На сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра народная артыстка Беларусі Таццяна Мархель выконвала песні, вершы і ўрыўкі з твораў Якуба Коласа, Элізы Ажэшкі, Змітрака Бядулі, Васіля Хомчанкі, Івана Мележа, Янкі Купалы, Віктара Карамазава.
Спектакль называўся “Беларусь. Дыдактыка. Дарога да сябе”.
Праз песні і вершы, праз фальклор і асабістыя ўспаміны Таццяна Мархель разважала аб сваім месцы ў свеце, аб адносінах з людзьмі, аб тым, якое месца займае чалавек побач са сваім народам, аб любові і шчасці. Аб тым, як важна своечасова атрымаць “удар лёсу”.
Спектакль глядзіцца на адным дыханні.
Спектакль заварожвае.
І гэты спектакль зусім не для таго, каб пераказваць яго сюжэт, або раіць схадзіць на яго.
Мне здаецца, што гледачы, што прысутнічалі на спектаклі, маглі б пагадзіцца са мной, што гэты спектакль сам прыйшоў да іх.
Таму што ў глядзельнай зале плакалі, таму што смяяліся, таму што кожны пазнаваў сябе.
Калыханкі, прыпеўкі, песні – гэта тая музыка, якая суправаджае нас цягам жыцця, тое, што адсылае да вытокаў.
Дзе б мы не жылі, чым бы не займаліся ў жыцці, але калі да нас аднекуль здалёк данясецца голас, які напявае калыханку: “А-а-а, люлі-люлі, не хочаш, а ўспомніш і бабулю, і печ, і світанак у вёсцы”.
Мы ўсё людзі адной зямлі, мы выраслі на гэтых песнях, яны ў нас у крыві. І адказы на многія пытанні там, у спрадвечным і чыстым.
Пад час спектакля, калі мяняліся сюжэтныя лініі, Таццяна Рыгораўна паварочвалася да куліс, а адтуль на твар гераіні спектакля падала святло. І мне вельмі хацелася, каб з-за тых куліс выйшлі родныя і блізкія гераіні, тыя, хто супакоіць яе.
Але святло гарэла, з-за куліс ніхто не паказваўся.
А ў гледачоў у зале ўсё ж заставалася надзея на тое, што абавязкова пасля ўдараў лёсу будзе шчасце.
– Калі нараджаецца чалавек, ён прыходзіць у гэты свет з плачам. Значыць, усё у парадку, значыць у лёгкія трапіла паветра, чалавечак пачынае жыць. А бывае, што чамусьці чалавек не плача. І тады, яго трэба добра ўдарыць па задніцы і дзіця ад крыўды “За што?” пачынае крычаць. Удар лёсу. І дай бог, каб гэты ўдар лёсу быў адзіны ў жыцці.
Пасля спектаклю акцёр Алег Чэчанеў падзяліўся сваімі ўражаннямі:
– Жыццё – гэта песня. Песня радасная і сумная. Песня, якая гучыць у нас у розных узростах, на розных этапах жыцця. Спектакль пакінуў адчуванне недаказанасці. Гэта не хораша і не блага. Гэта – само жыццё, у якім не бывае адназначных адказаў.
Музыка, выканаўца Дзмітры Лук’янчык.
Музыка-мульціінструменталіст Сяргей Ярук.
Перад спектаклем рэжысёр і кіраўнік Цэнтра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка прэзентаваў кнігу драматургіі “Францыск Скарына і сучаснасць”.
Рэдактар спектакля Вера Буланда.