Дзіўная і недарэчная гісторыя адбылася днямі на Валожыншчыне.
Жыве ў вёсцы Гілякі, што ў Івянецкім сельсавеце, 54-гадовы мужчына.
І ў таго мужчыны праблемы з алкаголем. Стаіць ён на ўліку, але рэжым парушае рэгулярна.
І вось участковы сабраў на яго дастаткова матэрыялу, каб адправіць на прымусовае лячэнне ў лячэбна-працоўны прафілакторый.
Вось тут і пачынаецца самае цікавае.
За адным з чарговых застолляў прызнаўся наш герой свайму сябру, што не хоча ён ехаць на лячэнне. А той яму вазьмі ды і парай:
– А ты вазьмі і скрадзі што. Цябе асудзяць за крадзеж, пасадзяць на два гады, а тым часам тэрмін ЛПП пройдзе.
Сказана-зроблена!
У той жа вечар праціўнік ЛПП пранікае ў хлеў да суседа і вынес адтуль алюміній, касу і тачку.
Металічныя рэчы здаў, грошы прапіў.
А на заўтра сам прыйшоў у міліцыю і сказаў:
– Я скраў, судзіце мяне.
Але не ўлічыў, што за дробны крадзеж на два гады не пасадзяць.
Вось і атрымалася, што і ў лячэбна-працоўны прафілакторый мужчына абавязаны будзе паехаць. Ды яшчэ з судзімасцю за крадзеж.
Пра гэта “Рэгіянальнай газеце” расказаў старшы следчы Валожынскага РАСК Сяргей Лапцік.