Актрысу Таццяну Карпец можна сустрэць не толькі на сцэне Мінскага абласнога драматычнага тэатра. Яна не менш таленавіта ўдзельнічае ў розных кірмашах як майстрыха.

Таццяна Карпец робіць сваімі рукамі лялькі, сувеніры, упрыгожванні. Ды яна і сама з задавальненнем носіць завушніцы, калье, брошкі ўласнага вырабу і надзявае іх на адну са сваіх гераінь – Бабу Ягу.

Здольнасці да творчасці, гаворыць Таццяна, у яе ад продкаў.

– Бабуля мая працавала ў арцелі ў горадзе Таруса, вязала пуховыя хусткі. Дзядуля быў мастаком-самавучкам.

Усё дзяцінства Таццяны прайшло ў доме бабулі з дзядулем, дзе на сценах, як кажа актрыса, былі палотнішчы дзеда.

– Калі ён маляваў, то маляваў маштабна. На карцінах былі нейкія дзіўныя пейзажы: лес і рака маглі пераходзіць у пустыню. А яшчэ дзядуля быў скульптарам. Бюст Сталіна яго работы ездзіў у Маскву на нейкі конкурс. Дома на шафе стаяла скульптура Чапаева. А ў двары, сярод курэй і гусей, стаяў свой уласны Ленін ва ўвесь рост.

Мама Таццяны  вышывала.

– Яна мне вышыла такі касцюм, гэта сапраўдны твор мастацтва. Я гляджу на яго і разумею, што такога майстэрства мне ніколі не дасягнуць.

А дзень, калі кавалачкі тканіны і пацеркі з дрэва і керамікі пераўтварыліся ў першую аўтарскую ляльку, Таццяна запомніла.

Было гэта гадоў шэсць-сем таму. Таццяна паехала ў госці да бацькоў. Сустрэла там сваю сяброўку. А тая і кажа: “Ой, я такую ляльку шыю сабе! Цільда завецца!”

– І павяла мяне да сябе. Там я ўбачыла ляльку з анучкі, яшчэ голенькую. Узяла, прыклала да сэрца і такую цеплыню адчула. Тады зразумела: “Я хачу такую ляльку!”.

Сяброўка на нейкай цыраце зрабіла Таццяне выкрайку.

– Я ехала дадому ноч у цягніку і не магла спаць. Думала-думала, як прыеду, з якой тканіны пашыю ляльку. Гэта самы класны перыяд у жыцці, калі жывеш у прадчуванні нечага, чакаеш, хвалюешся. Аж да свярбення ў руках.

З той Цільды і пачалося тое, што і цяпер, бывае, становіцца прычынай бяссонніцы.

– Я стала даставаць розныя абрэзкі тканіны, фурнітуру. Калі з тэатрам едзем на гастролі, я ў першую чаргу іду ў магазін тканіны. На сённяшні дзень я як сапраўдны хамяк нахамячыла сабе запасаў надоўга.

Пасля лялькі Цільды, Таццяне на вочы трапіўся часопіс, дзе быў артыкул пра амерыканскую майстрыху Мэг Ханан, якая рабіла ўпрыгожванні ў тэхніцы міліфіёры.

Міліфіёры – гэта калі кавалачкі тканіны розных колераў і фактуры бяруцца на клей і скручваюцца ў рулон. Затым разразаюцца на бляшкі і далей з іх можна вырабляць, што захочаш: бранзалеты, завушніцы, калье.

Таццяна ў такой тэхніцы вырабляе таксама лялькі-матанкі. Берагіні, як іх называе майстрыха.

– Самае складанае было даведацца, якім клеем замацоўваць гэтыя кавалачкі, бо амерыканская майстрыха трымала гэта ў сакрэце. Але нашы мастакі з тэатра параілі браць 50% клею ПВА і разводзіць яго вадой у такой прапорцыі.

Аднак на адной засвоенай тэхніцы Таццяне спыняцца было сумна. І яна паспрабавала сябе ў японскім стылі – бора.

– Бора – значыць, абрывак. У даўніну ў Японіі такім чынам латалі кімано. А я спрабую так рабіць футаралы для акуляраў, кашалькі.

Аднак, прызнаецца Таццяна, у сцэнічным жыцці ёй амаль не выпадае прымяраць на сцэне свае ўпрыгожванні.

– Я іграю пераважна прыстойных жанчын.

Аднак ёсць адзін персанаж, якому вельмі пасуюць упрыгожванні Таццяны. Гэта Баба Яга – хэндмэйдар з “Казкі пра чырвоную стужачку”.

–  Рэжысёр Алег Чэчанеў, ведаючы пра маё захапленне, прыдумаў для мяне гэту ролю Бабы Ягі -прадпрымальніцы. Яна па сюжэце спектакля вяжа стужачкі на венік і прадае ўтрыдорага. Вось ёй я і прыдумваю розныя вобразы. Яна і можа начапіць нейкія шалёныя завушніцы ці яшчэ як разнастаіць свой гардэроб.

Сама ж Таццяна ў жыцці эксперыментаў не баіцца.

– Толькі аднойчы купіла капялюш з вялікімі палямі. Дык муж сказаў, што яму ніякавата са мной хадзіць. На гэтым спробы стаць прыстойнай жанчынай скончыліся.

У Таццяны таксама вялікая калекцыя кепачак.

– Мама сварыцца. Кажа, ты ж ужо дарослая жанчына, а ўсё у нейкіх пад’яргайках ходзіш. Але я аднойчы вырашыла, што яны мне пасуюць. 

Выпендрывацца, як кажа Таццяна, гэта ў яе з дзяцінства.

– Памятаю, у тыя гады мама купляла часопіс “Гірас-мода”. І там была выкрайка блузона. Я ўзяла свой падлеткавы плашчык блакітнага-блакітнага колеру, раскрамсала яго. А была яшчэ ў нас тканіна, атлас-не атлас, але нешта такое бліскучае. І сшыла з той тканіны і плашчыка блузон – лятучая мыш. І насіла ўсё гэта.

У адзенні Таццяна аддае перавагу стылю боха. 

– Я, бывае, адзяваю сукенку пад шорты. Гля­джу ў люстэрка і думаю: “Ну ты ж прыстойная жанчына, на цябе гля­дзець усе будуць. Спыніся”. І не спыняюся.