Усе трое “нованароджаныя” – бычкі. І ў Груздаве такое здарылася ўпершыню за 25 гадоў.

– На ферме я працую ад 1989 года, – расказвае загадчык комплексу Ігар Рытэнка, – і такое ў маёй практыцы ўпершыню. Двайняты нараджаюцца 4-5 разоў за год. А каб тройня, такога не было.

Мілцы, так завуць карову, УЗІ не рабілі, таму да апошняга не ведалі, што яна стане маці-гераіняй.

– Спачатку яна прывяла адно цяля, а потым дзяўчына-фельчар кажа, што яшчэ тырчаць ногі. І, як аказалася, не адны.

Звычайна цялят на ферме трымаюць 20 дзён, потым аддаюць на іншую ферму, дзе яны гадуюцца да таго часу, пакуль не стануць важыць каля 400 кілаграмаў. Аднак для тройні зрабілі выключэнне.

– У 20 дзён цяляты звычайна важаць кілаграмаў 30, а гэтых трое, яны больш дробныя.

Цяпер трайняты адчуваюць сябе добра. Двое жывуць у адным вальеры, адзін – асобна. Бо траім месца мала. Цяпер яны важаць 22 кілаграмы. У штодзённым рацыёне ў цялят – соль, камбікорм і малако тры разы на дзень.

– Будуць важыць каля 50 кілаграмаў, перададзім на іншую ферму. Там таксама дзяўчаты харошыя працуюць, будуць даглядаць сумленна.

А вось пасвіцца на ферме не выпускаюць  ні цялят, ні кароў.

– У нашым статку сёння 482 галавы. І калі іх выпускаць на пашу, то для гэтага патрабуецца каля 10 пастухоў. У нас жа корміць кароў адзін трактарыст.

У каровы Мілкі гэта ўжо пяты ацёл, да гэтага карова прыводзіла толькі па адным цяляці.

– Як правіла, у кароў на ферме мянушак няма, але здараецца, што ў работнікаў фермы знаходзяцца свае ўлюбёнцы. Наша Мілка вельмі ласкавая карова, таму так і назвалі. Ёсць у нас яшчэ і Красуліна. Бо прыгожая.

Каровы на ферме толькі чорна-белыя, пярэстыя.

– Гэта галандская парода.

У маі на ферме “Груздава” нарадзілася 43 цяляці.

А каровы з цялятамі разам знаходзяцца толькі дні два, потым іх зноў адпраўляюць у агульны статак даваць малако.

Адна карова, расказвае Ігар Рытэнка, за раз дае па 15-18 літраў малака.

А вось хто тата нованарожданых бычкоў – невядома.

– Насамрэч, мы можам адсачыць па базе, хто менавіта стаў іх бацькам. У нас на ферме толькі штучнае асемяненне. Існуюць такія правілы, каб не дапусціць сваяцкіх сувязяў. Аднак дакладна, што бацька нашых цялят – гэта або канадзец, або галандзец.