Як распавядае старшы следчы Валожынскага РАСК Дар’я Мікуліч, 27-гадовы мясцовы жыхар вечарам піў, а пасля вырашыў зайсці ў госці да знаёмага.

Маладзён заўважыў, што каля дома знаёмага стаіць веласіпед. Вырашыў яго скрасці. Адцягнуў і схаваў.

Каб адвесці ад сябе падазрэнні, зноў прыйшоў да знаёмага і кажа: “А я гляджу і бачу, як на тваім ровары толькі што нехта паехаў!”

Аднавясковец заявіў аб крадзяжы ў міліцыю. Маладзёну давялося ісці з чыстасардэчным прызнаннем. Цяпер яму пагражае да трох год зняволення.

У 2014 годзе малады чалавек трапіў таксама ў непрыемнасць. У свайго аднавяскоўца ён скраў электраінструменты. А пасля падкінуў іх з выбачальнай запіскай.