Так пачалося знаёмства маладзечанца Дзмітрыя Шуляка з будучай жонкай гамяльчанкай Святланай Кузьмінскай шэсць гадоў таму ў Гомелі на адным са святаў. Дзмітры ў гэты час вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце транспарту.

– Я ўжо накіроўваўся дадому з мерапрыемства, – з усмешкай узгадвае малады чалавек. – Перада мной ішлі дзве дзяўчыны, і тут адна з іх выпадкова паглядзела назад, нашы вочы ў гэты момант сустрэліся. Убачыў яе карыя вочы – і ўжо не мог адвесці погляд. Як заварожаны працягваў ісці за дзяўчатамі, якія рухаліся на аўтобусны прыпынак. Я напачатку хацеў ісці дадому пешшу, аднак перадумаў.

Не рашыўся б падысці, калі б яна не ўсміхнулася

Фота са старонкі Дзмітрыя Шуляка.

Фота са старонкі Дзмітрыя Шуляка.

Некаторы час малады чалавек проста глядзеў на дзяўчыну і не рашаўся падысці, можа, і не рашыўся, калі б яна не ўсміхнулася. Пасля гэтага асмеліўся: “Прабачце, а мы з вамі выпадкова не знаёмыя?” Было зразумела, што не, аднак завязалася размова і дзяўчына дала свой нумар тэлефона.

На наступны дзень маладыя людзі сустрэліся, а ўжо праз дзень Дзмітры зрабіў прапанову сустракацца.

– Адразу не адказала “так”, сказала падумаю, – узгадвае Святлана. – Аднак Дзмітры не адступаў ад свайго. Калі прайшлі палову парку, прапанаваў прысесці на лавачку, уключыў рамантычную музыку, папрасіў проста памаўчаць і яшчэ раз падумаць над прапановай. Настолькі расчулілася, што пагадзілася. І без гэтага адказала б станоўча, аднак пазней. Ён адразу спадабаўся, проста падумала, што на другім спатканні нядобра пагаджацца, трэба лепш пазнаёміцца.

– А я настолькі асмялеў пасля станоўчага адказу, што спытаўся, ці можна яшчэ пацалаваць, – узгадвае Дзмітры. – Света толькі заўсміхалася. Аднак, як і падчас першай сустрэчы, усмешка надала смеласці.

Як прызнаецца пара, пацалунак падарыў усмешку і акрыленасць, якія застаюцца з парай да сённяшняга дня.

У арміі знайшоў ружу, каб павіншаваць з днём нараджэння

Жыццё падарыла пары не толькі шчасце кахання, аднак і магчымасць праверыць свае пачуцці расстаннем і адлегласцю адзін ад аднаго – Дзмітры на год пайшоў у армію.

– Я быў упэўнены, што Света мяне дачакаецца, – расказвае маладзечанец. – А ў далейшым я зраблю ўсё магчымае, каб яна была шчаслівая, была за мной, як за каменнай сцяной.

У дзень нараджэння Святланы, 13 чэрвеня, у Дзмітрыя была прысяга. Малады чалавек проста не мог ніяк не павіншаваць каханую. Яму ўдалося знайсці ружу. Хаця, як прызнаецца, гэта каштавала вялікіх высілкаў. Святлана вырашыла павіншаваць маладога чалавека з яго днём нараджэння, які 18 чэрвеня, пранікнёныя лістом.

Хацеў зрабіць прапанову, як вернецца з арміі

Фота са старонкі Дзмітрыя Шуляка.

Фота са старонкі Дзмітрыя Шуляка.

Малады чалавек хацеў зрабіць прапанову ў першы ж дзень, як вярнуўся з арміі, аднак цяжка было з грашыма, таму вырашыў адкласці справу да таго часу, пакуль не стане на ногі.

Гэта падзея адбылася сёлета 1 красавіка.

– 31 сакавіка Дзіма пайшоў на дзяжурства, – усхвалявана расказвае Святлана. – Раніцай я ўжо прачнулася, аднак ляжала яшчэ ў ложку. Дзіма падышоў да мяне і даў велікаватую каробку, на якой было напісана “Ты любіш мяне?” Адкрываю, а ўнутры яшчэ тры, аднак меншага памеру, на іх адказы “так”, “не”, “не ведаю”.

– Света ў гэты момант ужо пачала плакаць і казаць, што ведае, што ў адной з іх, – працягвае Дзмітры. – Аднак параіў адкрываць далей. Далей была яшчэ адна каробка з надпісам “Ты хочаш быць са мной?” Унутры дзве каробкі са словамі “так” і “не”. Каробачка са словам “так” была зусім маленькая, таму Света была ўпэўненая, што там пярсцёнак.

– Адкрываю яе: рукі трасуцца, слёзы на вачах, – смяецца Святлана. – Нарэшце атрымліваецца, а там – заціск. Доўга смяялася.

Дзмітры на гэта і разлічваў – гэта ж 1 красавіка. А пакуль любімая дзяўчына смяялася, дастаў з кішэні каробачку з пярсцёнкам і зрабіў прапанову.

Не чакала, што вяселле будзе сёлета

Ілюстрацыйнае фота, AJC.com.

Ілюстрацыйнае фота, AJC.com.

–  Я была ўпэўненая, што ажэнімся з Дзмітрыем, аднак не чакала, што гэта будзе сёлета, – расказвае нявеста. – Меркавала, што ў наступным годзе.

Адразу ж маладыя паведамілі пра радасную падзею бацькам. Маці Дзмітрыя павіншавала сына і ўсмешліва сказала: “Ну, нарэшце, ачалавечышся!” Маці Святланы пачала плакаць – усё такі дачку з роднага дома адпускае.

Маладыя доўга выбіралі дату вяселля, меркавалі распісацца 7 кастрычніка, аднак падумалі – прыйдзецца доўга чакаць, з надвор’ем можа не пашанцаваць. Вырашылі, што лепш 1 ліпеня.

– Дата крыху звязаная з астралогіяй, – тлумачаць маладыя. – Калі скласці дату вяселля з годам, то атрымліваецца лічба 18. Гэта лічыцца спрыяльным часам, тым больш 18 чэрвеня нарадзіўся Дзмітры. А калі 18 раздзяліць на два, то атрымліваецца 9 і 9 – гэта чысло кахання. Распісваюць нас у 13:00. 13 чэрвеня ў Светы дзень нараджэння. І па астралогіі гэта спрыяльны час.

Па знаку задыяку пара – блізняты. Многія гараскопы  ўпэўніваюць, што яны несумяшчальныя, могуць спрачацца з-за дробязяў і кожны будзе перацягваць коўдру на свой бок. У Святланы і Дзмітрыя не так, яны разумеюць адзін аднаго з паловы слова, а ў прыкметы і гараскопы даўно не вераць. Яны нават вясельную сукенку і вэлюм выбіралі разам.

Вясельную сукенку выбіралі разам

Ілюстрацыйнае фота, аstana-wedding.kz.

Ілюстрацыйнае фота, аstana-wedding.kz.

– Галоўнае, каб будучы муж не бачыў цалкам вобраз, – тлумачыць Света. – А Дзіма бачыў толькі мяне ў сукенцы, але не бачыў, як яна глядзіцца з вэлюмам, туфлямі. Таму ўсё будзе добра, не трэба зацыклівацца на забабонах – усё атрымаецца.

Як прызнаюцца маладыя, яны доўга не маглі паверыць, што ім прапануюць выязную рэгістрацыю шлюбу.

– Мы хацелі зрабіць выязную рэгістрацыю, але гэта патрабавала значных фінансавых укладанняў, – тлумачыць Дзмітры. – Вырашылі, што ў ЗАГСе не менш урачыста, а можа нават і больш хвалююча. У адзін з дзён Свеце патэлефанавалі з ЗАГСа і прапанавалі выязную рэгістрацыю ў ратондзе. Яна адразу пагадзілася, але перажывала, што маёй згоды на гэта не будзе. Я чалавек вельмі скрупулёзны і, прыйшоўшы ў ЗАГС, доўга распытваўся, у чым падвох, колькі даплаціць трэба. Не мог паверыць у такі шыкоўны падарунак ад горада ў наш дзень.

Пры гэтым Палац культуры абяцаў аздобіць ратонду і мост самастойна.

На ўрачыстасць можна паглядзець заўтра

Цяпер маладыя хвалююцца перад заўтрашняй урачыстасцю, якая адбудзецца ў парку культуры і адпачынку імя Перамогі ў 13:00, мараць, што гэтак жа адзначаць і залатое вяселле.

– Калі жаніцца, то толькі адзін раз і назаўсёды, на ўсё жыццё быць разам, – абяцаюць маладыя адзін аднаму.

Пасля вяселля пару чакае яшчэ адно выпрабаванне. Знайсці работу Святлане ў Маладзечне. Пакуль яна працуе лабарантам у Гомелі. Калі ж не атрымаецца, то, магчыма, прыйдзецца пераехаць альбо Дзмітрыю ў Гомель альбо разам у Мінск. Але мы з усімі цяжкасцямі справімся, упэўненыя яны.

Фотарэпартаж з урачыстасці глядзіце заўтра, 1 ліпеня, на нашым сайце.

Чытайце яшчэ:

Віляйчанін аднавіў сямейную традыцыю – браць у жонкі дзяўчыну з такім самым прозвішчам (Фота)

Фотасесія каля пажарнай машыны, конкурсы са шлемамі і каскамі – як выратавальнікі адзначалі вяселле ў Маладзечне

Незвычайнае вянчанне на Вілейшчыне: маладыя ў вышыванках і ў вянках з палявых кветак

Вяселле ў маі, у высакосны год, з жоўтымі кветкамі і ў адкрытых туфлях. Маладзечанка здолела пераступіць праз усе вясельныя забабоны (Фота)

Жаніхі, не бойцеся падыходзіць да нявесты падчас першага танца. Парады, якія зробяць рэгістрацыю ў ЗАГСе нястрашнай

«Калі мужчыны даведваліся, што буду разам з жонкай на родах, – паціскалі руку, жанчыны дзівіліся такому жаданню» (Фота)