Падчас раскопак ацтэкскага храма Тэмпла Майар у Мехіка археолагі выявілі вежу з 650 чарапоў, а таксама тысячы іншых фрагментаў чалавечых парэшткаў.
Дыяметр вежы каля шасці метраў. Збудаванне знаходзілася ў куце аднаго з памяшканняў храма, прысвечанага Уіцілапочтлі – ацтэкскага бога сонца і вайны. Да падмурка вежы раскопкі пакуль не дабраліся.
Як распавялі спецыялісты, сведчанні аб “вялікай вежы з чарапоў, якая ўсяляла страх у іспанскіх заваёўнікаў”, захаваліся з часоў Эрнана Картэса – канкістадора, які захапіў Ценачтытлан (цяпер – Мехіка) у 1521 годзе.
Фота reuters.com
Гісторыкі меркавалі, што чарапы належалі захопленым і пакараным воінам – падобныя “курганы” сустракаюцца ў многіх культур дакалумбавай Амерыкі.
Аднак археолагі выявілі, што ў вежы чарапоў многія належалі жанчынам і дзецям.
Як мяркуецца, вежа звязаная з рытуаламі чалавечых ахвярапрынашэнняў, распаўсюджанымі ў ацтэкаў. У прыватнасці, рэгулярных ахвярапрынашэнняў патрабаваў і Уіцілапочтлі – лічылася, што такім чынам бог сонца папаўняе сілы для бітвы з цемрай.
Фота reuters.com
Темпла Майар – найбуйнейшы храмавы комплекс Ценачтытлана. Ён быў пабудаваны каля 1325 года і амаль цалкам разбураны пасля заваёвы горада іспанцамі ў 1521 годзе.
Храм уяўляў сабой падвойную піраміду і быў прысвечаны двум багам: богу сонца Уіцілапочтлі і богу земляробства Тлалоку. У комплекс таксама ўваходзіла вежа, прысвечаная богу ветру – Эакатлю.
Рэшткі ніжняй часткі храма знайшлі падчас работ па пракладцы кабеля ў Мехіка ў 1978 годзе. Першыя раскопкі доўжыліся да 1982 года, цяпер час руіны і музей адчыненыя для наведвання. Працы, у час якіх выяўленыя чарапы, пачаліся ў 2015 годзе.