Пра тое, як беларускія жанчыны баранілі вёскі ад усяго ліхога, як перадаваліся чароўныя сілі і што бывае, калі варажыць з люстэркам, распавёў госць заняткаў маладзечанскіх курсаў “Мова нанова”.

Заняткі прайшлі ў аўторак, 16 мая.

Этнограф, фалькларыст, даследчык традыцыйнай культуры Аляксей Глушко для слухачоў курсаў акрэсліў некаторыя моманты беларускіх магічных практык. Звесткі, якія прыводзіў у прыклад, ён адшукваў падчас даследчых экспедыцый па розных раёнах Беларусі.

Што такое іншы свет

Асновай разумення магіі было падзяленне на гэты свет і іншы, нябачны. Меркавалася, што іншасвет – гэта пляцоўка для звышнатуральных сіл, а з дапамогай магіі чалавек уз­дзейнічае на іх так, каб яны дапамагалі. Было такое разуменне, што іншасвет – ён такі самы, як і наш, толькі там усё наадварот. Калі ў гэтым чалавек памірае, то там нараджаецца.

Гэта разуменне беларусы выкарыстоўвалі і на практыцы.

Фота comasscrewing.ru.

Фота comasscrewing.ru.

Многія рытуалы выконвалі для добрага ўраджаю.

Напрыклад, заблукаўшы ў лесе, мянялі чаравікі з нагі на нагу – левы абувалі на правую нагу, а правы – на левую, ці апраналі ­адзенне навыварат. Меркавалася, што гэта дапамагала знайсці правільную дарогу.

У лексіцы ёсць такая адметнасць. Беларусы ўжывалі слова “ведае” ці “знае” без азначэння, калі прадмет гаворкі тычыцца сакральных рэчаў: “Вось тая ведае”. Гэта значыць, што названы валодае ведамі, з якімі незнаёмы звычайны чалавек.

Адваджвалі ліхое

Частка магічных практык тычылася каляндарных абрадаў, якія паўтараліся з году ў год. Гэта звязанае з земляробчымі працамі і ўраджаем. Напрыклад, заворванне для блаславення ад духаў жытняга поля, провады русалкі на Русальны тыдзень, зажынанне.

Напоўненыя сімволікай былі і сямейныя абрады, напрыклад, хрэсьбіны. Дзіця трэба было абнесці вакол стала, каб трымаўся роднага ганка, а перадаючы кумам, на парог пакласці сімвалы, якія адлюстроўваюць якасці, што бацькі жадаюць сыну ці дачцэ. Гэта могуць быць грошы для пажадання багацця, кніга для пажадання добрай навукі.

Фота news.21.by.

Фота news.21.by.

У абрадзе хрэсьбінаў шмат сімволікі, мэта якой паспрыяць дзіцяці ў шчасці.

Некаторыя абрады рабілі калектыўна. Для таго, каб выклікаць чаканы дождж, жанчыны праводзілі абрад праворвання ракі. У час, калі край напаткала вялікая бяда – вайна ці эпідэмія, – жанчыны праводзілі абрад, які нібы ставіў абаронную мяжу вёскі, за якую не можа заступіць нішто ліхое. Такую мяжу ставілі, запрогшыся ў плуг і праводзячы баразну вакол вёскі.

У час Вялікай Айчыннай вайны ў некаторых вёсках жанчыны праводзілі абыдзенны абрад. За суткі яны павінны былі вырабіць ахвярнае ільняное палатно, абысці з ім мяжу вёскі, а пасля аддаць у царкву ці павязаць на прыдарожны крыж.

Як варажылі

Варажба – адна з самых інтрыгуючых частак магічных практык. Многія дзяўчаты і цяпер варожаць на суджанага на Каляды. Пра некаторыя выпадкі прыгадаў і даследчык. У адной вёсцы дзяўчаты пяклі блін і клалі на падлогу. Чый блін першым ухопіць сабака, тая першай выйдзе замуж.

Атрымалася, што сабака спачатку пацягнуў адзін блін, а пасля ўсё ж выбраў іншы. Так і атрымалася: выйшла замуж гаспадыня першага бліна, а неўзабаве муж яе кінуў. За ёй выйшла замуж другая.

Самай страшнай варажбой лічыцца практыка з люстэркам. Два люстэркі трэба паставіць адно насупраць другога, а па баках запаліць свечкі. Глядзець трэба ў адну кропку. Нібыта дзяўчына ўбачыць калідор, адчыняцца дзверы, і яна пабачыць свайго суджанага.

Фота tropica.ru.

Фота tropica.ru.

Так і зрабіла адна беларуска. Убачыла прыгожага салдата з шабляй і вырашыла выцягнуць з люстэрка яго шаблю – на памяць. Праз нейкі час у суседнюю вёску прыйшоў салдат, маладыя сустрэліся, спадабаліся адзін аднаму, зладзілі вяселле.

І ўжо маладая жонка распавядае мужу, як варажыла і забрала шаблю. Яна дастала шаблю з куфра і паказала яе. Муж раз’юшыўся: на раніцу ў іх было важнае пастраенне, а ён з’явіўся без зброі. Яго моцна пакаралі. Мужчыну ўзяла такая злосць, што ён той шабляй і забіў жонку.

Як стаць чараўніком

У людзей, якія “ведалі”, была свая іерархія. Прычым да чараўніка звычайна ставіліся з павагай, крыху пабойваліся. А былі такія чараўнікі, якія ўжо не валодалі сваёй сілай, а наадварот: духі валодалі імі. Такія ведзьмакі маглі рабіць шкоду, станавіліся небяспечнымі, найперш для родных. Ад іх стараліся пазбавіцца – выгнаць з вёскі.

Лічылася, што чараўнік павінны ўмець адрабіць шкоду. І што той, хто “знае”, не можа рабіць дрэннага, з помсты ці з карысці. Выключэннем быў адзін выпадак. Калі пакрыўдзілі дзяцей ці ўнукаў чараўніка, лічылася дапушчальным, калі ён пры дапамозе сваіх сіл адпомсціць крыўдзіцелю.

Фота kramola.info.

Фота kramola.info.

Магічную сілу ўспрымалі, як нешта матэрыяльнае, што можна перадаць. Чараўніцтву звычайна вучылі кагосьці з нашчадкаў, але маглі прыняць і ў навуку.

У адной з вёсак у навуку да чараўніка пайшло трое братоў. Ён завёў іх у еўню, пачараваў, і там замест адной сцяны хлопцы ўбачылі сваю вёску, да якой было з дзесяць кіламетраў. Як цяпер бы сказалі, нібы па тэлевізары відаць, хто і што робіць. Двое братоў спужаліся і збеглі, а адзін застаўся вучыцца.

Аднак навука – гэта толькі частка чараўніцтва, другая ж частка – сіла. Лічылася, што чараўнік не можа памерці, пакуль гэту сілу не перадасць камусьці з людзей, таму што проста ў пустату перадаваць яе было небяспечна.

Адна жанчына хацела перадаць сілу сваёй дачцэ. Дачка ж прымаць яе не хацела. Разумеючы, што паміраючая маці неяк угаворыць, яна нават з’ехала, каб маці не змагла яе пераканаць.

Аляксей Глушко распавёў, што чараўнікі павінны былі прайсці тры ступені ініцыяцыі (абрад, пры якім адбываўся пераход на новую ступень развіцця). Трэцяя – самая страшная, даследчык нават не рызыкнуў раскрыць дэталі слухачам.
Сказаў толькі, што сіла чараўніка суадносілася з тэрыторыяй. Чым магутней ён – тым далей пра яго ведалі. А сярод супольнасці тых, хто “знае”, праводзіліся сустрэчы ў карчме. Яны мераліся, хто мацнейшы, ці поглядам вочы ў вочы, ці хто вышэй позіркам падыме шклянку.

Даследчык магіі падказаў, што і цяпер у многіх вёсках ёсць тыя, хто “ведае”.