Кампанію за ўшанаванне Генадзя Карпенкі, які быў мэрам Маладзечна, пачынаюць актывісты хрысціянскай дэмакратыі, піша радыё «Свабоды».

Актывісты будуць збіраць подпісы і за тое, каб надаць імя былога мэра стадыёну, які пабудавалі пры Карпенку. Прапануюць паставіць на Цэнтральнай плошчы замест помніка Леніну – помнік Карпенку, а саму плошчу перайменаваць у гонар Карпенкі.

– Гэтая кампанія закліканая абʼяднаць усіх маладзечанцаў, – кажа сустаршыня аргкамітэту БХД Віталь Рымашэўскі. – Гэта не проста ўшанаваньне памяці чалавека. Гэта і замацаванне стандартаў стаўлення да людзей, якія паказалі прыклад працы на чале горада, якім павінны кіравацца ўсе дзейныя і будучыя кіраўнікі гарадоў.

У аддзеле архітэктуры і будаўніцтва маладзечанскага райвыканкама пра ініцыятыву актывістаў пакуль не ведаюць.

Даведка «РГ»

Генадзь Карпенка (1949 – 1999) – беларускі навуковец і палітык. Нарадзіўся ў Мінску. У 1987 годзе стаў дырэктарам завода парашковай мэталургіі ў Маладзечне. У 1990 годзе абараніў доктарскую дысертацыю па тэхналогіі матэрыялаў. Член-карэспандэнт Акадэміі Навук Беларусі. Уганараваны Дзяржаўнай прэміяй.

У Вярхоўным Савеце 12 склікання кіраваў камісіяй па навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе. У 1992 годзе ўзначаліў Маладзечанскі гарвыканкам і за два гады зладзіў у горадзе эканамічныя рэформы, заснаваў музычны і тэатральны фэстывалі, стварыў футбольны клуб, змяніў назвы гарадскіх вуліц.

31 сакавіка 1999 года Генадзя Карпенку даставілі ў дзявяты мінскі клінічны шпіталь з дыягназам «кровазліццё ў мозг». 1 красавіка яму зрабілі апэрацыю па выдаленьні гематомы. 6 красавіка Генадзь Карпенка памёр.