Наша газета распачынае праект “Простыя рэчы”. Кожны месяц мы будзем распавядаць аб прадметах, якія павінны былі б даўно стаць музейнымі экспанатамі. Але не сталі. Бо як мы ўпэўніліся, і сёння ёсць людзі, якія карыстаюцца імі. Пра такія рэчы і іх гаспадароў мы раскажам у праекце.
Можа, вы, шаноўныя чытачы, засцілаеце падлогу саматканымі бабулінымі палавікамі? Ці рэжаце траву для свойскай жывёлы у сячкарні? А можа нехта цішком тчэ на кроснах?
Тады тэлефануйце нам на нумар 8 (0176) 53-78-06, і мы раскажам вашу гісторыю. Галоўнае, каб ваша рэч не была музейным экспанатам, а і сёння служыла вам па прызначэнні.
А мы пачынаем
У Мікалая Камінскага некалькі сучасных станкоў для галення. Адзін падарыла сям’я, другі – лепшыя сябры, астатнія – нават не памятае адкуль. Галіцца такімі прыладамі прыемна і зручна.
Але часам майму субяседніку хочацца забыцца на ўсе гэтыя цуды сучаснай цывілізацыі. І тады ён дастае небяспечную бацькаву брытву.
– Гэтую прыладу мой бацька Пётр Камінскі, ветэран вайны, прынёс з фронту ў 1946 годзе, – расказвае мужчына, трымаючы небяспечны інструмент. – Яна трафейная, нямецкая.
Як брытва тры дзесяцігоддзі хавалася на столі
Такіх брытваў у бацькі было некалькі, прыгадвае Мікалай. І спачатку ўсе яны ляжалі ў зоне дзіцячай даступнасці. Да пэўнага часу. Бо аднойчы бацькі ўбачылі, як цікаўны сынок небяспечнай прыладай стругае палачку.
Тая брытва сапсавалася назаўсёды, а астатнія бацька пачаў хаваць ад дзяцей высока за бэлькі – драўляныя брусы пад столлю.
Адна з іх, якраз тая, пра якую сёння расказвае Мікалай, так засталася ляжаць там некалькі дзесяцігоддзяў.
Справа ў тым, што у пачатку 1970-х гадоў столь абшылі сухой тынкоўкай. Палічылі, што так будзе прыгажэй. Пра небяспечную брытву забыліся. Яна так і засталася пад столлю. Хоць небяспекі для дзяцей ужо не ўяўляла: усе былі дарослыя.
Вярнуцца да ранейшага выгляду столі гаспадары вырашылі толькі ў пачатку 2000-х. Тады і трапілася знаходка пад адной з бэлек.
Выпрабаванні на вастрыню
Вастрэнне такой брытвы патрабуе доўгага часу, вялікай засяроджанасці і цярпення, расказвае Мікалай. І каб не быць галаслоўным, дэманструе мне ўвесь працэс.
Спачачку прыбор вострыць асялком – спецыяльным дробназярністым, амаль гладкім, бруском. А пасля трэба брытву яшчэ і “даводзіць”.
Для гэтага Мікалай чапляе свой скураны рэмень за кручок у ванне і доўга водзіць па ім лязом брытвы то адным, то другім бокам. Каб атрымлівалася лепш, рэмень мазалі спецыяльнай пастай, прыгадвае Мікалай. Па яго словах, працэс вастрэння і давядзення мог заняць ледзь не цэлы дзень.
Ну вось, справа і скончаная. Але як даведацца, ці дастаткова добра навастрылі брытву? Тут было некалькі спосабаў. Два з іх мне давялося ўбачыць.
Першы спосаб – акуратна правесці лязом па валасах на руцэ. Калі яны зразаюцца і ляцяць у розныя бакі, значыць брытву навастрылі добра.
Другі яшчэ больш цікавы. З галавы адрывалі волас і клалі яго на лязо брытвы. А пасля на валасок трэба было падзьмуць. Калі ён развальваўся на две паловы, значыць, галіцца такой брытвай – адно задавальненне.
Брытва, якую завастрыў Мікалай, прайшла абодва выпрабаванні.
Мыла, кубак, памазок… Што ўваходзіла ў абавязковы “набор” для галення
Паказвае Мікалай і абавязковыя прылады для галення небяспечнай брытвай: памазок, жалезны кубачак, кавалак мыла, люстэрка і газета.
З дзяцінства мужчына памятае, як галіўся бацька, пра што і распавядае мне:
– На стол ставілі невялікае люстэрка, клалі газету. У кубачку размыльвалі памазком кавалак мыла. Пену наносілі на твар. А потым вельмі акуратна (нездарма ж брытву назвалі небяспечнай!) праводзілі па твары лязом. І пасля кожнага разу брытву абціралі аб газету.
Бацька Мікалая з вайны прыйшоў без адной рукі. І заўсёды галіўся самастойна. Гэта вельмі здзіўляла многіх. Бо нават самае простае – нацягнуць скуру на твары ў час галення – ён не мог.
Вастрыў і даводзіў інструмент таксама без дапамогі. Рэмень тады або трымаў у зубах, або заціскаў “куксай” – часткай рукі, якая засталася пасля ампутацыі.
– Небяспечную брытву, – кажа Мікалай, – было нялёгка падабраць. Гэта, як і каса: часам набудзеш новую, а яна не косіць зусім. Так і новая брытва магла быць няўдалай.
У былым Савецкім Саюзе такія прылады выпускалі больш у першай палове 20 стагоддзя. Вядомыя маркі “Усход-2”, “Яхта”, “Дарожная”, “Ракета”.
Тады небяспечныя або клінковыя брытвы карысталіся попытам, імі галіліся і дома, і ў цырульнях. Ад цырульніка галенне небяспечнай прыладай патрабавала вялікага досведу і майстэрства.
Да таго ж брытва была шматразовая, лязо не мянялася. Таму пасля кожнага кліента была неабходная дэзінфекцыя. У хатніх умовах, калі брытвай карыстаўся адзін чалавек, дэзінфекцыя не была такой строгай.
Потым небяспечныя брытвы сталі менш запатрабаванымі, бо з’явіліся станкі.
Пераход ад небяспечнасці да электрычнасці
Ужо ў 1970-х бацька перастаў галіцца небяспечнай брытвай, прыгадвае Мікалай. Спачатку набыў звычайны станок, які называлі “бяспечным”, і на той час шмат мужчын ужо карысталіся ім. А потым прыйшоў з войска зяць і прывёз яму ў падарунак электрабрытву. Упраўляцца з ёй адной рукой было куды лягчэй.
Да пенсіі Мікалай шмат гадоў працаваў ветэрынарным доктарам. Таму небяспечная брытва дапамагала ў працы.
Доктар заўсёды насіў яе ў сваім стэрылізатары. Перад аперацыяй небяспечнай брытвай вельмі зручна было галіць жывёлам поўсць на месцы разрэзу скальпелем.
– Наколькі я ведаю, – дзеліцца мужчына, – гэты інструмент да нядаўняга часу выкарыстоўвалі і вайскоўцы. – Рэч, безумоўна, патрэбная ў сумцы санінструктара. Яна даволі зручная ў палявых умовах: можна і пагаліцца, і першую дапамогу аказаць, калі, напрыклад, хтосьці параніўся і трэба разрэзаць адзенне.
Небяспечная брытва: дзень сённяшні
Сёння дзве кампаніі ў свеце выпускаюць прамысловыя небяспечныя брытвы. Адна з іх у Германіі, другая – у Францыі. Іх брытвы лічаць вельмі якаснымі і выкарыстоўваюць у цырульнях. Сёння небяспечныя брытвы ўсё часцей успрымаюць як сувенір або чарговы экспанат для калекцыі.
…Адзін станок – на тры лязы, другі – на пяць. На ручцы кожнага красуецца назва вядомага брэнда. Аднак калі Мікалай Камінскі хоча звыклую ранішнюю працэдуру ператварыць у сапраўдны рытуал і прыгадаць сваё дзяцінства, ён пачынае вастрыць франтавую бацькаву брытву.