапбукінгам – вырабам незвычайных паштовак, а беларускімі народнымі рамёствамі: плятуць з саломкі або лазы.

Ёсць ахвотныя займацца ганчарствам. Да нядаўняга часу такі гурток вяла валанцёрка Галіна Ваўчкова.

Вырабы гурткоўцаў выкарыстоўваюць у якасці прызоў і падарункаў на розных гарадскіх мерапрыемствах, выстаўляюць, прадаюць на гарадскіх і раённых кірмашах.

Галіна Голуб, былая настаўніца беларускай мовы і літаратуры, вырашыла на пенсіі праявіць сябе ў журналістыцы і вёрстцы. Яна – галоўны рэдактар газеты цэнтра “Дзённы субяседнік” і кіраўнік гуртка “Паліграфічная вясёлка”.

Аквааэробіка: каб не калола і не балела

Здароўе – адно з самых злабадзённых пытанняў для людзей сталага ўзросту. У цэнтры можна займацца скандынаўскай хадой, аквааэробікай. Заняткі ў вілейскім басейне право­дзіць трэнер Наталля Бяганская.

– Фізічныя нагрузкі вытрымлівае не кожны, – дзеліцца назіраннямі Марына Макарава. – “Новенькія” часта наведаюць басейн раз-другі і сыходзяць.

А тыя, хто сябруе з фізкультурай пастаянна, заўважаюць, што займацца плаваннем, як і любым спортам, трэба рэгулярна. Бо ў час вымушаных перапынкаў “то тут баліць, то там коле”.

Карункам фрывалітэ жанчын вучыць Ганна Пятрова.

Карункам фрывалітэ жанчын вучыць Ганна Пятрова.

Ёсць гараджане, кажа Марына, якія б хацелі стаць наведнікамі нашых гурткоў, але мы не можам іх прыняць у сілу “юнага” ўзросту. Справа ў тым, што наведваць дзённае аддзяленне Цэнтра тэрытарыяльнага абслугоўвання можна пачынаючы ад 60 год.

– Мы, канешне, нікога не праганяем, – кажа загадчыца аддзялення. – Людзі прыходзяць паглядзець на мерапрыемствы, часам нечым займаюцца ў гуртках.
Аднак афіцыйна іх прыняць тут не могуць. Некаторыя, дарэчы, так і “даходжваюць”, пакуль не споўніцца 60. А потым прыходзяць у гурткі ўжо на законных умовах.

Па словах Марыны, яна толькі курыруе дзейнасць аддзялення. На ўсё астатняе хапае актыўнасці яе “падапечных”. Яны самі ладзяць мерапрыемствы і пася­джэнні. А здараецца, што адзін за аднаго могуць гурток правесці.

Літаратура і камп’ютар для вязынскіх пенсіянераў

Працуе цэнтр пераважна з гарадскімі пенсіянерамі. А што рабіць сталым людзям на вёсцы, якія таксама не супраць праявіць сябе?

ля такіх актыўных вясковых пенсіянераў у маі 2016 года адчынілі сацыяльны пункт у Вязыні на Вілейшчыне. Тут таксама можна навучыцца працаваць на камп’ютары, паспрабаваць сябе ў літаратурнай творчасці і ўмацаваць здароўе.

Усе гурткі працуюць два разы на тыдзень. І амаль усе бясплатныя.

Бліжэй да лета большасць адукацыйных гурткоў прыпыняюць працу. Вілейскія пенсіянеры – людзі актыўныя. Маюць агароды, лецішчы. Таму з пачаткам пасяўной становіцца не да гурткоў.

Для тых, хто знахо­дзіць час прыйсці ў летнія месяцы, супрацоўнікі прапануюць экскурсіі, паходы, культурна-масавыя мерапрыемствы. Такія сустрэчы, на думку Марыны, кампенсуюць зносіны, якія чалавек губляе з выхадам на пенсію.