Гарадскі стадыён на працягу двух гадоў павінны стаць сучасным спартыўным комплексам, перакананы намеснік начальніка аддзела адукацыі спорту і турызму Алег Гаўрышчук. Рэканструкцыю ўжо пачалі, расказалі ў аддзеле. Плануюць, што на стадыёне з’явіцца новае футбольнае поле, трыбуны, хакейная каробка і пляцоўкі для гульні ў валейбол і баскетбол.

Важны артыкул выдаткаў – новае футбольнае поле. Тут зробяць газон. Памяняюць трыбуны. Замест драўляных лавак будуць пластыкавыя сядзенні. Працы ў гэтым накірунку ўжо вядуць, трыбуны дэмантуюць.  

На стадыёне можна будзе гуляць не толькі ў футбол. На адным баку размесцяць пляцоўкі для валейбола і баскетбола. На другім – хакейную каробку, якую будуць заліваць зімой у марознае надвор’е. Для аматараў лёгкай атлетыкі запланавалі зрабіць бегавыя дарожкі. Адна будзе вакол футбольнага поля, а другая – прамая.

Усе работы павінны завяршыць праз два гады. Па словах Алега Гаўрышчука, найбольш часу пойдзе на тое, каб зрабіць якаснае футбольнае поле. Пляцоўкі для спартыўных гульняў і трыбуны можна зрабіць хутчэй.

Газон на футбольным полі, хутчэй за ўсе, будзе натуральны. Варыянт штучнага пакрыцця таксама разглядалі, але ён будзе каштаваць даражэй.

Побач са стадыёнам размесцяць аўтастаянкі. Гораду неабходная новая арэна, перакананы Алег Гаўрышчук.

Футбаліст 1980-х: мы заўсёды марылі пра нармальнае футбольнае поле

Вілейскі спартсмен-ветэран настаўнік фізкультуры Аляксандр Шэры шмат гуляў на вілейскім гарадскім стадыёне ў абласных і рэспубліканскіх спаборніцтвах па футболе. Такому гораду, як Вілейка, неабходны лепшы стадыён, кажа спартсмен.

– На пачатку 1980-х каманда “Зеніта”, за якую я гуляў, трапіла на рэспубліку, – прыгадвае Аляксандр Шэры. – Тады рэспубліканскія спаборніцтвы па футболе зладзілі на вілейскім гарадскім стадыёне. Шмат праходзіла тут і абласных спаборніцтваў.

На той час стадыён у Вілейцы нам падаваўся больш-менш нармальным, кажа спартсмен. Былі трыбуны і лавачкі.

Аднак пра якаснае футбольнае поле вілейскія футбалісты, па словах Аляксандра Шэрага, марылі яшчэ ў 1980-я.

– Ужо неаднаразова спрабавалі зрабіць што-небудзь з полем, – кажа Аляксандр. – Аднак безвынікова. Няхай  на гэты раз усё атрымаецца.

Былы спартсмен і трэнер Юры Грэцкі: я зламаўся на вілейскім стадыёне

Юры Грэцкі цяпер жыве і працуе ахоўнікам у Маладзечне. А нарадзіўся мужчына ў Вілейцы. Тут пачаў сур’ёзна займацца футболам. Але з любімай гульнёй прыйшлося расстацца ў 22 гады.

– У канцы 1990-х я гуляў на вілейскім гарадскім стадыёне, – прыгадвае мужчына. – Мне падавалі пас, хацеў адбіць. Футбольнае поле было няроўнае. І буцам я трапіў у ямку. У калене нешта затрашчала.

Так Юры пашкодзіў меніск на адной назе. Па словах былога спартсмена, гэта распаўсюджаная траўма сярод футбалістаў. Юрыю зрабілі аперацыю.

Амаль два гады ён не выходзіў на поле, а пасля вярнуўся да футбола. І тут жа на вілейскім стадыёне пашкодзіў меніск ужо на другой назе.

Давялося зноў рабіць аперацыю. Але пасля яе гуляць у футбол Юры ўжо не змог. Некаторы час быў трэнерам у Вілейцы.

Юры чуў пра тое, што на вілейскім стадыёне праводзяць рэканструкцыю. Аднак да канца не верыць у тое, што тут з’явіцца якаснае бяспечнае футбольнае поле.

Каля ста гадоў таму на стадыёне ў Маладзечне скакалі коні і праходзілі парады

Каб даведацца пра гісторыю вілейскага стадыёна, мы звярнуліся да пісьменніка і краязнаўцы з Маладзечна Уладзіміра Садоўскага.

– Гісторыяй стадыёна ў Вілейцы я пакуль не займаўся, – кажа даследчык. – Аднак пра маладзечанскі гарадскі стадыён магу расказаць.

Сённяшні стадыён у Маладзечне знаходзіцца на месцы былога польскага іпадрома. У 1920-30-гады тут праводзілі конныя спаборніцтвы, ладзілі вайсковыя парады.

Яшчэ адзін стадыён быў ля сённяшняй другой школы. Цяпер тут вучні займаюцца фізкультурай. А ў польскія часы праходзіла “фізуха” ў польскіх вайскоўцаў тэрміновай службы.

Калі ўлічыць, што ў Вілейцы стадыён знаходзіцца побач з будынкамі польскіх казармаў, можна меркаваць, што ў 1920-30-х гадах тут таксама польскія вайскоўцы займаліся фізічнай падрыхтоўкай.