Дзень адкрытых дзвярэй правялі ў Маладзечне супрацоўнікі упраўлення Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз па Мінскай вобласці.
Каля Палаца культуры можна было не толькі паглядзець, як працуюць крыміналісты, але і самім паспрабаваць зняць гіпсавы злепак нагі падазраванага, паўдзельнічаць у працэдуры дактыласкапіі, праверыць, ці сапраўдныя грошы, адсачыць гісторыю машыны па нумару яе кузава, паспрабаваць саставіць фотаробат злачынцы.
На пачатку сустрэчы пра асаблівасці працы ў камітэце судовых экспертыз расказаў намеснік начальніка упраўлення, галоўны судмедэксперт па Мінскай вобласці Сяргей Парфёнаў.
Ён расказаў, што камітэт быў створаны ў красавіку 2013 года і пачаў сваю працу 1 ліпеня таго ж года. І да 5-годдзя камітэта на базе Маладзечанскага міжраённага аддзела дзяржкамітэта судовых экспертыз будзе створаны музей.
Некаторыя экспанаты будучага музея ўжо былі паказаны ў межах дня адкрытых дзвярэй. Гэта фотаздымкі з месцаў здарэнняў, заключэнні спецыялістаў, якія былі зробленыя 50-60 год таму, інструменты, з якімі працуюць судмедэксперты, фотаапаратура, мікраскопы і іншыя прыстасаванні.
Сяргей Парфёнаў расказаў, што, каб працаваць у камітэце, зусім неабавязкова заканчваць акадэмію МУС, дастаткова проста мець вышэйшую адукацыю.
Таму што ў камітэце працуюць людзі з рознай адукацыяй, ёсць як спецыялісты ў медыцыне, так і людзі з тэхнічнай адукацыяй, псіхолагі, почыркаведы.
Акрамя ўсіх відаў экспертыз, у камітэце аказваюць цэлы шэрах платных паслуг насельніцтву.
Самымі папулярнымі з такіх паслуг з’яўляюцца праверка нумароў машыны пры пакупцы, а таксама псіхіятрычная экспертыза.
– Да нас звяртаюцца сваякі людзей, якія афармлялі спадчыну, бралі крэдыты, дарылі нерухомасць, каб праверыць, ці былі гэтыя людзі ў розуме на момант здзяйснення здзелкі.
Пасля выступу Сяргея Парфёнава судовыя эксперты і прадэманстравалі сучасную тэхніку, з якой яны працуюць, і далі магчымасць кожнаму з прысутных адчуць сябе крутым экспертам-крыміналістам, які за пяць хвілін можа раскрыць злачынства.