Усе дзеці хочуць стаць як хутчэй дарослымі, а таму пераймаюць дарослыя звычкі. Часта яны бываюць не вельмі добрымі, напрыклад, курэнне.

Ну прызнайцеся сабе шчыра, хто ў дзяцінстве хаця б раз не імітаваў, як кураць дарослыя, напрыклад, засунуўшы галіначку дрэва ў рот і нібы выпускаючы дым? І падавалася, што табе ўжо не пяць, а цэлых сем гадоў – дарослы. Як толькі пайшла мода на жавальныя цукеркі ў выглядзе цыгарэты, дзеці стаялі ў чэргах па іх. Хто ж не хоча пасталець?

Да Сусветнага дня без табака, які адзначаюць 31 мая, мы зрабілі падборку гісторый, якія пра тое, што на ўсё жыццё адбіла жаданне пакурыць. Магчыма, у адной з іх вы пазнаеце сябе.

“Самаробныя цыгарэты з апалых лістоў не прыкурваліся, затое сена загарэлася мігам”

Фота skywaysib.ru.

Фота skywaysib.ru.

Гісторыю расказала стылістычны рэдактар “Рэгіянальнай газеты” Марыя Бераснева:

“У дзяцінстве маім выхаваннем займалася пераважна бабуля, бо бацькі былі занятыя на працы ад 9 раніцы да 6 вечара, субота ў тыя часы таксама была рабочым днём. Чамусьці я нейкі час лічыла, што бабулю слухацца неабавязкова, і рабіла тое, што мне ўздумаецца. Хаця яна мне кожны дзень гразілася, што ўсё раскажа бацькам.

Дык вось аднойчы я са старэйшай сяброўкай Галяй вырашылі пакурыць. Хаця дома ў нас ніхто не курыў, ды і ўвогуле бацька ніколі не курыў. Але я ж бачыла, што кураць дарослыя.

Мы назбіралі апалых лістоў з бярозы і пачалі закручваць іх у кавалачкі нейкай паперы. Я ведала, дзе ляжаць запалкі. І хаця мне вельмі строга наказвалі іх не чапаць, я ўсё ж падцягнула крэсла і дастала іх з палічкі каля печы.

Пасля мы схаваліся за вялікі стог сена і пачалі прыкурваць. Цыгарэты нашы не прыкурваліся. Мы палілі запалкі адна за адной і, вядома ж, кідалі іх тут жа каля стога. Як загарэўся той вялізны стог сена, мы тады не ўцямілі.

Ён стаяў недалёка ад хат, за ім – лес. Полымя было такое, што вышэй за лес. Дарослыя з вёдрамі вады ляталі, як не паразбіваліся. Вядома, баяліся, каб хаця ж агонь на хаты не перакінуўся. Прыехала міліцыя. Мы адразу ж уцяклі ў лес і схаваліся там.

Была, напэўна, пятніца, і нашы суседзі рыхтаваліся якраз да вяселля – жаніўся стрыечны брат майго бацькі. У той жа час хто там купляў якую гарэлку, усе гналі самагонку. Дык вось і ў нашых суседзяў было нагнана самагонкі на вяселле. А тут міліцыя. Што было ўжо ва ўсіх перапалоху, то было.

Гэта свавольства мне добра ўрэзалася ў памяць. Дарослыя пра гэты выпадак не раз ўзгадвалі. Ніхто ж спачатку не ведаў, ад чаго той стог сена загарэўся. Але другі стрыечны брат майго бацькі ішоў са школы і бачыў мяне з Галяй за стогам.

Нас нават не пакаралі, мае бацькі і Галіна маці былі рады ад таго, што мы прыйшлі дадому. Звечарэла, сцямнела, ноч на дварэ, а дзяцей няма. Яны ўжо перажывалі, ці не здарылася што з намі. А мы сядзелі ў лесе і назіралі, што робіцца, а пасля і паснулі там.

І якое ж маё здзіўленне было праз шмат гадоў, калі, пераглядаючы старыя фотаздымкі, я ўбачыла сябе на тым вяселлі. З адваротнага боку фотакарткі быў пазначаны год і месяц. Аказваецца мне было чатыры гады, а маёй сяброўцы Галі – шэсць. 

Вось такі быў мой першы досвед курэння. І нават падчас вучобы ў інстытуце, калі ўжо многія мае аднакурсніцы пакурвалі, мне зусім не хацелася гэтага рабіць. Заўсёды перад вачыма паўставалі вялізныя  языкі полымя”.

“Трымалі цыгарэты палачкамі, каб не смярдзелі рукі”

Фота lady.day.az.

Фота lady.day.az.

Маладзечанка Наталля Цар першы раз паспрабавала курыць у восьмым класе разам з сяброўкай.

– Трымалі цыгарэты палачкамі, каб не смярдзелі рукі, – расказвае жанчына. – Не сказаць, каб курыць вельмі падабалася, проста было адчуванне, што з выкуранай цыгарэтай становішся больш дарослай. А пасталець хацелася як мага хутчэй.

Аднак прывыкнуць да дрэннай звычкі ў Наталлі не атрымалася – сяброўка паступіла ў тэхнікум пасля дзявятага класа. А адной працягваць было не вельмі цікава.

– Другі раз спрабавала курыць, калі нагле­дзелася серыялаў, – узгадвае маладзечанка. – У герояў фільмаў раніца пачыналася з кубачка кавы і цыгарэты альбо папяросы. Падцэліла, калі бацькоў не будзе дома, і вырашыла паспрабаваць. Заварыла каву, узяла цыгарэты і палезла на гарышча. Зрабіла глыток кавы і зацягнулася цыгарэтай. Як пачало ўсё круціцца ў галаве, было так дрэнна, што думала і не злезу з таго гарышча. А трэба ж злезці, бо як вернуцца бацькі, даведаюцца, што са мной, атрымаю, дык атрымаю. Так да вечара і праседзела на гарышчы, пакуль галава не перастала круціцца. Пасля гэтага ні-ні. Не тое, што курыць не хочацца, больш таго, як адчую пах цыгарэт – становіцца дрэнна.

Пакурыў і здаў сябра бацьку

Фота аntifashist.com.

Фота аntifashist.com.

Паспрабаваць пакурыць хлопцы з аднолькавымі прозвішчамі з вёскі Заброддзе Вілейскага раёна Барыс, Ва­дзім і Ігар Адамовічы вырашылі пасля першага класа.

Падрыхтаваліся загадзя: знайшлі цыгарэты, з дома ўзялі запалкі. Каб ніхто не ўбачыў, чым займаюцца, зашыліся ў жыта, дзе і пачалі раскурваць першую ў сваім жыцці цыгарэту.

Усё б нічога, аднак, удосталь накурыўшыся, Вадзім пакінуў сяброў. Ідучы па полі, сустрэў бацьку Ігара, якому і паведаміў навіну: “А ваш Ігар у жыце курыць!”

Адшукаць хлопцаў было няцяжка – з жыта ішлі белыя клубкі дыму.

– Ой, і атрымаў я тады, – узгадвае Ігар. – Ой, і накруцілі мне вушы. Справа ў тым, што бацька ніколі ў роце цыгарэту не трымаў, лічыў агідным, а тут сын з цыгарэтай у зубах. Бацьку баяліся, вельмі строгі быў, а тут ажно пазелянеў ад злосці: “Я з цябе, шчанё малое, дурноту выб’ю! Бацька не курыць, а ён у сем гадоў хутка на цыгарэты страляць будзе. Я табе настраляю!” Пасля таго выпадку як замовіла – бацьку ўзгадваю.

І напрыканцы нагадваем: курэнне шкодзіць здароўю. Жыццё адно, старайцеся не траціць яго на глупствы і дрэнныя звычкі.