Сёння ў якасці спецыяліста ўдзельнічае сацыяльны педагог гімназіі №3 Марына Галашумава. У якасці сведак аднакласнікі Вікі, дзеці прыйшлі з бацькамі.

“Некаторыя пайшлі групкамі, некаторыя засталіся збіраць бульбу”

14-гадовыя Трафім Канапелька і Міхаіл Лукша расказалі, што перад тым, як ехаць на бульбу, у клас прыйшоў сацыяльны педагог і склаў спіс жадаючых. Затым ён разам з класным кіраўніком растлумачылі правілы паводзінаў на полі.

На поле прыехалі на аўтобусе. Падышлі да нейкага мужчыны, ён паставіў дзяцей на градкі. Як скончылі збіраць бульбу, пайшлі да аўтобуса.

Міхаіл Лукша адзначыў, што затрымаўся на полі, ішоў ззаду ад іншых дзяцей, за ім ішлі настаўнікі, момант наезду на Віку не бачыў.

– Некаторыя пайшлі невялікімі групамі, некаторыя засталіся збіраць бульбу, – расказаў хлопчык. – Потым настаўнікі ўсіх сабралі і павялі. Як машына наехала на Віку не бачыў, пра здарэнне даведаўся ад аднакласнікаў, калі падышоў да іх.

Трафім адзначыў, што Віка была ў метрах 15 ад яго, машыну яна не бачыла, ішла спакойна.

– Я ўбачыў, што машына едзе, пачаў крычаць, – узгадаў школьнік. – Не ведаю, ці пачула яна мяне.

На пытанне абвінавачвання, ці была ў вушах Вікі вата, хлопчык адказаў, што напэўна, з’явіліся пасля абеду.

Хлопчык засведчыў, што настаўнікі ў момант наезду былі бліжэй да чыгункі.

Сказалі не лезці на машыны і не кідацца бульбай

Аднакласніца загінулай Вікі Паліна Чаўлытка пра адпраўку на бульбу расказала наступнае:

– Патлумачылі, што будзе акцыя “Дапамажы сабраць ураджай”, патрэбныя былі дабравольцы. Сабралі 11 чалавек. Сказалі, што будуць машыны, таму не трэба лезці на іх і не трэба кідацца бульбай.

Дзяўчынка адзначыла, што пасля працы ішлі да аўтобуса і збіралі бульбу. Рэчы дзяцей былі на другім канцы поля каля дрэва.

– Віка вярталася за сваімі рэчамі, таму адарвалася ад нас, – патлумачыла школьніца. – Мы ўбачылі, што вельмі хутка на яе едзе машына, пачалі ёй крычаць, але яна не рэагавала. Усё было хутка, мы б не змаглі яе выратаваць.

Дзяўчынка адзначыла, што яна з іншымі дзецьмі хацела падысці да Вікі, аднак яны спалохаліся, таму першым падышоў настаўнік-мужчына, а затым пабеглі настаўніцы з іх школы.

“Калі ішлі да аўтобуса, Віка крыху адышла ўправа”

Аднакласніца Віка Грышукевіч адзначыла, што пра адпраўку на бульбу сказала Ала Савіцкая. Дзяцей запісалі, сказалі, як сябе паводзіць. Калі запісвалі Віку, настаўніца спыталася, ці адпусціць яе мама, яна сказала, што так.

– Прыехалі на поле, папрацавалі, паабедалі, – узгадвае дзень трагедыі Віка Грышукевіч.– Калі ішлі да аўтобуса, Віка крыху адышла ўправа. Пасля я пачула крыкі “Віка, стой!” Потым мы ўбачылі, што Віка ляжыць.

Дзяўчынка бачыла, як праязджала машына, настаўнікі ў момант трагедыі былі недалёка ззаду.

– Бліжэй за ўсіх да Вікі была аднакласніца Паліна, – расказвае школьніца. – Потым падбег настаўнік з іншай школы, нашы настаўнікі адразу пасля яго.

“Думалі, што Віка проста звалілася”

14-гадовая Марына Астравух адзначыла, што пра бяспеку асабліва не расказвалі, гаварылі проста быць акуратнымі. Дзяўчынка не заўважыла, дзе былі настаўнікі ў момант наезду, аўтамабіля не чула, бачыла яго толькі, калі праехаў міма іх.

– Мы ўбачылі, што Віка ляжыць на зямлі. Думалі, што проста звалілася. Пасля падышоў мужчына і выклікаў хуткую, – аднавіла падзеі таго дня дзяўчынка.

“Што на полі былі школьнікі, даведаўся толькі пасля здарэння”

Сведка Аляксандр Жыгарэнка, які працаваў на момант трагедыі дырэктарам “Усход Агра”, адзначыў, што было рашэнне райвыканкама, каб да ўборкі бульбы далучаліся арганізацыі. Дамовы з імі не заключалі – гэта была шэфская дапамога.

– Пра тое, што на полі былі школьнікі, даведаўся толькі пасля здарэння, – патлумачыў сведка. – У спісе, які мне далі значыўся аддзел адукацыі.

На полі мужчына быў раніцай, а потым прыехаў, калі паведамілі пра здарэнне. Расказаў, што за час яго працы да ўборкі бульбы дзяцей прыцягвалі толькі гадоў шэсць-сем гадоў таму.

Пры педагогу-арганізаты гутарку па тэхніцы бяспекі не правозілі

На педагога-арганізатара Алу Савіцкую намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Дзяніс Курэц усклаў абавязак сабраць вучняў 10-11 класаў. Там сабралася толькі 10 чалавек.

Дзяніс Курэц накіраваў педагога ў 8 “А” клас. Там Ала Савіцкая запісала тых, хто хацеў паехаць. Намеснік дырэктара сказаў, што гутарку па тэхніцы бяспекі правядзе сам. Пры настаўніцы гутарку не праводзілі.

Бацька школьніка не пусціў яго на бульбу, ён не паслухаўся і паехаў

Сведка Кірымаў не з’явіўся ў суд, бо адпачывае ў Баку. Яго паказанні зачыталі на судовым пасяджэнні.

Хлопчык вучыўся з Вікай з першага класа. На ўроку рускай мовы да іх у клас прыйшла Ала Уладзіміраўна. Сказала спытацца ў бацькоў, ці адпусцяць на бульбу. Хлопчыку бацька не дазволіў паехаць, аднак, як ён адзначыў, не паслухаўся і паехаў.

Падчас уборкі бульбы мужчына паставіў дзяцей на градкі. Пасля працы дзеці вярталіся групамі, Віка чамусьці пайшла па дыяганалі. Потым хлопчык пачуў крык “Адыдзіся!” Ён павярнуў галаву і ўбачыў, што Віка ляжыць тварам уніз, ногі яшчэ рухаліся. Пакуль прыехала хуткая, дзяўчынка памерла.

Аб’яўлены перапынак да 14:15.