І падчас самога фестывалю, і ў першы дзень пасля яго заканчэння ідзе актыўнае абмеркаванне мерапрыемства ў сацсетках. Мы выбралі некаторыя каментары, каб паказаць, што людзі думаюць пра сам фестываль і іх прапановы, што зрабіла б мерапрыемства лепшым.

Пра канцэрт і фестываль

“Па-мойму, было не так і дрэнна. Канцэрт прайшоў добра, святло не адключылі, дажджу не было. Альбо я нечага не разумею?” Акцябрына.

“Фестываль сёлета на апошнія грошы ні да чаго. А людзі, бачачы трэш, які ім паказвалі, сыходзілі. Фэст сябе зжыў. Засталіся толькі танцы на костках”. Васіль.

“Ой, добрай палавіне гэты канцэрт зусім не здаўся, ім на прадпрыемствах, заводах білеты ўручылі і сказалі прысутнічаць”. Нікіфар.

 “Па логіцы, людзі, якім надакучыў фестываль, павінны былі натоўпам сабрацца ў галерэі на сметніцы, бо гэта новае і свежае. І рэальна крута! І ніхто не прымушае ні ўлада, ні начальства. Але мне падаецца, што гэтых каментатараў і там не будзе”. Лілія.

“Вольга, слова традыцыі тут смяхотна ўжываць. Гэты фэст задумвалі, як нацыянальнае свята нацыянальнай песні і паэзіі. Такім ён быў першыя два-тры разы. І амінь! Усё нацыянальнае кастрыраванае. І гэта фальшывае выкарыстанне мовы ўбога выглядае і не да месца, найграна. Агідна глядзець і слухаць”. Таццяна.

“Не надвор’е рашаючы фактар. Сапраўдным гэты фэст быў толькі ў пачатку. Цяпер фальш стала настолькі відавочнай, што ўжо нічым не прыкрыеш. Сёлета гэта проста вымучаны “выкідыш” грошай і намаганняў паказаць, як у нас усё зашыбісь”. Таццяна.

“Пір падчас чумы”. Дзмітры.

“Фестываль, на жаль, ужо не той, як і ўсе святы ў нас у горадзе… Дзе тая сцэна на Цэнтральнай плошчы, калі хаця б ля металічнай агароджы можна пастаяць і з-за яе адчуць атмасферу свята, сустрэцца з сябрамі, выпіць чарку чаю))) Дзе Купалле на Ушы, дзе гандлёвыя павільёны, пакрывала на беразе Ушы, зноў жа кампанія, гітара, а гэты шлях да Ушы… Пра Новы год я ўвогуле маўчу))) Забралі ў нас святы, а зрабілі паказальныя манеўры!!! Павел.

“Прыехала на пару дзён у родны горад. Крыўдна. Фестывалі праводзяць, а траву нават скасіць па горадзе не могуць.” Вольга.

Пра салют

“Бюджэт Маладзечна ўзляцеў у паветра”. Павел.

“Глядзіце салюцікі і добрага вам настрою!!!…а на рамон дарог, бальніц і г.д. ГРОШАЙ НЯМА!” Даніэла.

“Ёсць салют, няма салюту – дрэнна) Народ, можа хопіць ныць?) Юля.

Чаго хацелася б людзям на фестывалі

1. Спіртных напояў, якія б прадавалі каля гандлёвых павільёнаў.

“Людзям хоць бы далі каньяку і шампанскага выпіць, калі гарэлкі нельга. Тыя шашлыкі і ў горла нікому не лезлі на сухую”. Лілія.

2. Менш дзяржаўных органаў

“Большая частка народа, які там быў, прыйшла туды, як кажуць, “добраахвотна-прымусова”, адзначыліся і пайшлі па сваіх справах. Людзям хапае спраў, ды і фэст ужо не той, які быў гадоў дзесяць таму, як і Купалле з Новым годам. Пад дзікім наглядам дзяржорганаў нікому не трэба такія мерапрыемствы, не адчуваецца свята і адпачынак, як гэта было раней. Цяпер усё несапраўднае, штучнае”!!! Андрэй.

3. Праводзіць радзей, але на ўзроўні.

“Даўно пара яго адмяніць альбо праводзіць раз у чатыры гады, але на ўзроўні”. Дыянка.

“У нас у Беларусі дастаткова спявачак і спевакоў, аднак у Маладзечна яны не едуць. Зрабіце білеты даражэйшымі, фестываль радзей, аднак, адпаведна, на ўзровень вышэйшым. Чым Маладзечна горшае за Ліду, напрыклад? Крыўдна за горад”. Дыянка.

“Фестываль, я мяркую, павінны быць, як на дажынках (хаця б нешта падобнае), няхай адзін раз у тры гады. А так не зразумееш, для каго гэта праводзіцца, калі народ незадаволены”. Лілія.

4. Пеннай вечарынкі і групы “Ленінград”.

“Ну, прыйшлі людзі, чаго прыйшлі? Паглядзець, што будзе? Не спадабалася, дык што ж ім цяпер сядзець і мерзнуць? Калі не падабаецца выступленне, чаму нехта павінны цярпець? Сабраўся і пайшоў… напрыклад, да сяброў у госці, там, можа, весялей. Навошта навязвацца альбо прымушаць? Людзі не на работу прыйшлі. Выбар, калі падабаецца – глядзіш, не падабаецца – сыходзіш, усё проста. Ну, а калі ўсё, як звычайна, добраахвотна-прымусова, то вось вам і вынік))) Вось калі б пенная вечарынка была ў парку ды яшчэ са святламузыкай, то там быў бы муравейнік)))) Валеры.

“Прыехаў бы “Ленінград”, парку б не хапіла”. Алег.