У рэдакцыю “Рэгіянальнай газеты” звярнуўся чытач. Мужчыну клапоціць тое, што ў цэнтральнай частцы парку трава зялёная, а вось за мемарыяльным комплексам у гонар вызваліцеляў, нібы выпаленая хімічнымі сродкамі, бо пажаўцелая і сухая.

Мужчына пытаецца, ці сапраўды траву такім чынам выпальвалі, каб не касіць, ці гэта звязана з іншымі прычынамі.

– Траву ў парку толькі косяць, – адзначае начальнік парку культуры і адпачынку імя Перамогі Аляксандр Фалей. – Хімічныя сродкі для выпальвання травы не закупляліся, дамовы з арганізацыямі, якія пастаўляюць іх, таксама не заключаліся.

Прычын таго, што трава пажаўцела, Аляксандр Фалей бачыць у тым, што, магчыма, скошаную траву несвоечасова прыбралі. Напрыклад, скасілі і згрэблі ў адну кучу раніцай, а прыбралі толькі на наступны дзень альбо праз дзень. Як вынік, яна пачала прэць і засталіся лапікі.

– Летам бывае такое, што на выгляд здаровыя дрэвы падаюць, – расказвае начальнік парку. – Пры гэтым у спакойнае надвор’е, а не ў буру. Зімой, калі былі вялікія маразы, дрэвы трэскаліся, пасля аказвалася, што ўнутры яны пустыя.

Адной з прычын такіх з’яў Аляксандр Фалей бачыць у тым, што восенню апалыя лісты прыбіраюць, а значыць парушаецца натуральнае існаванне дрэў, такое, напрыклад, як у лесе.

– Нават нязначнае ўмяшальніцтва ў прыроду прыводзіць да таго, што навакольнае асяроддзе пакутуе, паказвае першыя прыкметы, – падводзіць выснову начальнік парку. – Варта прыслухацца і прыгледзецца да гэтых знакаў.

Фота rh.by.

Фота rh.by.

Фота rh.by.

Фота rh.by.

Фота rh.by.

Фота rh.by.