Бусліны клёкат над сялянскай хатай
Мой родны край з дзяцінства дарагі,
Ці не таму ён ноччу часта сніцца
І, як буслам, не трэба мне другі.
Юрась Церабун.
Светлай памяці вядомага беларускага мастака
Кастуся Іванавіча Харашэвіча.

Багатая на таленты наша зямля, але, на вялікі жаль, многіх з іх ужо няма з намі.

Узгадваецца адна з рэспубліканскіх выстаў у Палацы мастацтваў, на якой экспанаваўся твор Кастуся Харашэвіча “Краявід з электрацягніком”.

Убачыўшы, што я затрымаўся каля гэтага палатна, да мяне падышоў мастак тэатра і кіно графік Міхась Андрэевіч Карпук.  З ім мяне пазнаёміў брат, скульптар Уладзімір Церабун. Ён высока ацаніў творчасць Кастуся Харашэвіча і яго мастацтва.

Потым прапанаваў апусціцца на паверх ніжэй і ў раздзеле графікі паглядзець на яго творы.

Тры графічныя творы выкананыя алоўкам, сангінай і соусам, мне вельмі спадабаліся. Міхась Андрэевіч атрымаў добрую адукацыю. Закончыў Мінскае мастацкае вучылішча і Маскоўскі паліграфічны інстытут. Прыемна было чуць цёплыя словы пра нашага мастака Кастуся Харашэвіча ад вядомага графіка.

Адкрыццё рэспубліканскіх выстаў было заў­сёды ўрачыстае і прыгожае. Збіралася амаль уся мастакоўская эліта рэспублікі. Нашы пані Ядзя (Ядвіга Раздзялоўская – “РГ”) і Кастусь Іванавіч гутарылі са сваімі калегамі і разглядалі творы.

Я  заўсёды любаваўся самімі творцамі.

Прыгожы бант замест гальштука ў скульптара Заіра Ісакавіча Азгура. Строгі на выгляд Андрэй Ануфрыевіч Бембель, Леанід Дзмітрыевіч Шчамялёў у сваім джынсавым касцюме з шырокім скураным поясам выглядаў як юнак, хоць і быў франтавік.

Міхаіл Андрэевіч Савіцкі хадзіў па выставе з цыгарэткай, устаўленай у муштук, і курыў.

У сваім жыцці ён перажыў канцэнтрацыйныя лагеры смерці, аб чым сведчыць цыкл яго твораў “Лічбы на сэрцы”.

Нінэль Іванаўна Шчасная са сваім ажурным белым шалікам на плячах і графік Алена Ануфрыеўна Паслядовіч выглядалі прыгажунямі.

У той час амаль што не было столькі дзядзькаў з бародамі, як сёння.

Каб любавацца мастацтвам, трэба аб ім было хоць нешта ведаць. Даводзілася ездзіць у Мінск на лекцыі мастацтвазнаўцы Алега Рыгоравіча Ойстраха. Яго і цяпер можна пачуць на радыёканале “Культура”.

Беларускі дзяржаўны мастацкі музей, кніжкі па мастацтве, якія мне даваў брат, былі асноўнай школай у маім жыцці.

Кастусю Іванавічу я ніколі не казаў, што час ад часу малюю. Ён лічыў мяне проста фатографам. Бывала, прасіў прыйсці ў майстэрню сфатаграфаваць некаторыя  творы.

Ніколі не даводзілася бачыць, як ён працуе, і раскладку колераў на яго мастакоўскай палітры.

Раннія творы Кастуся Харашэвіча, выкананыя ў класічнай, традыцыйнай манеры жывапісу, былі вельмі дасканалыя.

І вось з’яўляюцца яго велізарныя дрэвы-волаты, цёмнае неба з кантрасна-светлымі хмарамі і вясковыя хаты. Велічна, натхнёна і манументальна гучыць кожны яго твор. Ён знайшоў сябе і стаў не падобным ні на каго.

Дарогі, палі, узгоркі, стажкі, іржышча, сялянскія двары, цэрквы, ветраныя млыны – усё гэта можна ўбачыць на яго палотнах.

Мастак нічога не стварае з фатаграфічнай дакладнасцю, нават партрэты і тыя стылізаваныя. Сярод іх Францішак Багушэвіч, Генадзь Каханоўскі, Мікола Ермаловіч, Барыс Кіт, Юрась Герасіменка-Жызнеўскі, групавы партрэт “Гарадзілава. Маладосць маіх бацькоў”. Карціна, на якой партрэты бацькоў Кастуся Харашэвіча – Янкі і Веранікі Харашэвічаў.

У яго майстэрні па Вялікім Гасцінцы даводзілася бываць даволі часта па запрашэнні мастака.

Калі ты прыходзіш, творца адкладае ў бок пэндзаль, а некаторыя нават накрываюць твор на мальберце. Так ужо заведзена ў мастакоўскім асяроддзі.

Вялікі мастак Пабла Пікаса казаў: “Я адпачываю, калі працую, і стамляюся, калі прымаю гасцей”.

Па творах у майстэрні і на выставах разумеў, што Кастусь Іванавіч выкарыстоўвае не больш за чатыры колеры. Гэта блакітны, жоўты, залацісты. Вельмі любіў цёмную карычневую і чорную фарбы. Недзе прысутнічаюць і бялілы, бо без іх не абысціся, напрыклад, у хмарах на драматычна цёмным небе.

У спалучэнні гэтых фарбаў дасягае незвычайнага эфекту і гармоніі колераў, каларыту і ўласцівага толькі яму стылю, які распазнаецца здаля.

Часта скардзіўся на сучасныя фарбы, немаведама з чаго зробленыя. Цюбік ціснеш, ціснеш, вадкасці шмат, а фарбуючага пігменту кропелька, ды і каштуюць не танна. На пенсію шмат не купіш.

Не магу без хвалявання чытаць яго кніжку “Зведанае і перажытае”. Кніжка выйшла пад рэдакцыяй Міхася Каз­лоў­скага і выдадзеная  ў 2004 годзе. Таленавіты мастак і ўсебакова эру­дзіраваны чалавек не змог атрымаць вышэйшую адукацыю. Віной усяму была вучоба ў Маладзечанскай гандлёвай школе ў час вайны і ў гады нямецкай акупацыі. У ёй выкладаў прызнаны ва ўсім свеце сёння акадэмік астранаўтыкі Барыс Уладзіміравіч Кіт. Яму 107 год, жыве ў Германіі.

У кніжцы Лідзіі Савік “Космас беларуса” пра Барыса Кіта друкуюцца ўспаміны нашага незабыўнага Кастуся Харашэвіча.

Ганаровы грамадзянін Маладзечанскага раёна Уладзімір Калачык вучыўся ў Барыса Кіта матэматыцы ў Лебедзеўскай сярэдняй школе.

Уладзімір Калачык быў добра знаёмы з Кастусём Харашэвічам і яго бацькамі.

Агульным сябрам Уладзіміра Міхайлавіча і Кастуся Іванавіча быў дыпламатычны работнік Пётр Кузьміч Краўчанка. Іх сяброўства доўжылася шмат гадоў. Кастусь Іванавіч вельмі ганарыўся кніжкай Пятра Краўчанкі “Як я стаў дыпламатам” і асобныя моманты зачытваў нам пры гутарках у майстэрні.

Двойчы давялося быць на дачы Харашэвічаў ля маладзечанскага Гарадка. Усё зроблена прыгожа і па-гаспадарску. Сад, дагледжаны агарод,  цяпліца з металічным каркасам і цалкам са шкла. Гаспадарчая пабудова, бо хлявом гэта не назавеш.

Там ёсць летняя кухня і творчая майстэрня, вальер, дзе жывуць і гуляюць куры. Вальер з усіх бакоў і верх абцягнутыя сеткай ад каршуноў. У канструкцыі задзейнічаныя дрэвы, што растуць побач з дачай. Прыгожа і ў цяньку.

Каля ўтульнага і вельмі прыгожага дома гаспадар зрабіў невялічкі басейн для рыбак, за якім можна назіраць. Там растуць водарасці і зроблены гроцік, куды рыбкі могуць схавацца. Уся канструкцыя аздобленая камянямі. Твор мастацтва ды і толькі.

Звычайна мы наведвалі дачу ў дзень нара­джэння, 6 ліпеня. Мікола Аўчыннікаў, мастак, Рыгор Мяжуеў, мастак і кіроўца і я, аператар і кіншчык.

У хаце была радня, сястра Маргарыта і дачныя суседзі.

Жонка Кастуся Іванавіча Надзея Рыгораўна, былая настаўніца, яго верная спадарожніца па жыцці, з дачнага агароду стварала гасцям прыгожы купецкі стол, нават шкада было разбураць гэтыя кампазіцыі, каб іх з’есці. Было ўсё: бульба, чарка, скварка і прыгожыя словы.

Кастусь Іванавіч прасіў не жадаць яму сто год жыцця, бо такое бывае не часта, ды яшчэ з хворым сэрцам.  Прасіў толькі, як ён казаў: “На мінімальную дыстанцыю, дажыць да наступнага дня нараджэння”.

Мне пашчасціла зняць на відэакамеру некалькі сюжэтаў на дачы, у майстэрні, доме-музеі Янкі Купалы ў Яхімоўшчыне, куды мастак падарыў свае творы.

З лёгкасцю, без усякіх паўтораў, запісалі на камеру ўспаміны Кастуся Харашэвіча пра Ядвігу Раздзялоўскую і Юрася Герасіменку-Жызнеўскага.

Здымаць мастака адно задавальненне. Прыгожы твар, белыя валасы, прамовы, выбудаваныя па форме і змесце, і ніякай блытаніны ў тэксце. Талент – ён талент ва ўсім.

Тэма Радзімы і Бацькаўшчыны святая для кожнага творцы.  50 год таму паэт Алесь Ставер падарыў мне машынапісны тэкст свайго верша “Жураўлі на Палессе ляцяць”, дадаўшы, што Ігар Міхайлавіч Лучанок павінны напісаць музыку.

 “Каб любіць Беларусь нашу мілую, трэба ў розных краях пабываць, зразумееш тады, чаму з выраю, жураўлі на Палессе ляцяць”… Які глыбокі сэнс у гэтых таленавітых радках. Ганаруся тым, што быў добра знаёмы з Алесем Сяргеевічам Ставерам. А калі гэту песню выканаў вакальна-інструментальны ансамбль “Песняры” пад кіраўніцтвам Уладзіміра Мулявіна, яна стала неўміручай.

Вось такую неўміручасць сваім жывапісным творам надаў наш мастак патрыёт Беларушчыны і роднага краю Кастусь Іванавіч Харашэвіч.

Ім напісана больш за 500 жывапісных твораў, графікай жа не займаўся.

Ён казаў: “Мая зброя – колер”. Сярод твораў: “Выступленне Браніслава Тарашкевіча перад сялянамі Заходняй Беларусі”, “Кастусь Каліноўскі”, “Паўстанне рыбакоў на возеры Нарач”, “Вязынка. Хата Янкі Купалы”, “Мой родны кут”, “Лета ў Яхімоўшчыне”, “Каля млына”, “Пушча”,  “Завулак у Вільні”, “Пахмурны дзень у Івянцы”, “Гасцінец”, “Дарога ў Гальшаны” і шмат іншых.

Кастусь Харашэвіч нарадзіўся 6 ліпеня 1927 года ў вёсцы Літва Маладзечанскага раёна. У 1958 годзе закончыў Мінскае мастацкае вучылішча. Ад 1962 года ўдзельнічаў у рэспубліканскіх мастацкіх выставах. У 1969 годзе прыняты ў Саюз мастакоў. Уваходзіў у склад мастакоўскай суполкі “Пагоня”. У 1999 годзе быў узнагароджаны медалём Беларускага Саюза мастакоў “За заслугі ў выяўленчым мастацтве”.

Імя Кастуся Харашэвіча занесенае ў сусветную энцыклапедыю сучаснага мастацтва. У 1999 і 2003 гадах прысуджаная спецыяльная прэмія “Талент” Мала­дзечанскага гарадскога выканаўчага камітэта ў намінацыі “Мастак года”.

Творы мастака захоўваюцца ў мастацкім фондзе і Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі, музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, Дзяржаўным літаратурным музеі Янкі Купалы, Мінскім абласным краязнаўчым музеі ў Маладзечне, а таксама ў прыватных калекцыях за межамі Беларусі.

Кастусь Іванавіч добра валодаў многімі музычнымі інструментамі, працаваў настаўнікам малодшых класаў, меў талент паэта і пісьменніка. Мог з дакладнасцю запілаваць рамку і аформіць любы свой твор, акрамя гэтага быў заўзяты рыбак.

Калі чалавек нара­дзіўся таленавітым, ён мастак ва ўсім. І трэба заўсёды памятаць, што яму богам дадзена больш, чым нам.

Кастусь Харашэвіч – гонар не толькі Мала­дзечаншчыны, але і ўсёй роднай Беларусі.