Аргкамітэт прэміі Гедройца-2017 абвясціў поўны спіс намінантаў. Журы будзе разглядаць 27 кніг.

Сярод іх “Сонечны чалавек” Андрэя Дзічэнкі і “1813” Уладзіміра Садоўскага.

Таксама заяўленая кніга Змітра Бартосіка “Быў у пана верабейка гаварушчы”, частку якой склалі падарожжы аўтара па Вілейшчыне. На старонках пісьменнік і журналіст дзеліцца ўражаннямі ад наведвання Суднікоў, Касцяневічаў, Сакалоўкі, Навасёлак.

У сярэдзіне жніўня журы назаве доўгі спіс, які будзе ўлучаць 12 кніг, а ў сярэдзіне верасня – кароткі спіс з шасці найлепшых кніг. Узнагароджанне пераможцаў запланаванае на кастрычнік.

У журы прэміі Гедройца-2017 увайшлі: Міхась Андрасюк, Раіса Баравікова, Альгерд Бахарэвіч, Алена Брава, Павел Касцюкевіч, Ціхан Чарнякевіч.

Прэмію імя Ежы Гедройца ўручаюць ад 2012 года. На яе могуць намінавацца кнігі, выдадзеныя ў папяровым або электронным варыянтах цягам каляндарнага года на беларускай мове ў жанрах “мастацкая проза”, “эсэістыка”.

У 2013 годзе прэмію атрымаў наш зямляк, пісьменнік і палітык Уладзімір Някляеў за кнігу “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без”.

Сярод узнагародаў – магчымасць выдаць кнігу ў Польшчы, літаратурныя стыпендыі і запрашэнні ў еўрапейскія дамы творчасці.