42 гады таму віляйчанка Зінаіда Каган (цяпер Галавенка) была адзінай медалісткай  не толькі ў сваім класе, але і ў паралелі. Якіх высілкаў каштавала атрымаць залаты медаль у савецкі час? Ці было рашаючым, што скончыла школу “на выдатна”? Мы і пагаварылі з ёй.

Жанчына скончыла сярэднюю школу №1 у Вілейцы. Як яна адзначае, лёгка было вучыцца толькі ў першых класах, бо была цалкам падрыхтаваная. Мама, Валянціна Піліпаўна, працавала настаўніцай пачатковых класаў, а затым гісторыі, таму навучыла чытаць, пісаць.

У класе сябрамі былі ўсе, бо давала спісваць

Выпускны альбом.

Выпускны альбом.

А вось у старэйшых класах было цяжэй. Лёгка даваліся мовы, алгебра, падабалася вялікімі формуламі арганічная хімія. Геаметрыя і фізіка ішлі цяжэй. У пятым класе за першую чвэрць атрымала тры чацвёркі: па геаграфіі, фізкультуры і  працоўным навучанні.

– Настаўніца геаграфіі Варвара Азарэвіч была вельмі патрабавальная, – узгадвае Зінаіда Львоўна. – Мяне чамусьці выклікала на кожным уроку. Аднак адзін раз паставіць пяцёрку, а другі – тройку, хаця я і рыхтавалася дома.

У другой чвэрці ўдалося выправіць адзнакі на пяцёркі. Тады ж дакладна вызначылася, што хоча стаць настаўніцай – як мама. Паўплывала на рашэнне і  настаўніца англійскай мовы Надзея Фясенка. Пасля яе ўрокаў вырашыла, што будзе настаўніцай англійскай мовы.

– Хутчэй за ўсё, была зубрылкай, – дае сабе ацэнку віляйчанка. – Аднак з класам адносіны склаліся добрыя. Са мной сябравалі ўсе, бо давала спісваць.

Акрамя вучобы дзяўчына ўдзельнічала ў спартыўных спаборніцтвах. Да дзявятага класа вучылася ў музычнай школе. Скончыла яе толькі з адной чацвёркай. Але год пасля заканчэння не падыходзіла да фартэпіяна – не хацелася іграць.

– Малодшая сястра, Вольга, таксама некаторы час займалася ў музычнай школе,  – расказвае жанчына. – Аднак гэты занятак быў ёй не па душы. 

Была першай медалісткай у сям’і

З медалём.

З медалём.

У старэйшых класах бацькі Зінаіды ведалі, што дачка прэтэндуе на медаль, пад­штур­хоў­валі: “Трэба старацца, каб без чацвёрак, – бу­дзе сорамна, калі не атрымаеш”.

– Але скончыць школу на пяцёркі было не проста, – расказвае жанчына. – Цяпер экзамены пасля школы толькі па чатырох прадметах, тады здавалі ўсе: некаторыя – пісьмова, некаторыя – вусна. Гэта ўжо пасля колькасць экзаменаў пачалі скарачаць.

Аднак усё атрымалася, яна была адзінай выдатніцай у паралелі і першай у сям’і, хто скончыў школу з залатым медалём. Праз чатыры гады подзвіг паўтарыла сястра. Аднак у яе выпуску яна была не адзінай медалісткай.

Вучылася так, каб атрымаць стыпендыю

Партрэт Зінаіды Каган з выпускнога альбома.

Партрэт Зінаіды Каган з выпускнога альбома.

Зінаіда Каган са сваім партрэтам.

Зінаіда Каган са сваім партрэтам.

Медаль дапамог пад­час паступлення – здавала толькі адзін экзамен.

Бацька марыў, што дачка будзе доктарам, мама спыняла – няхай сама вызначыцца. Медыцыну нават не разглядала – баялася крыві. З часам  бацька звыкся, што будзе настаўніцай, супакойваў сябе: “Добра, што хоць настаўніцай англійскай мовы, хоць паўкласа сшыткаў правяраць”.

– У інстытуце не імкнулася скончыць “на выдатна”, – расказвае жанчына. – Галоўнае, атрымаць стыпендыю, бо ў адваротным выпадку было б сорамна перад бацькамі. Часам атрымлівала павышаную, але ў большасці – сярэднюю. Плацілі тады 40 рублёў. Гэтых грошай хапала, каб купіць  французскую касметыку Lancome, схадзіць у тэатр – не прапускалі ні адной прэм’еры, і на харчаванне.

У Вілейцы ўгаварыў застацца бацька

На пятым курсе жанчына выйшла замуж, таму атрымала свабодны дыплом. Муж, Ула­дзімір, скончыў факультэт перакладаў. Яго размеркавалі ў Бангладэш, там сям’я правяла два гады. Пасля жанчына вярнулася ў Вілейку да бацькоў, муж прыехаў праз год.

– Вырашалі, дзе далей жыць, куды ўладкавацца на працу, – расказвае віляйчанка. – Меркавалі, што ў Мінску больш перспектыўна, аднак бацька ўгаварыў застацца тут. У 70-х гадах залілі вадасховішча, працаваў завод “Зеніт”, планавалася, што праз Вілейку будзе хадзіць электрычка – горад лічылі перспектыўным. Паддаліся на ўгаворы бацькі, так і засталіся тут.

У Вілейцы муж Зінаіды Львоўны не знайшоў работу па спецыяльнасці, атрымаў другую вышэйшую адукацыю інжынера-механіка, працаваў на рамонтным заводзе.

Зінаіда Львоўна да дэкрэтнага адпачынку і некалькі месяцаў пасля працавала ў дзіцячым садку.

– Аднак мне вельмі хацелася вярнуцца настаўніцай у родную школу, – расказвае педагог. – Прыйшла да дырэктара, прынесла неабходныя дакументы, і той з задавальненнем узяў мяне. Фактычна толькі два разы ў жыцці сыграў сваю службу медаль: пры паступленні і ўладкаванні на працу.

Сын і дачка Зінаіды Львоўны, Аляксей і Ганна, таксама скончылі школу з залатымі медалямі.

– Сын імкнуўся атрымаць яго, хлопцу важна, каб яго лічылі лепшым, – расказвае маці. – А вось дачка, наадварот, казала, навошта той медаль. Як аказалася, медаль быў рашаючым пры яе паступленні. Ва ўніверсітэце быў конкурс чатыры чалавекі на месца, выбралі маю дачку, бо скончыла школу з медалём.

Зінаіда Львоўна адзначае, што калі яна заканчвала школу, медаль меў большую вагу. Цяпер у большасці выпадкаў лёс абітурыентаў рашае тэставанне.

– Сёлета дзяўчына, у якой я была класным кіраўніком, скончыла школу з залатым медалём, – дзеліцца настаўніца. – Калі ў яе спыталіся, навошта ёй патрэбны медаль, яна адказала, што ў першую чаргу яна самой сабе даказала, што можа яго атрымаць, можа скончыць школу “на выдатна”.

Пра сучасную і савецкую сістэмы адукацыі

– Мы былі вельмі заціснутыя. Сучасныя дзеці не баяцца выказваць свае думкі, памыляцца. Сённяшняя сістэма адукацыі дае больш магчымасцяў для дзяцей: хочаш вучыць мову – калі ласка, можна завесці сяброў у інтэрнэце, кантактаваць з імі па-англійску, ездзіць за мяжу. Аднак нельга сказаць, што тая альбо іншая сістэма лепшая, яны розныя.

Пра цяперашніх выпускнікоў ВНУ

–  Настаўнікі замежных моў прыходзяць вельмі падрыхтаваныя, – адзначае Зінаіда Львоўна. – Аднак трэба зазначыць, што педагагічная адукацыя заўсёды была вельмі якасная. І гэта тычыцца не толькі ВНУ, але і каледжаў. Зімой у мяне была практыкантка з Полацкага дзяржаўнага каледжа, яна таксама паказала сябе вельмі добра. Іншая справа, маладыя спецыялісты надоўга не затрымліваюцца ў школе, знойдуць лепшую работу і… сыходзяць.