30 чэрвеня ў гарадскім парку ў Вілейцы пройдзе фестываль моладзевых субкультур “Энергія маладосці”.

Ён пачнецца ў гадзіну дня з моладзевага канцэрту і фестывалю фарбаў Холі.

У дзве гадзіны дня будзе працаваць тэатральная пляцоўка, усе жадаючыя ўбачаць вулічныя імпрэзы ад тэатральных калектываў Вілейскага дома культуры “Таланцікі” і Нарачанскага сельскага дома культуры “Ялінка”.

Аб’яднанне “ЗОВІК” арганізуе выставы “Хэнд-Мэйд” і майстар-класы па здаровым харчаванні.

Запланавана работа ціра ад Добраахвотнага таварыства садзеяння арміі, авіяцыі і флоту. Жадаючыя змогуць пастраляць з пнеўманічнай вінтоўкі, пройдуць майстар-класы па зборцы аўтамата Калашнікава.

Аматары цыркавога мастацтва і фаер-шоу змогуць трапіць на майстар-класы і паказальныя выступы па кручэнні пой і жангліраванні.

Для аматараў жывёл, а асабліва сабак, пройдзе майстар-клас ад кінолага па дрэсіроўцы сабак, паказальныя выступы дрэсіраванай аўчаркі і конкурс сабачай моды.

Для аматараў экстрэмальнага спорту – спаборніцтвы і паказальныя выступленні па стрыт-воркауту і скейтбордзінгу.

– З вілейскімі воркаўтамі дамовіліся падрыхтаваць выступленне, не выключана, што падцягнуцца з іншых гарадоў, – расказала арганізатар фестывалю Вольга Шляпо. – Скейтары прыедуць з Мінска.

Ад 21:00 да 23:00 – рок-канцэрт. У рамках Дзён устойлівай энергіі з 22:00 будзе арганізавана светавая інсталяцыя светадыёдных шароў, фаер-шоу і спецыяльная забава для ўсіх жадаючых – “Запалі ліхтар, круцячы педалі электрабайка”.

– Электрабайк дадуць нашы партнёры – Цэнтр экалагічны рашэнняў з Мінска, – адзначыла арганізатар. – Ён абсталяваны механізмам, які выпрацоўвае энергію, калі круціць педалі. Да яго далучаць провад ад святлодыёднага шару. Можна будзе прадэманстраваць альтэрнатыўную крыніцу энергіі. Сам ровар будзе стаяць на месцы, любы жадаючы зможа пакруціць педалі і прадэманстраваць, як запальваецца святлодыёдны шар.

 23:00 – 01:00 – дыскатэка.

Таксама ў парку будзе арганізаваная работа арт-зон: выстава вулічнага мастацтва ад праекта Артгрузавік”, “Фотасушка”, “бодзіарт” і іншыя.

Цяпер можна падаваць заяўкі, каб стаць удзельнікам мерапрыемства.