Як адзначаюць распрацоўшчыкі, увесь горад будзе цяпер у кішэні.

– Пакуль у праграму загружана 1400 арганізацый, – расказвае адзін з кіраўнікоў дадатку “Маё Маладзечна” Арцём Грэчка. – Спачатку мы знаходзім інфармацыю пра прадпрыемства альбо арганізацыю ў інтэрнэце, тэлефануем, каб зверыць адрас, тэлефоны. На жаль, у інтэрнэце ёсць не ўся інфармацыя пра арганізацыі горада, таму, магчыма, некаторыя прадпрыемствы можам не ўлічыць. Аднак у дадатку ёсць функцыя “пакінуць заяўку”, кожнае прадпрыемства можа самастойна паклапаціцца пра тое, каб іх дадалі ў спіс. Каля кожнай арганізацыі ёсць значок званка, паглядзеўшы нумар, вы можаце адразу ж патэлефанаваць.

Адзін раз загрузілі – і карыстаецеся

Дадатак распрацоўвала расійская кампанія “Мой горад” паўтара месяца. Тэставую версію спампавалі больш за 50 чалавек. Аднак трэба ўлічваць тое, што каманда, якая працуе над дадаткам, не аб’яўляла, што яго можна спампаваць.

– Зручнасць дадатку ў тым, што першы раз вы спампоўваеце яго з інтэрнэту. Гэта зойме крыху больш часу, чым пры звычайным запуску, – тлумачыць Арцём. – У далейшым дадаткам можна карыстацца без падключэння да інтэрнэту, інфармацыя пра арганізацыі, афіша будуць даступныя. Пры новым падключэнні да інтэрнэту інфармацыя ў дадатку будзе абнаўляцца.

Дадатак можна спампаваць у праграме PlayMarket.

Пакуль над дадаткам працуюць тры чалавекі: Таццяна Новаш, яна напаўняе дадатак, Арцём Грэчка і Георгій Сцепанян працуюць над тым, каб пра дадатак даведалася як мага больш маладзечанцаў, напрыклад, вядуць старонку “Укантакце”, дамаўляюцца з райвыканкамам, каб лагатып дадатку быў на ўсіх магчымых афішах у горадзе.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

Кінулі работу, каб працаваць над дадаткам

Дзеля таго, каб працаваць над дадаткам, Арцём Грэчка і Георгій Сцепанян кінулі работу. Яны працавалі на прадпрыемстве, якое займаецца вытворчасцю дзвярэй.

– Работа прыносіла грошы, аднак не прыносіла душэўнага задавальнення, – дзеліцца Арцём. – Хацелася нечага крэатыўнага, вось і вырашыў кардынальна змяніць жыццё. Праца над дадаткам выпрацавала і такія патрэбныя якасці, як самаарганізацыя. Не чакаеш, што нехта будзе штурхаць у плечы, а сам перамагаеш свае слабасці, у першую чаргу ляноту, рухаешся наперад.

Фота Наталлі Тур.

Фота Наталлі Тур.

Наконт пытанняў адносна выручкі ад дадатку мужчыны смяюцца ў адзін голас.

– Пра гэта пакуль і гаворкі няма, – усміхаецца Арцём. – Пакуль праект праядае нашы грошы, а не мы сілкуемся ад яго. Першапачаткова былі патрэбныя грошы на распрацоўку дадатку, цяпер на яго прамоцыю. У перспектыве думаем пра манетызацыю, аднак не вызначаліся, як будзе акупляць сябе праект.

У планах каманды стварэнне падобнага праекта для іншага горада.

Невідушчы выкладчык з Маладзечна стварыў эпатажны дадатак “Камасутра для невідушчых”

Для Маладзечна і Вілейкі з’явіўся дадатак, які дазваляе даведацца пахвілінны расклад грамадскага транспарту