Сёлета пераможца конкурсу “Міс Маладзечна-2016”Лізавета Данілава скончыла маладзечанскую гімназію №7. Яшчэ год таму самая прыгожая і смелая маладзечанка не вызначылася дакладна, куды будзе паступаць. Пэўнасць была толькі ў тым, што ні ў якую ўстанову, звязаную з харэаграфіяй, не пойдзе. 

Мы сустрэліся з дзяўчынай пасля цэнтралізаванага тэставання па рускай мове, каб пагаварыць пра далейшыя планы.

Адразу ж у вочы кінуліся рукі, размаляваныя чорнай ручкай, пацікавіліся – шпаргалкі рыхтавалі.

– Не, вы што, – усміх­нулася Ліза. – На ЦТ і мыш не праскочыць, не тое, каб шпаргалку пранесці і выняць яе падчас напісання задання. Нават калі б і брала з сабой, пабаялася б даставаць – усё сур’ёзна. А рукі распісала, як выйшла з аўдыторыі, пазначыла пытанні, у якіх сумнявалася, каб спытацца ў рэпетытара.

Не здае чацверты тэст, бо вызначылася са спецыяльнасцю  

Да тэста па рускай мове маладзечанка напружана рыхтавалася цягам года па два разы на тыдзень, апошні месяц перад тэставаннем – тры разы на тыдзень. Акрамя гэтага, заканчвала профільны клас па вывучэнні рускай і англійскай моў.

Хоць Ліза і прызнаецца, што тэст быў складаны і падавалася, што многага не ведае, разлічвае набраць больш за 70 балаў. Таксама будзе здаваць англійскую мову і гісторыю.

Сёлета выпускнікам далі магчымасць здаваць чатыры тэсты, каб атрымаць больш магчымасцяў для паступлення. Аднак Ліза не скарыстала гэты шанец.

– Навошта траціць час, калі дакладна вызначылася, чаго хочаш ад жыцця, якую спе­цыяльнасць плануеш атрымаць, – расказвае выпускніца. – Запаснога аэрадрома не рыхтавала на выпадак, калі не паступлю ў жаданы ўніверсітэт. Ведаю, што ўсё атрымаецца. Тое ж самае тычылася і ўдзелу ў конкурсе “Міс Мала­дзечна”: верыла, што перамога будзе за мной, так і адбылося. Як кажуць, думка – матэрыяльная.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Дзяўчына будзе паступаць у Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт. Калі не пройдзе па балах, будзе спрабаваць у Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт. У далейшым мяркуе працаваць перакладчыцай. Калі ж давядзецца быць настаўніцай, гэта не будзе для яе катаргай, бо любіць дзяцей.

– Тым больш перад вачамі прыклад маёй настаўніцы англійскай мовы Марыны Міхайлавай, – дзеліцца маладзечанка. – Менавіта яна прышчапіла любоў да англійскай мовы, на яе ўрокі хацелася прыходзіць і вучыць нават звыш таго, што задавала. Настаўніца фізкультуры Святлана Тышкевіч – чалавек, які падтрымліваў мяне ў любой сітуацыі, калі даводзілася прапускаць школу, прапаноўвала дапамагчы па вучобе. Увогуле, мне з настаўнікамі вельмі пашанцавала. Калі б не першая настаўніца з другой школы Ала Будрык, не пайшла б вучыцца ў сёмую гімназію.

Прагульвала тыднямі

Фота забяспечанае Лізаветай Данілавай.

Фота забяспечанае Лізаветай Данілавай.

Фота забяспечанае Лізаветай Данілавай.

Фота забяспечанае Лізаветай Данілавай.

Фота забяспечанае Лізаветай Данілавай.

Фота забяспечанае Лізаветай Данілавай.

Дзяўчына прызнаецца, што ў школе не была прыкладнай вучаніцай, асабліва з пятага па сёмы клас.

– Прагульвала, – прызнаецца Лізавета. – Але не ў звыклым сэнсе гэтага слова. Не хадзіла на заняткі, таму што ­ўдзельнічала ў разнастайных харэаграфічных конкурсах. Магла тыднямі на вучобе не з’яўляцца. Але потым наганяла, дзякуй настаўнікам, якія з разуменнем да гэтага ставіліся і дапамагалі ва ўсім разабрацца. 

Выпускніца прызнаецца, што ні на каго з аднакласнікаў не раўнялася. Мама вучыла, што ты не павінна ні на каго глядзець, а заставацца самой сабой і самастойна адказваць за свае ўчынкі.

– Неяк на вучобе атрымала чацвёрку, – расказвае Лізавета. – Ведала, што мама не будзе сварыцца, аднак хацелася паказаць, што лепшая за іншых. Паказваю адзнаку ў дзённіку і гавару: “Але ж у мяне не самая горшая, былі і тройкі!” Мама тады і патлумачыла – адказвай толькі за сябе, іншыя няхай самі адказваюць за свае ўчынкі. Яна вучыла мяне быць індывідуальнай, не такой, як усе.

Выбіраючы ВНУ, глядзела танцавальныя гурткі

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Фота Настассі Роўды.

Выдатніцай дзяўчына не была, трымалася ў залатой сярэдзіне.  Як прызнаецца, ніколі і не імкнулася атрымаць найвышэйшую адзнаку, не марыла пра залаты медаль.

– Калі б не танцы, усё б было ў маіх руках, – дзеліцца былая школьніца. – Я настолькі імі захапілася, што яны сталі маім жыццём. Нават выбіраючы ВНУ, глядзела, якія танцавальныя гурткі яны прапануюць. Таму можна сказаць, што вызначылася не толькі з тым, куды буду паступаць, але і з тым, як буду бавіць вольны час. Мае аднакласнікі атрымалі залатыя медалі, аднак і да цяперашняга часу не магу зразумець, як у іх гэта атрымалася – медалі не даюцца проста. Аднак ведаю, што яны літаральна ўсіх сябе аддавалі вучобе, каб скончыць “на выдатна”.

Дзяўчына адзначае, што ў школе было шмат прыемных, шчаслівых момантаў, якія запомніць на ўсё жыццё. Аднак з большай цеплынёй будзе ўспамінаць лінейку і выпускны. Яна лічыць, што менавіта гэтыя падзеі яшчэ больш з’ядналі з  аднакласнікамі.

Фота забяспечанае Лізаветай Данілавай.

Фота забяспечанае Лізаветай Данілавай.