Дзмітры і Надзея Рогачы з вёсак Каралеўцы і Куранец на Вілейшчыне таксама зладзілі невялікую ўрачыстасць у Вілейцы, на ёй прысутнічала 28 чалавек. Яны знайшлі спосаб, як зладзіць вяселле і не застацца без капейкі.
Аднак пра ўсё па парадку.
Складалі радавод, каб не аказацца сваякамі
Фота забяспечанае сям’ёй Рогачаў.
Пару пазнаёмілі сябры амаль пяць гадоў таму. Гэта не было каханне з першага погляду, пачуцці разгараліся паступова: кантактавалі паміж сабой, сустракаліся, праз некаторы час зразумелі, што ўжо сталі парай.
– У мяне ёсць брат, якога завуць Дзмітры, – узгадвае Надзея. – І сяброўка, якая першая пазнаёмілася з маім будучым мужам, спыталася, ці не мой гэта брат, і скінула спасылку ў інтэрнэце на яго акаўнт. Так я ўбачыла Дзмітрыя першы раз. Потым яшчэ некалькі разоў мімаходзь бачыла ў Маладзечне. А пазней нас пазнаёмілі сябры.
Доўгі час маладыя людзі ведалі толькі імёны адзін аднаго. І наколькі былі здзіўленыя, калі даведаліся, што маюць аднолькавае прозвішча – Рогач.
– Спачатку падумалі, што сваякі, пачалі распытваць у бацькоў пра родных, склалі невялікі радавод. Аказалася, што нават не далёкія сваякі, тады супакоіліся, – расказвае Дзмітры.
“Думалі толькі распісацца, але гэта было б вельмі проста”
Фота забяспечанае сям’ёй Рогачаў.
Сёлета пасля Новага года пара вырашыла падаць заяву ў ЗАГС.
– Як такой прапановы рукі і сэрца ў нас не было, – дзеліцца нявеста. – Паразмаўляўшы, мы прыйшлі да высновы, што ўжо гатовыя да шлюбу, да больш сур’ёзных адносінаў, бо сустракацца гэта адно, а жыць разам, весці гаспадарку, планаваць бюджэт гэта зусім іншае.
Праблема ўзнікла толькі з тым, калі зладзіць вяселле. Зімой бы не паспелі падрыхтавацца, летам не падыдзе – Дзмітрыю прыйшла павестка ў армію, маглі забраць служыць, заставалася толькі вясна.
Аднак да сярэдзіны красавіка доўжыўся пост перад Вялікаднем.
Мама Надзі чалавек веруючы, сказала, што не дазволіць не тое, што зладзіць вяселле, а нават распісацца. У маі пара таксама не хацела, каб не маяцца. Заставаліся два тыдні красавіка, вырашылі зладзіць урачыстасць 21.
– Спачатку думалі толькі распісацца, – узгадвае жаніх. – Але зразумелі, што гэта будзе надзвычай проста – падзея не запомніцца, не адчуеш, што набываеш новы статус, а разам з тым і адказнасць за іншага чалавека.
І тут пачаліся першыя прыемныя клопаты і разам з тым цяжкасці. Доўга не маглі знайсці месца, дзе правесці ўрачыстасць. Таксама цэны на вясельныя паслугі былі вельмі кусачыя.
Адзенне на свае грошы, зладзіць урачыстасць дапамагалі бацькі
Фота забяспечанае сям’ёй Рогачаў.
– Самі назбіралі грошай на вясельную сукенку і касцюм, – раскладае вясельны бюджэт Дзмітры. – З туфлямі мне пашанцавала – не трэба было набываць, якраз новыя былі. А астатняя частка расходаў лягла на плечы бацькоў, яны дапамагалі зладзіць урачыстасць.
З выбарам спецыялістаў пара таксама не спяшалася, прыцэньваліся. Пашанцавала ў тым плане, што многіх параілі знаёмыя – выйшла значна танней. Да падрыхтоўкі спрычыніліся таксама дружкі.
– Бамбаньеркі для гасцей ў форме кавалачка торціка, а ўнутры з арэшкамі ў глазуры рабіла дружка, – расказвае Надзея. – Калега ведала, што выходжу замуж, таму на мой дзень нараджэння падарыла вясельныя бакалы. З упрыгожаннем бутэлькі шампанскага для маладых дапамагла сяброўка – аздобіла стужкамі. Мне заставалася толькі купіць самі стужкі і шампанскае.
– Фатографа параіў сведка, яго сястра прафесійны фатограф у Мінску, – далучаецца да размовы Дзмітры. – Як аказалася, на ўрачыстасці сярод гасцей былі яшчэ два фатографы. Цяпер з нецярпеннем і адначасова бояззю чакаем, калі аддадуць усе фотаздымкі – глядзець-не пераглядзець. У майго сябра кветкавы магазін, таму вясельны букет выбралі ледзьве не дарма.
Калі ў маладых галоўнымі клопатамі былі, як зрабіць урачыстасць прыгожай і цікавай, мамы хваляваліся, каб госці не засталіся галоднымі, выбіралі меню не адзін дзень.
Якое прозвішча будзе браць нявеста?
Фота забяспечанае сям’ёй Рогачаў.
Маладыя прызнаюцца, што самым хвалюючым падчас урачыстасці была рэгістрацыя і момант, калі надзявалі пярсцёнкі.
– Смяяліся, калі падчас рэгістрацыі спыталіся, якое прозвішча будзе браць нявеста, – узгадвае прыемныя моманты Дзмітры. – А ў нас яно аднолькавае. Мы з Надзяй аднавілі сямейную традыцыю, якая склалася ў сям’і, – браць у жонкі дзяўчат з такім самым прозвішчам. Мой дзед і прадзед бралі ў жонкі цёзак па прозвішчы, толькі бацькі былі з рознымі прозвішчамі. А мне ўдалося аднавіць традыцыю.
Урачыстасцю маладыя засталіся задаволеныя. Цяпер Дзмітры рыхтуе сямейнае гняздо, дом далі ад работы. Жыць пара будзе ў аграгарадку Іжа на Вілейшчыне, побач з Каралеўцамі, туды мужчына трапіў на два гады па размеркаванні.
– У Іжы шмат моладзі, – расказвае мужчына. – На нашай вуліцы восем маладых сямей, тры з іх шматдзетныя. Цяпер нас усё задавальняе, а ў далейшым будзем глядзець.