Папярэджанне: калі вы не любіце Украіну, не чытайце гэты тэкст. Таму што ў ім усё: і казакі, і ўкраінскія песні, і душа цэлага народа.
Нагодай наведвання цэнтральнай Украіны стаў фестываль “Кабзар яднае Украіну”, які праводзіцца тут ужо трэці год запар.
Беларуская дэлегацыя была запрошаная пакуль толькі ў якасці гасцей, але хто ведае, магчыма, на будучы год журналісты з Беларусі таксама стануць удзельнікамі і лаўрэатамі гэтага конкурсу.
Тое, што мне спадабаецца ў Чаркасах, я зразумела, як толькі мы пад’язджалі да горада. Тут, у самым горадзе, месціцца Крамянчугскае вадасховішча. Для беларусаў гэта вадасховішча – сапраўднае мора. Мяркуйце самі: даўжыня яго прыкладна 150 кіламетраў, а шырыня – 30.
Захацелася крыкнуць кіроўцу аўтобуса:
– Напляваць на прыстойнасць і купальнікі – давайце купацца!
Але пакупацца не ўдалося, бо фестываль толькі пачынаўся.
Украіна невядомая
Ці ведаеце вы, напрыклад, што галоўная вуліца ў Чаркасах называецца Храшчацік? А пра тое, што партнёр Чаркасаў наш горад Орша?
На жаль, горад паглядзець атрымалася амаль толькі з акна аўтобуса, але гэтага хапіла, каб заўважыць, што ён вельмі зялёны. Не такі зялёны, як, напрыклад, Маладзечна. А вельмі-вельмі зялёны. Агромністыя каштаны і таполі, якія галінкамі б’юць у шыбу аўтобуса. Але іх ніхто не абразае. А ад гэтага горад становіцца падобны на казачны лес. У Чаркасах, як і амаль ва ўсіх украінскіх гарадах, няма помніка Леніну.
Тут, на цэнтральных плошчах, усталёўваюць помнікі героям нябеснай сотні.
На адкрыццё аднаго з такіх помнікаў мы і трапілі на наступны дзень – у горад Каменку.
На цырымоніі адкрыцця помніка прысутнічалі не толькі афіцыйныя асобы і дэлегацыі, але і сваякі салдатаў, якія цяпер абараняюць сваю краіну.
На помніку словы “Героі не паміраюць” і “Слава Украіне”.
І песні, што тут выконваліся, гучалі не для таго, каб заняць час, а ў словы патрыятычных песень сапраўды верыш:
Я України син
І щиро-гордий цим,
Ні, в серці не потух
Її незборний дух.
А яшчэ ў краязнаўчым музеі гэтага горада ёсць зала, якая прысвечаная сучасным падзеям, у зале захоўваецца сцяг, на якім распісаліся салдаты, зброя, якой ваююць на ўсходзе Украіны.
Але пра музей пасля. Бо наступным горадам, дзе нам давялося пабываць, быў горад Залатаноша.
Горад невялікі, у ім усяго 30 тысяч насельніцтва. Але тут стаіць помнік цэнтру Еўропы. Так-так, па версіі ўкраінцаў цэнтр Еўропы тут.
Ёсць у горадзе завод кавы тры у адным. Але п’юць гэтую каву ва Украіне, Азербайджане, Грузіі. Але не ў Беларусі.
Мы п’ём каву з расійскага завода, але той самай сінгапурскай фірмы.
Не ведаю, як астатнім удзельнікам нашай дэлегацыі, але мне было балюча назіраць, як сапраўдная кава з Эфіопіі трапляе ў вялізныя бункеры для таго, каб потым стаць напоем тры ў адным з пакеціка.
А яшчэ горад Залатаноша называецца так не таму, што тут усе носяць золата. Згодна з легендай, калісьці тут праплываў карабель, які быў да верху набіты золатам. І непадалёк ад горада карабель пацярпеў крушэнне. І да берагоў рака сама прынесла незлічоную колькасць золата.
Украіна музейная
Але вернемся назад у горад Каменку, дзе мы пакінулі два музеі – краязнаўчы і музей А.Пушкіна і П.Чайкоўскага.
Так, і Пушкін, і Чайкоўскі былі гасцямі дома Давыдавых.
Аляксандр Сяргеевіч менавіта ў Каменцы напісаў верш “Редеет облаков летучая гряда”…
А таксама пакідаў аўтографы вершаў у альбомах мясцовых прыгажунь. Я ўпершыню ўбачыла такі альбом. Падобны да дзіцячага песенніка нашых гадоў. Тыя ж малюнкі, пажаданні і гербарый паміж старонкамі.
А што датычыцца Пятра Ільіча, то ён у Каменцы быў частым госцем. Тут жыла яго сястра. І на лета кампазітар заўсёды прыязджаў у гэтыя мясціны.
Адкуль я гэта ведаю? Ды Пётр Ільіч сам пра гэта расказаў!
Праўда-праўда. Экскурсія ў музеі вядзецца ад першай асобы. На парозе нас сустрэла жанчына. І пачынае расповед:
– Добры дзень, мяне завуць Марыя Давыдава, а дом, у якім вы знаходзіцеся, мне падарыў мой бацька ў 1863 годзе…
З натоўпу турыстаў пытанне:
– Гэта ж колькі вам гадоў?
А тут адкрываюцца дзверы іншай залы і адтуль выскоквае малады чалавек у цыліндры:
– Дазвольце адрэкамендаваць сябе, я – Пётр Чайкоўскі!
Калі раптам трапіце ў гэтыя мясціны, не пашкадуйце часу, зайдзіце ў гэты музей. Дзе ж вам яшчэ пашанцуе пачуць вальс Чайкоўскага, які выконвае сам Чайкоўскі.
Украіна мужная
Зусім іншай па настроі была паездка ў Халодны Яр. Халодны Яр – гэта агромністы помнік прыроды. Плошча яго – сем тысяч гектараў.
Халодны Яр мае багатую гісторыю.
На тэрыторыі Халоднага Яра археолагі знайшлі вялікую колькасць старажытных стаянак і паселішчаў. Тут жа знаходзіцца скіфскае гарадзішча VI стагоддзя да нашай эры. Халодны Яр апеты Тарасам Шаўчэнкам у аднайменным вершы, з Халоднага Яра пачыналася “Колиивщина” – паўстанне насельніцтва супраць прыгнёту Польшчы, ад 1918 да 1923 у Халодным Яры дзейнічалі паўстанцкія атрады, якія вялі барацьбу як супраць дзянікінцаў, так і супраць бальшавікоў. У гэты час тут была абвешчана Халоднаярская рэспубліка на чале з братамі Чучупакамі.
Халодны Яр – месца, звязанае з веліччу непакорлівага казацкага духу. Тут заўсёды ішла барацьба за свабоду і волю.
Наведалі мы Дуб Максіма Залізняка, які называюць “Украінскім Патрыярхам”. Дубу, якому больш за 1100 гадоў. Яго дыяметр 8 метраў 90 сантыметраў, вышыня – 24 метры. Пад яго шатром адпачывалі Багдан Хмяльніцкі, Тарас Шаўчэнка і іншыя знакамітыя дзеячы Украіны.
Вельмі цікавым месцам стала гайдамацкая сажалка. У ёй гайдамакі асвячалі свае нажы. У гэтым месцы і цяпер асвячаюць зброю, з якой салдаты ідуць на вайну.
Нам, журналістам, сказалі, што мы таксама кожны дзень маем справу са зброяй. Наша зброя – гэта дыктафоны, фотаапараты і ручкі. І вельмі ўрачыста асвяцілі нашу журналісцкую “зброю”.
– Каб ручкі пісалі толькі праўду, – сказалі нам казакі.
Украіна гасцінная
І калі ўжо пісаць праўду пра Украіну, то дзе тут не скажаш пра яе пачастункі?
Запомніўся абед у парку.
Уявіце, пакуль мы былі ў музеі, у гарадскім парку накрылі сталы. Доўгія-доўгія, застаўленыя рознымі прысмакамі. Проста ў цэнтры горада. Калі мы занялі свае месцы за сталамі, дзяўчаты ў нацыянальных строях падалі вялізныя тазікі з сапраўднымі ўкраінскімі варэнікамі.
Ну, як пасля гэтага не заспяваць “Ще не вмерла Україна”.
І як не любіць гэту краіну, якую так любяць самі ўкраінцы?