Каля будынка вілейскай бібліятэкі у мінулую пятніцу было шмат дзятвы і дарослых. Тут зладзілі свята-конкурс “Галасы паэтаў Беларусі…”.

Гледачоў чакалі розныя гульні, конкурсы і акцыі.  Літаратурная QR-акцыя “Вершы ў кішэні” знаёміла з найпрыгажэйшымі ўзорамі беларускай паэзіі ў сеціве.

Удзельнікі конкурсу “Успомні верш” паказалі выдатнае веданне класічнай паэзіі. Спадабалася інтэрактыўная гульня “Вершаваны віраж”, удзельнікі якой з прапанаваных радкоў складалі свае вершы.

А прыняўшы ўдзел у акцыі “Парада ад класіка”, можна было пагутарыць са знакамітым чалавекам і папрасіць у яго параду. Для гэтага патрэбна было загадаць жаданне і наўздагад выцягнуць запіску з адным сказам-адказам ад беларускага пісьменніка альбо паэта.

Аддзел па рабоце з дзецьмі падрыхтаваў і правёў конкурс малюнкаў “Малюем вершы”. На дзіцячай пляцоўцы можна было адпачыць і прыняць удзел у бяспройгрышнай латарэі.

Вершы.

Вершы.

Але галоўная падзея літаратурнага OPEN-AIR – конкурс выразнага чытання. У ім прынялі ўдзел 50 аматараў беларускай паэзіі самага рознага ўзросту. Кожны з іх на памяць аб гэтай падзеі атрымаў даведнік “Вілейскі край”. Пераможцаў узнагародзілі дыпломамі і падарункамі.

Каля будынку бібліятэкі гучалі вершы Якуба Коласа, Максіма Танка, Пімена Панчанкі, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча, Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Яўгеніі Янішчыц, Анатоля Грачанікава і многіх іншых. Не абмінулі ўдзельнікі сваёй увагай і мясцовых аўтараў. Мы пачулі вершы Івана Лашуткі   і Ганны Новік.

Журы і гледачы.

Журы і гледачы.

Паэтычнае свята закранула толькі самую малую частку літаратурных твораў беларускіх паэтаў. Многае засталося недагавораным. Вершы многіх паэтаў засталіся непрачытанымі. Але мы спадзяёмся, што гэты дзень і наша сустрэча для ўсіх застанецца ў памяці, як добры і шчаслівы дзень, праведзены ў коле сяброў.

Ізноў вершы.

Ізноў вершы.