У 2014 годзе невідушчы выкладчык з Маладзечна Аляксандр Еўдакімаў спрычыніўся да распрацоўкі мабільнага дадатку, які пры навядзенні камеры распазнаваў бы грошы і тым самым палягчаў жыццё слабавідушчым альбо невідушчым людзям.

Мужчына знайшоў такую праграму, аднак яна распазнавала толькі долары і еўра. Ён звярнуўся да распрацоўшчыкаў, каб тыя ўнеслі змены і праграма магла распазнаваць іншыя грошы. Распрацоўшчык адмовіўся, але сказаў, што гэта можа зрабіць сам Аляксандр, падзяліўся кодамі. На прапанову адгукнуўся праграміст з Адэсы Алег Тайструк, які працуе ў школе-інтэрнаце для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі зроку. Ён перапісаў коды і дапоўніў праграму.

На сёння праграма распазнае 80 валют і палягчае жыццё чатыром тысячам карыстальнікаў. Перавага яе яшчэ ў тым, што дадатак не патрабуе падключэння да інтэрнэта.

На тое, каб запусціць тэставую версію, пайшлі два месяцы. З першага дня дэнамінацыі праграма паспяхова распазнае банкноты новага ўзору. Паралельна з гэтым апошнія два гады вядзецца праца над глабальным абнаўленнем ўсёй праграмы, каб працэс распазнавання банкнотаў быў яшчэ больш хуткім і дакладным.

Дадаткам можа карыстацца жыхар любой краіны бясплатна.  Аднак вы можаце купіць платную версію, якая каштуе да 5 долараў, і тым самым падзякаваць распрацоўшчыкам за работу. Напрыклад, два амерыканцы ахвяравалі па 50 долараў.

Задума стварыць камасутру прыйшла за ранішняй кавай

Аляксандр Еўдакімаў стварыў дадатак “Камасутра для невідушчых”, якім можна карыстацца з дапамогай планшэта ці тэлефона. Фота Галіны Судніковіч.

Аляксандр Еўдакімаў стварыў дадатак “Камасутра для невідушчых”, якім можна карыстацца з дапамогай планшэта ці тэлефона. Фота Галіны Судніковіч.

На гэтым сумесная праца Аляксандра Еўдакімава і Алега Тайструка не скончылася.

– Неяк раніцай за кавай мне прыйшла ў галаву неверагодная ідэя, – дзеліцца думкамі Аляксандр. – А чаму б не стварыць забаўляльны дадатак. Цяпер палепшылі жыццё невідушчым людзям: створана шмат фільмаў, якія расказваюць, што адбываецца на экране, шмат аўдыё. І толькі адна тэма ў постсавецкіх краінах нібы наўмысна абмінаецца – сэксуальныя адносіны. У той жа час гэта вельмі важна для любога чалавека як з псіхалагічнага боку, так і фізіялагічнага. І я вырашыў стварыць інструкцыю па мастацтве кахання, па-іншаму, камасутру для невідушчых.

Гэты праект задумваўся як дадатак да тэлефонаў і планшэтаў.

У задачы Аляксандра ўваходзіла стварыць тэкставую і апісальную часткі, Алег Тайструк павінны быў тэхнічна ўвасобіць задуму ў жыццё.

– Трэба зазначыць, што большая частка камасутры – гэта філасофія кахання, сэксуальных адносінаў, а ўжо потым тэхнічная частка, апісанне разнастайных поз, – тлумачыць вынаходнік. – Я ж, працуючы над праектам, пайшоў у зваротным кірунку, больш звыклым для разумення людзей: пачаў з тэхнікі, аповеду пра позы, а ўжо потым палічыў правільным углыбляцца ў філасофію.

Атрымаў каля 600 картак з апісаннем поз

У Аляксандра атрымалася каля 600 картак з апісаннем поз. Фота basov.ucoz.com.

У Аляксандра атрымалася каля 600 картак з апісаннем поз. Фота basov.ucoz.com.

Першапачаткова Аляксандр знайшоў тэксты адпаведнай тэматыкі, сярод іх індыйская кніга “Галіна персікаў”, старадаўнія кітайскія і японскія трактаты па мастацтве кахання, а таксама сучасныя інструкцыі. Напачатку Аляксандр выбраў апісанні разнастайных поз, выпісаў іх на карткі. Калі ўлічыць, што многія позы з розных крыніц былі аднолькавыя, атрымалася каля 600 апісанняў.

– Адразу ж я перакладаў карткі на англійскую мову, – распавядае маладзечанец. – Гэта абумоўлена тым, што дадатак задумваўся платным. Рускамоўныя карыстальнікі больш кансерватыўныя, калі закранаецца асабістае жыццё, а тым больш яго інтымная частка. Таму разлічваць, што будуць вялікі продажы, не даводзілася. Каб прадаць дадатак, варта было працаваць з міжнароднай мовай – англійскай. Нашы меркаванні пацвердзіліся: большая частка замоваў была менавіта з замежжа. Набывалі праграму таксама людзі з Расіі, Крыма, некалькі чалавек з Мінска.

На тэкставую частку ў Аляксандра пайшлі два месяцы, ліпень і жнівень 2015 года. Далей Алег Тайструк пачаў працаваць над распрацоўкай праграмы, якая  з’явілася ў продажы летась у лістападзе.

Дадатак каштуе 5 долараў. За пяць месяцаў работы праграмы ўдалося атрымаць 250 долараў. Гэта значыць, што праграму набылі 50 чалавек.

Невялікую суму даходаў Аляксандр звязвае з тым, што няшмат невідушчых людзей карыстаюцца банкаўскімі карткамі, тым больш, нямногія вырашаюць выдаткаваць грошы на мабільны дадатак.

Тэставаў праграму на знаёмых са зрокам

Адразу ж пасля з’яўлення праграмы ў продажы пачаліся рознагалоссі: некаторыя гаварылі, што праграма – пустая трата часу, але праз некаторы час цікавасць перамагала, і карыстальнікі набывалі яе. Іншыя, наадварот, з захапленнем успрынялі з’яўленне такога прадукту.

– У дачыненні да гэтай праграмы я без лішняй сціпласці магу сказаць, што яна зробленая вельмі якасна і адпрацаваная, – адзначае Аляксандр. – Перад тым, як запусціць дадатак, я пратэставаў яго на знаёмых, якія маюць зрок. У праграме няма карцінак –  яны непатрэбныя невідушчаму, толькі апісанне. Даючы праслухаць яго, пытаўся ў знаёмых, ці ўсё зразумела. Адказы былі станоўчыя.

Як працуе дадатак

Калі адразу адкрываецца “Камасутра для невідушчых”, іграе спакойная рамантычная музыка, якая павінна настроіць чалавека на адпаведны лад. Пры жаданні музычныя кампазіцыі можна замяніць на тыя, якія падабаюцца вам.

Усе дзеянні пры націсканні на экран агучваюцца. Пры гэтым можна выбраць голас, які падабаецца больш.

Для зручнасці карыстальніка прадугледжаная зручная сістэма навігацыі. Можна адсартаваць позы па кнігах, катэгорыях, узроўні складанасці, прагледзець іх у алфавітным парадку, выбраць толькі для актыўных жанчын альбо толькі для актыўных мужчын.

Калі нейкая поза вам спадабалася і вы хацелі б да яе вярнуцца праз некаторы час, яе можна дадаць у закладкі.

– У праграме ёсць элемент нечаканасці, – раскрывае сакрэт Аляксандр Еўдакімаў. – Калі страсянуць тэлефон, дадатак у адвольным парадку выбірае позу.

Адной з частак дадатка з’яўляецца сэрвіс знаёмстваў. Чалавек, які ўстанаўлівае праграму, зможа зарэгістравацца і пакінуць свае каардынаты, інфармацыю пра тое, якога партнёра шукае. Дадатак можа адсочваць, чым цікавіцца пэўны карыстальнік і ў залежнасці ад інтарэсаў дапаможа пазнаёміцца з іншай асобай.

Пакуль у сэрвісе зарэгістраваныя каля 15 чалавек.

– Нашу прыладу немагчыма ўзламаць, скрасці, – расказвае распрацоўшчык. – Яна мае высокую ступень абароны. Недасведчаныя хакеры не змогуць гэтага зрабіць, а дасведчаныя проста не будуць гэтым займацца, бо цана за дадатак невялікая.

Дадатак можна спампаваць  у праграме PlayMarket, ён называецца Blind-droid Kamasutra (з англійскага Blind – сляпы, droid – назва аперацыйнай сістэмы, Kamasutra – назва кнігі).

Дапаможа невідушчым прасцей гатаваць ежу

Фота brest.greenbelarus.info.

Фота brest.greenbelarus.info.

У Аляксандра Еўдакімава вялікія планы на будучыню.

Мужчына працуе выкладчыкам музычнай літаратуры ў каледжы імя Агінскага. Пасля таго, як ён прыме экзамен у навучэнцаў, самога чакае іспыт. Сёлета Аляксандр заканчвае аспірантуру ў расійскай акадэміі музыкі імя Гнесіных, у чэрвені будзе абараняцца.

Пасля мужчына плануе папрацаваць яшчэ над адным дадаткам.

– Гэта будзе кулінарная кніга, – дзеліцца планамі на будучыню вынаходнік. – Пры гэтым рэцэпты будуць спецыяльна падабраныя для невідушчых людзей – смачныя, аднак не цяжкія ў прыгатаванні. Вядома, на адных сасісках далёка не паедзеш, тым больш, што гэта не зусім здаровае харчаванне. Варта зрабіць працэс прыгатавання ежы для невідушчых больш хуткім. Спадзяюся,  кулінарная кніга стане добрым дапаможнікам.

Каб рэалізаваць задуму, Аляксандр плануе супрацу з кулінарнымі сайтамі, ужо пачаў рассылаць прапановы. Сам мужчына вельмі любіць плоў, спадзяёмся, яго ўласны рэцэпт таксама ўвойдзе ў кулінарную кнігу.

Акрамя працы над новым дадаткам, Аляксандр плануе выпусціць уласны альбом музычных кампазіцый, паспрабаваць свае сілы ў міжнародных музычных конкурсах і іншае.

Нам было цікава, адкуль у гэтым чалавеку столькі энергіі і як на ўсе планы і задумы хапае часу.

– Шчыра кажучы, я і сам час ад часу дзіўлюся гэтай чароўнай з’яве, – расказвае мужчына. – Напэўна, вялікую ролю сыграў тып тэмпераменту – я халерык, а таксама тып асобы – экстраверт. Гэта своеасаблівае спалучэнне дае сілы рухацца наперад, увесь час прыдумваць розныя рэчы. А ў душы я – рамантык. А як вядома, усе сусветна вядомыя рамантыкі імкнуліся жыць у дзесяцікратным тэмпе, я імкнуся да гэтага, пакуль многае атрымоўваецца.

Як прызнаўся нам герой публікацыі, каб рэалізаваць усе задумы, даводзіцца выдаткоўваць шмат часу – “добра, калі ўдаецца паспаць больш за пяць гадзін у суткі”.