Пасля перапынку пачалі распытваць аднакласніка Івана Яцкевіча.

Хлопчык расказаў, што да іх у клас прыйшоў Дзяніс Георгіевіч Курэц і сказаў, што патрэбныя дабравольцы, каб паехаць на ўборку бульбы. З класным кіраўніком яны патлумачылі, што трэба быць асцярожнымі, сачыць за машынамі.

Калі дзеці з 11 школы прыехалі на поле, ўжо ўбіралі бульбу дзеці з іншых школ. Настаўнікі падчас працы глядзелі за школьнікамі, дапамагалі збіраць бульбу.

– Пасля працы мы ішлі ўтраіх: наперадзе Папчэня з аднакласнікамі, – узгадаў аднакласнік. – Потым Віка адышла ўправа па дыяганалі за рэчамі. Я пачуў машыну, яна ехала ззаду справа ад яе. Пачаў крычаць Віцы, яна азірнулася, але не адбегла. Відаць, рэакцыя не спрацавала. Калі ўсё здарылася, настаўнікі прыбеглі хутка.

Хлопчык сказаў, што быў прыблізна ў метрах 15 ад Вікі.

– Яна, напэўна, задумалася пра нешта сваё, так часта было раней, – рэзюміраваў Іван.

Звярнулі ўвагу, што нешта здарылася, калі ўбачылі натоўп

Выпускнікі 11 школы і дзясяцікласнікі, якіх распытвалі ў судзе, патлумачылі, што моманту наезду на дзяўчынку не бачылі. Яны сабралі сабе бульбу, бо дазволілі настаўнікі, і ішлі чакаць аўтобус. На полі заставаліся васьмікласнікі і настаўнікі.

Звярнулі ўвагу, што нешта здарылася, калі на полі пачаў збірацца натоўп.

Наконт таго, ці праводзілі інструктаж дзеці адказваюць, што іх папярэджвалі, каб былі асцярожнымі і не кідаліся бульбай.

Адпраўлялі на бульбу тых 11-класнікаў, якія не былі задзейнічаны ў дні самакіравання.

Аб’явілі перапынак да заўтра, 7 ліпеня, да 10:00.