Завяршыўся другі сезон шоу “Горад”. На працягу некалькіх месяцаў удзельнікі пад прыцэлам тэлекамер праходзілі розныя іспыты, прэзентавалі свае праекты па паляпшэнні гарадской прасторы, выконвалі дамашнія заданні, паступова пакідалі праект.

Напачатку ў шоу было 20 удзельнікаў з 13 населеных пунктаў, яны былі адабраныя больш чым з 200 прэтэндэнтаў.

Сярод праектаў былі такія,  як добраўпарадкаваць двор альбо цэлы раён, стварыць пункт пераразмеркавання прадуктаў харчавання, арганізаваць перасоўны арт-цэнтр на аснове грузавіка, аднавіць храм і іншыя. Маладзечанец Базіната прапанаваў адкрыць галерэю на сметніцы. Нагадаем, што яна не праіснавала і сутак. Як тлумачылі маладзечанцы, што забіралі карціны дадому: “Не месца такой прыгажосці на сметніцы”.

За права паехаць у Бразілію маглі спаборнічаць усе ўдзельнікі, якія паспелі рэалізаваць свае праекты. Іх аказалася чацвёра: Аляксандр Аўдзевіч, Алена Майсюк, Базіната і Марат RGB

Алена Майсюк змагла з дапамогай мясцовых жыхароў, гарадскіх уладаў і камунальных службаў адкрыць зручную, прасторную пляцоўку для сабак.

Аляксандр Аўдзевіч стварыў першы ў краіне інклюзіўны пляж (пляж для людзей, якія абмежаваныя ў перасоўванні) на адным з берагоў Лідскага возера.

Марат RGB зрабіў арт-грузавік. Ён утрымлівае калекцыю з 20 работ сучасных беларускіх вулічных мастакоў, большасць з якіх ствараліся на вуліцах. Работы можна ўбачыць падчас руху грузавіка па вуліцах Мінска і не толькі.

Базіната адкрыў галерэю на сметніцы. Журы вырашыла, што ён больш за ўсіх дастойны пазнаёміцца з бразільскім урбанізмам, прымяніць гэты досвед на практыцы.

Паводле прэс-рэліза шоу “Горад”.