Захапленне рыбалкай часам параўноўваюць з хваробай. Адкуль яна бярэцца ў людзей? Хто лепшыя рыбакі – мужчыны альбо жанчыны? І ці мірацца паміж сабой муж і жонка з аднолькавымі захапленнямі. Мы распыталіся ў Яўгена і Ірыны Крукоў.

– Я вырасла каля дзвюх рэчак – гэта Альшанка і Бярэзіна, што на Валожыншчыне, – расказвае Ірына. –  Бацька часта рыбачыў, браў і мяне з сястрой. У нашай сям’і не было раздзялення працы, маўляў, гэта работа жаночая, а гэта мужчынская. Рабіць, можа, і не спатрэбіцца, але ўмець усё трэба. Маці расказвала, што да меліярацыі рыбу лавіла кошыкам, так многа было. Я з самага дзяцінства была ўпэўненая: не пай­сці на рэчку і не парыбачыць – гэта ж грэх.

Яўген рыбачыў таксама з дзяцінства, ха­дзіў на сажалку недалёка ад вёскі Мянюткі са старэйшым братам. Але па-сапраўднаму захапіўся гэтым заняткам, калі злавіў некалькі шчупакоў.

– Шчупак – вельмі хітрая і ўпартая рыбіна, – расказвае мужчына. – Калі цягнеш яе, прачынаецца азарт: ты яе да сябе, а рыбіна не паддаецца, упіраецца, стараецца абхітрыць. Таму, калі трапляецца на кручок, пачынаем дзейнічаць разам з жонкай: я цягну, жонка стаіць з сачком, каб адразу перахапіць рыбіну. Аднак не раз было, што шчупак зрываўся. Тады пераглядваемся паміж сабой, шукаем вачамі, хто вінаваты.

Перад рыбалкай не голіцца

Фота забяспечанае Яўгенам Круком.

Фота забяспечанае Яўгенам Круком.

Да таго, калі ехаць на рыбалку, Яўген прыслухоўваецца да Ірыны. Як яна адзначае, у яе ёсць своеасаблівае прадчуванне добрага ўлову.

– Як з’яўляецца прадчуванне, угаворваю мужа збірацца, – дзеліцца Ірына. – Аднак выбіраемся не часта, раз у два-тры тыдні, калі ў бабулі атрымоўваецца пасядзець з дзецьмі.

Прадчуванне дапамагае Ірыне мець і найлепшы ўлоў. У маі злавіла двух судакоў, двух шчупакоў і пяць акунёў. У Яўгена быў толькі адзін акунь.

Напярэдадні рыбалкі ў мужчыны традыцыя – не галіцца.

– Гэта звычка яшчэ са студэнцкага жыцця, – жартуе Яўген. – Неяк перад экзаменам пагаліўся – і не здаў. З таго часу перад значнымі падзеямі не раблю гэтага, рыбалку таксама адношу да знакавай падзеі. Веру, тады ўсё атрымаецца.

Многія жанчыны лічаць, што рыба ў сне – верная прыкмета цяжарнасці.

– Калі верыць гэтым забабонам, то я ўсё жыццё цяжарная, – жартуе Ірына. – Бо часта бачу ў сне рыбу: то яна з рэчкі выскоквае, то плавае ў вадзе. Шчыра кажучы, і не высвятляла, да чаго гэтыя сны.

Зімой не рыбачаць

Фота забяспечанае Яўгенам Круком.

Фота забяспечанае Яўгенам Круком.

На зімнюю рыбалку сям’я не ездзіць, больш падабаецца рыбачыць у цёплае надвор’е. Холадам на рыбалку выбіраўся толькі  Яўген, але не спадабалася: замерзлі рукі, лёска заблыталася – задавальнення не атрымаў.

– Зіма ў нашай сям’і – гэта час падрыхтоўкі да летняга рыбалоўнага сезона, – адзначае мужчына. – Сёлета зімой мадэрнізаваў лодку, зрабіў якар, мяккія сядзенні – усё, каб было зручна рыбачыць.

Сям’я раіць заняцца рыбалкай тым, у каго не хапае цярпення. Гэты занятак дапамагае выпрацаваць такую якасць.

– Бывала, сядзіш усю ноч, а рыба так і не клюе, – зазначае жанчына. – Тады вяртаешся дадому без улову. Затое ўжо адпачыўшы, пасвяжэўшы, з новымі сіламі.

Муж і жонка ўпэўненыя, што дзяцей да рыбалкі трэба прывучаць з дзяцінства – тое, што закладзеш у гэту пару, дасць свае плады ў далейшым.

У сям’і двое дзяцей, старэйшага сына бацька ўжо браў на рыбалку. Як змог самастойна выцягнуць рыбіну, захапіўся.

– Аднойчы дзядуля паабяцаў яму, што на наступны дзень пой­дуць разам рыбачыць, – з усмешкай расказваюць Ірына і Яўген. – Ён навёў гадзіннік на тры ночы і пачаў збірацца. Перапалохаў бабулю з дзядулем – тыя думалі, што нешта здарылася. Сын памятаў, што ездзіў з бацькам рана на рыбалку – на світанні рыба лепш клюе. А дзядуля і не думаў у такую рань падымацца.

Ірыне і Яўгену падабаецца, што ў рыбакоў вельмі спры­яльныя, добразычлівыя адносіны паміж сабой. Спытайся, і рыбакі раскажуць і пра ўлоў, і пра месцы, у якіх клюе, дадуць параду маладому, недасведчанаму рыбаку і, канешне ж, пажадаюць перад пачаткам ні хваста, ні лускі – каб усё атрымалася.

Фота забяспечанае Яўгенам Круком.

Фота забяспечанае Яўгенам Круком.