Жыхары дома №25 па вуліцы Віленскай сваімі сіламі зрабілі рамонт у пад’ездзе.
Цяпер яны хочуць даць пад’езду імя настаўніцы, якая калісьці жыла ў ім.
Ідэя рамонту з’явілася ў жыхара пад’езда Анатоля Багдановіча ў лістападзе мінулага года.
– Я не скажу, што да гэтага пад’езд быў брудны, – кажа Анатоль Веньямінавіч, – але быў звычайны, як і ва ўсіх. Я звярнуўся з гэтай прапановай да суседзяў, і яны не адмовілі.
Анатоль Багдановіч звярнуўся ў свой ЖРЭУ №6 з просьбай падлічыць, у якую суму абыдзецца касметычны рамонт у 20-кватэрным пад’ездзе.
ЖРЭУ налічылі суму 50 рублёў з кватэры.
За гэтыя грошы пафарбавалі сцены, столь, падлогу, замянілі лямпы ў пад’езде.
Усяго за некалькі дзён маляры Ірына Левакова і Наталля Алейчык пафарбавалі ўвесь пад’езд.
Аднак жыхарам пад’езда падалося гэтага мала. І ў справу ўступіла творчасць і крэатыўнасць.
Кожны лесвічны пралёт жыхары таго ці іншага паверха аздаблялі на свой густ.
Так на падлозе аднаго паверха з’явіліся геаметрычныя ўзоры, на паверсе другога расцвілі ружы.
На пляцоўку нехта з жыхароў вынес мяккае крэсла. А што, кажуць жыхары, і сумку паставіць, калі ключы ад дзвярэй шукаеш, і так прысесці, калі з суседкамі выйдзеш пагутарыць.
Мясцовыя гаспадыні Алена Багдановіч, Ірына Барыскевіч, Соф’я Бладыка на вокны зачапілі фіранкі, паставілі кветкі.
– Хочам яшчэ карнізы павесіць, – дзеліцца планамі Ірына Барыскевіч.
Самае прыемнае ў гэтым тое, што карнізы жыхары будуць купляць не за свой кошт.
У конкурсе па добраўпарадкаванні жыхары Віленскай, 25 сталі лепшымі са 168 пад’ездаў. І Маладзечанскі райвыканкам абяцаў за гэта грашовую прэмію.
– Па-першае, – кажа Анатоль Веньямінавіч, – раздам жыхарам грошы за паштовыя скрыні.
Калі рамонт быў у самым разгары, жыхары вырашылі скінуцца, каб замяніць і паштовыя скрыні таксама.
– Былі страшныя паштовыя скрыні, якія віселі адразу пры ўваходзе ў пад’езд. Цяпер скрыні новыя, павесілі іх у іншым месцы, а пры ўваходзе ў пад’езд павесілі карціну, якую намаляваў мясцовы мастак.
Цяпер жыхары пад’езда мараць запрасіць у госці Святлану Бароўскую, бо ў гэтым пад’ездзе калісьці жыла настаўніца зоркі беларускага тэлебачання Людміла Станіславаўна Акладнікава.
Святлана была раней частай госцяй у пад’ездзе. І цяпер жыхары хочуць, каб яна даведалася, якую прыгажосць стварылі жыхары сваімі рукамі, і падтрымала ідэю назваць пад’езд імем гэтай настаўніцы.