Да навучэнцаў і педагогаў  аграрнага каледжа прыехалі госці са Смаргоні – вайскоўцы з кіналагічнага цэнтра органаў памежнай службы смаргонскай вайсковай часці №2044.

Памежнікі прыехалі не адны. З сабой яны яны прывезлі гадаванца – нямецкую аўчарку па мянушцы Патрык.

На сустрэчы навучэнцы даведаліся пра тое, што ў кіналагічным цэнтры рыхтуюць і перападрыхтоўваюць кінолагаў і службовых сабак па розных відах службы.

Сабак тут навучаюць шукаць чалавека па паху, вартаваць розныя аб’екты, знаходзіць наркотыкі і псіхатропныя рэчывы, зброю, боепрыпасы. Спецыялістаў навучаюць таму, як  гадаваць сабак службовых парод.

Па словах памежнікаў,  за час працы ў Цэнтры падрыхтавалі больш за чатыры тысячы спецыялістаў-кінолагаў і больш за 1000 службовых сабак.

Штогод з удзелам чацвераногіх гадаванцаў цэнтра затрымліваюць кожнага чацвертага парушальніка дзяржаўнай мяжы і кожны трэці кантрабандны груз.

Спецыяльную перападрыхтоўку ў кіналагічным цэнтры праходзяць больш за 100 службовых сабак і каля 250 вайскоўцаў. Сярод іх ёсць і грамадзяне з-за мяжы.

Сваю кваліфікацыю яны неаднаразова пацвярджалі ў Беларусі, а таксама ў замежных краінах: Германіі, Аўстрыі, Расіі, Літве, Румыніі, Латвіі і Польшчы.

Як смаргонскія шчанюкі з’язджаюць у Еўропу

Памежнікі расказалі, што яны ганарацца племянным фондам кіналагічнага цэнтра. Тут гадуюць і ўзнаўляюць самыя лепшыя пароды службовых сабак: нямецкіх, бельгійскіх, сярэднеазіяцкіх і каўказскіх аўчарак, рызеншнаўцэраў, кокер-спаніеляў, лабрадораў.

Сёння памежнікі з дзесяці краін Еўрасаюза і блізкага замежжа купляюць тут шчанюкоў для сваіх гадавальнікаў.

Асабліва нас зацікавіла тое, у якіх умовах гадуюць службовых сабак. Як расказалі госці, на тэрыторыі цэнтра ёсць спецыяльныя кармакухня, басейн, інфекцыйнае і каранціннае аддзяленні, а таксама радзільня для сабак. А яшчэ ветэрынарныя дактары маюць спецыяльнае абсталяванне, каб рабіць гадаванцам аналізы крыві і ўльтрагукавое даследаванне.

Паказальнае выступленне. Фота забяспеанае Аленай Рысявец.

Паказальнае выступленне. Фота забяспеанае Аленай Рысявец.

Ёсць навучальная пляцоўка для выбаркі рэчаў. Тут сабак вучаць па паху шукаць прадмет, які належыць пэўнаму чалавеку.

Каб навучэнцы больш дакладна ўявілі сабе працу кіналагічнага цэнтра, госці паказалі фільм пра гісторыю і сучаснасць установы.

Патрыка ўвагай не абдзялілі

Аграрны каледж у Ільі і кіналагічны цэнтр у Смаргоні звязвае шматгадовае супрацоўніцтва. На яго базе праходзяць вайсковую службу многія былыя навучэнцы каледжа.

Шмат карыснай інфармацыі атрымалі юнакі і дзяўчаты падчас сустрэчы. Аднак самымі запамінальнымі хвілінамі сталі тыя, што парайшлі не ў актавай зале, а на вуліцы побач з каледжам.

Спецыялісты-кінолагі прадэманстравалі паказальныя выступленні з аўчаркай. На газоне побач з каледжам Патрык паказаў, як ён рэагуе на каманды і ведае ўласныя службовыя абавязкі.

Застаўся час і на нефармальныя зносіны навучэнцаў з супрацоўнікамі кіналагічнага цэнтра. І тыя, хто саромеўся задаць пытанні ў зале, даведваліся пра службу памежнікаў тут, у двары роднага каледжа, у амаль сяброўскіх размовах з вайскоўцамі.

Не застаўся без увагі і адзін з самых галоўных гасцей – аўчарка Патрык. Было шмат жадаючых пагладзіць яго. А яшчэ памежнікі дазволілі ўсім жадаючым сфатаграфавацца з гадаванцам. І нават выкладчыкі не змаглі адмовіць сабе ў такім фотаздымку.

Збіраемся на экскурсію ў Смаргонь

Па словах некаторых хлопцаў-навучэнцаў каледжа, пасля сустрэчы і зносін з гасцямі-памежнікамі яны таксама захацелі праходзіць вайсковую службу на базе цэнтра і ў далейшым звязаць сваю прафесію з дзейнасцю кінолагаў.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алеся Нарэйка з Патрыкам. Фота vk.com.

Намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Алеся Нарэйка з Патрыкам. Фота vk.com.

Тым больш, што адукацыя ветэрынара і заатэхніка, якую яны атрымаюць у каледжы, якраз спатрэбіцца для працы з сабакамі.

Гаспадары доўга не хацелі адпускаць гасцей і на развітанне дамовіліся пра новую сустрэчу. Але цяпер ільянскія навучэнцы з выкладчыкамі самі паедуць у Смаргонь. Тут ім абяцалі запамінальную экскурсію.